ВЕРХНЯКА́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАЛІ́ЙНЫХ СО́ЛЕЙ,
у Пермскай вобл. Расійскай Федэрацыі. На левым беразе р. Кама, паміж р. Вішара на Пн і р. Яйва на Пд. Саляныя пароды прадстаўлены лінзападобным пакладам, выцягнутым з Пн на Пд на 200 км, шыр. да 50 км, пл. 6,5 тыс. км². Саляносныя адклады ніжняй і верхняй пярмі. Паклад калійных солей мае працягласць 136 км, шыр. да 40 км, пл. 3,5 тыс. км². Радовішча адкрыта ў 1925, распрацоўваецца з 1933. Прамысл. запасы 3,8 млрд. т (сільвініт, карналіт і інш. солі), перспектыўныя 15,7 млрд. т. Цэнтры здабычы — г. Беразнікі, г. Салікамск. Калійныя солі выкарыстоўваюцца для вытв-сці ўгнаенняў.
т. 4, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУДАЎНІ́ЧАГА КА́МЕНЮ,
за 0,7 км на Пд—ПдЗ ад в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. — адзіны пункт на Беларусі, дзе крышт. фундамент выходзіць на паверхню. Паклад належыць да верхняга архею — ніжняга пратэразою і прымеркаваны да паўн. ч. Украінскага крышталічнага шчыта. Карысныя выкапні: дробна-, сярэдне-, і буйназярністыя граніты і гранадыярыты, біятытавыя і біятытава-плагіяклазавыя гнейсы. Разведаныя запасы 10.3 млн. м³, перспектыўныя 5,6 млн. м³. Ускрышныя пароды — пяскі, супескі, кара выветрывання і выветраныя крышт. пароды магутнасцю 1,4—9 м. Карысная тоўшча і ўскрышныя пароды абводненыя. Граніты, гранадыярыты і гнейсы прыдатныя на выраб друзу і як напаўняльнікі бетону. Радовішча распрацоўваецца друзавым з-дам (в. Глушкавічы).
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСЁЛКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖАЛЕ́ЗНЫХ РУД.
Знаходзіцца каля в. Навасёлкі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Выяўлена ў 1966 сярод дакембрыйскіх парод Бел. антэклізы. Складаецца з ільменіт-магнетытавых руд. Перспектыўныя запасы 165 млн. т. Рудная зона (даўж. 1200 м, магутнасць 90—180 м) прадстаўлена серыяй пакладаў сярод габроідных інтрузій. Найб. багатыя жал. руды выяўлены ў цэнтр. ч. радовішча, дзе яны залягаюць у выглядзе трох рудных цел з маламагутнымі праслоямі больш беднай руды. Магутнасць багатых руд да 63 м. Глыбіня залягання да 150 м. Жал. руды маюць да 75—85% магнетыту і ільменіту, 23—35,7% жалеза, да 10% апатыту. Ускрышныя пароды складзены з верхнепратэразойскіх і мезазойскіх адкладаў (мел, гліны, пяскі, супескі). Пакуль не мае прамысл. значэння.
П.З.Хоміч.
т. 11, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Радашковіцкае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу
т. 13, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ,
у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Давыдаўка. Адкрыта ў 1941. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да Давыдаўскага падняцця Рэчыцкага вала Прыпяцкага прагіну. Соль залягае асобнымі пластамі з тонкімі праслоямі глініста-карбанатных парод. Разведаныя запасы 20,7 млрд. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—69 м. Паверхня адкладаў залягае на глыб. 823,4—880 м.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 18 км на ПдЗ ад г. Светлагорск. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1984, распрацоўваецца з 1988. Паклады нафты пл. каля 2,2 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Глыб. залягання нафтаноснага гарызонта 2812 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, маласмалістая, сярэднепарафінавая.
А.П.Шчураў.
т. 7, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯ-ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта і распрацоўваецца з 1976. Паклады нафты пл. каля 7,2 км² прымеркаваны да міжсалявых і ўнутрысалявых адкладаў дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2300—2780 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя даламіты і вапнякі. Нафта сярністая, высокасмалістая, высокапарафінавая, па шчыльнасці сярэдняя і цяжкая.
А.П.Шчураў.
т. 7, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АЛЯКСА́НДРАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 5 км на Пд ад в. Аляксандраўка. Адкрыта ў 1981. Распрацоўваецца з 1984. Паклады нафты пл. каля 2 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Аляксандраўска-Баршчоўскай зоны падняццяў. Нафтаносны пласт залягае на глыб. 2770—2780 м. Пароды-калектары — трэшчынаватыя поравакавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, маласярністая, парафіністая. Разведаныя запасы каля 7 млн. т.
А.П.Шчураў.
т. 12, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 7 км на Пд ад р.п. Сасновы Бор. Адкрыта ў 1976. Распрацоўваецца з 1977. Паклады нафты пл. 6,6 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну, на паўд. апушчаным крыле Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 3300—4050 м. Пароды-калектары — другасныя кавернава-поравыя даламіты. Нафта высакаякасная, маласярністая, маласмалістая, высокапарафіністая. Разведаныя запасы 15,5 млн. т.
А.П.Шчураў.
т. 12, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Адкрыта ў 1985. Распрацоўваецца з 1986. Паклады нафты пл. каля 9 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносныя блокі залягаюць на глыб. 3450—4050 м. Пароды-калектары — трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафіністая. Разведаныя запасы каля 7 млн. т, перспектыўныя больш за 1,1 млн. т.
А.П.Шчураў.
т. 12, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)