1) у антычнасці рэдкаўжывальнае, незразумелае слова ў пісьмовым помніку, якое патрабавала тлумачэння.
2) Тлумачэнне або пераклад незразумелага слова на палях ці паміж радкамі рукапісу, друкаванага выдання. Існавалі зборы глос з адпаведнымі каментарыямі да іх (гл.Гласарый). У сярэднія вякі глосы выкарыстоўвалі пры тлумачэнні біблейскіх і юрыд. тэкстаў. У бел.пісьменства глосы ўвёў Ф.Скарына. Рыхтуючы да друку Біблію, «Псалтыр», «Апостал» і «Малую падарожную кніжыцу», ён імкнуўся зрабіць іх зразумелымі для простых людзей, таму ў якасці глосы браў словы жывой нар. мовы («кивотъ — скриня», «Сионъ — гора»). Скарынінскую традыцыю прадоўжылі С.Будны ў «Катэхізісе», В.Цяпінскі ў «Евангеллі» і інш. 3) Цвёрдая форма верша ў ісп. паэзіі 14 — 17 ст. — верш з некалькіх строф (звычайна 4 дзесяцірадкоўяў з эпіграфам, які складаецца з апошніх радкоў кожнай страфы і тлумачыцца наступнымі строфамі. У бел. паэзіі класічную форму глос у аднайменным вершы выкарыстаў С.Кавалёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (картвельская група). Мова грузін, дзярж. мова Грузіі. Пашырана таксама на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, Турцыі і Іране. Мае 2 групы дыялектаў, адрозненні паміж якімі нязначныя: горскія (хевсурскі, пшаўскі, тумскі і інш.) і плоскасныя (картлійскі, кахецінскі, імерэцінскі, рачынскі, гурыйскі, аджарскі і інш.). У развіцці літ. грузінскай мовы вылучаюць або 2 перыяды — старажытны (5—11 ст.) і новы (з 12 ст.), або 3 — стараж. (5—11 ст.), сярэдні (12—18 ст.) і новы (з 19 ст.). З 1860-х г. развіваецца адзіная літ. грузінская мова (аснова — картлійскі і кахецінскі дыялекты).
У фанетыцы грузінскай мовы 5 галосных і 28 зычных; у сістэме зычных назіраецца 5 траічных проціпастаўленняў звонкі — глухі — змычна-гартанны; асобна вылучаюцца фарынгальны і ларынгальны. Слабы сілавы націск на пачатковым складзе слова. У марфалогіі — аглюцінацыя з мноствам прэфіксальных формаў. У сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя. Грузінская мова мае стараж. арыгінальнае пісьменства (гл.Грузінскае пісьмо).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗНЯ́К Міхайла (Міхаіл Сцяпанавіч; 3.10.1881, с. Воліца Несцераўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 20.11.1954),
украінскі літаратуразнавец. Акад.АН Украіны (1929), праф. (1939). Скончыў Львоўскі ун-т (1908). Даследаваў гісторыю стараж.ўкр.пісьменства, гісторыю нац. тэатра («Матэрыялы да гісторыі ўкраінскай песні і верша. Тэксты і заўвагі», т. 1—3, 1913—25, «Пачатак украінскай камедыі, 1619—1819», 1919; «Гісторыя ўкраінскай літаратуры», т. 1—3, 1920—24, і інш.). Многія работы прысвяціў творчасці ўкр. пісьменнікаў 19 — пач. 20 ст. Працаваў таксама ў галіне мовазнаўства («Галіцкія граматыкі ўкраінскай мовы», «Граматыка Лаўрэнція Зізанія 1596 г.», абедзве 1911) і фалькларыстыкі (склаў зб. «Украінскія народныя казкі», кн. 1—3, 1946—48). Асвятляў укр.-бел. літ. і культ. Сувязі 16—17 ст. (кн. «Пісьменніцкая дзейнасць Івана Барэцкага на Валыні і ў Львове», 1954).
Літ.:
Кабржыцкая Т.В., Рагойша В.П. Карані дружбы: Бел.-ўкр.літ. ўзаемасувязі пач. XX ст.Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМЫ́ЦКАЯ МО́ВА адна з мангольскіх моў. Пашырана на тэр. Калмыкіі, часткова ў Астраханскай, Растоўскай абласцях, у Стаўрапольскім краі, а таксама ў Кіргізіі (раён воз. Ісык-Куль). Вылучаюцца 2 дыялекты: дэрбецкі і таргуцкі. Для фанетыкі характэрны кароткія і доўгія галосныя, сінгарманізм. Назоўнікі маюць катэгорыі ліку і склону, катэгорыя роду адсутнічае. Прыметнікі дапасуюцца да назоўнікаў. Дзеясловы захоўваюць катэгорыі трывання, стану, ладу, часу, асобы, ліку. У лексіцы значная колькасць запазычанняў з санскрыту, тыбецкай, кіт., араб., перс. і цюрк. моў, а таксама з рускай. У 1648—1924 калмыкі карысталіся зая-кандзіцкім пісьменствам (гл.Мангольскае пісьмо), на якім існуе багатая л-ра. У 1924 быў уведзены алфавіт на аснове рус. графікі, у 1931—38 ужываўся латынізаваны алфавіт, з 1938 пісьменства на аснове рус. графікі.
Літ.:
Павлов Д.А. Современный калмыцкий язык: Фонетика и графика. Элиста, 1968;
Грамматика калмыцкого языка: Фонетика и морфология. Элиста, 1983;
Бардаев Э.Ч. Современный калмыцкий язык: Лексикология Элиста, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЯ МО́ВА, галандская мова,
адна з германскіх моў (заходнегерманская падгрупа). Афіц. мова Нідэрландаў, адна з 2 (разам з франц.) афіц. моў Бельгіі. Пашырана таксама ў Вест-Індыі, ЗША. Асн. дыялектныя групы: паўн.-цэнтр. (паўд.-галандскія і утрэхцкія дыялекты), паўн.зах. (паўн.-галандскія), паўд.-цэнтр. (брабанцкія і ўсх.-фламандскія), паўд.-зах. (зах.-флам. і зеландскія), паўн.-ўсх. (саксонскія), паўд.-ўсх. (лімбургскія). У фанетыцы — глухія выбухныя зычныя p, t, k, дыфтонгі; націск сілавы, пераважна на каранёвым складзе. Паводле граматычнай будовы аналітычная. У словаўтварэнні пераважае словаскладанне. Сінтакс. адносіны выражаюцца пераважна парадкам слоў і прыназоўнікавымі канструкцыямі. Асновы адзінай нормы літ. мовы склаліся ў 17 ст. У пісьмовай і вуснай разнавіднасцях літ. мовы, а таксама паміж паўн. варыянтам (у Нідэрландах) і паўд. варыянтам (у Бельгіі) існуюць тэр. адрозненні. Пісьменства на аснове лац. графікі.
Літ.:
Миронов С.А. Нидерландский (голландский) язык. М., 1965;
Яго ж. История нидерландского литературного языка (IX—XVI вв.). М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СРАЗНЕ́ЎСКІ Ізмаіл Іванавіч (13.6.1812, г. Яраслаўль, Расія — 21.2.1880),
рускі філолаг-славіст. Акад.Пецярб.АН (1851). Скончыў Харкаўскі ун-т (1829), дзе працаваў (з 1842 праф.). Выкладаў у пецярбургскіх ун-це (з 1847 праф.) і пед. ін-це (1848—59). У 1839—42 падарожнічаў на землях зах. і паўд. славян, вывучаў нар. мову і фальклор. Асн. працы па гісторыі рус. мовы, дыялекталогіі, пра помнікі стараж. славян. і рус.пісьменства, па палеаграфіі, археалогіі, бібліяграфіі, гісторыі стараж.-рус. л-ры і інш. Вывучаў паэзію і побыт слав. народаў. Заснавальнік школы пецярб. славістаў. Аўтар працы «Матэрыялы для слоўніка старажытнарускай мовы паводле пісьмовых помнікаў» (т. 1—3, 1893—1912, 2-е выд., 1958), у якой шмат матэрыялаў з бел. пісьмовых помнікаў.
Тв.:
Славяно-русская палеография XI—XIV вв. СПб., 1885;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАДЖЫ́КСКАЯ МО́ВА,
адна з іранскіх моў (паўд.-зах. група). Мова таджыкаў, афіц. мова Таджыкістана. Пашырана ва Узбекістане, Афганістане, Іране, часткова ў Кіргізіі і Казахстане. Мае дыялектныя групы: паўн. (гаворкі Бухары і Самарканда, Ферганскай даліны, Ура-Цюбе, Пенджыкента і інш.), цэнтр. (верхнезераўшанская), паўд. (каратэгінскія, кулябскія, рогскія і бадахшанскія), паўд.-ўсх. (дарвазская). У сучаснай літ. Т.м. 6 галосных, 24 зычныя; націск дынамічны, пераважна на апошнім складзе. Паводле грамат. ладу належыць да аналітычных моў. Літ. Т.м. ўзыходзіць да класічнай персідска-таджыкскай мовы (9—15 ст.) — адзінай крыніцы для тых, хто гаворыць на персідскім, таджыкскім і афганскім дары. Першыя пісьмовыя помнікі на арабскай графіцы. Пісьменства Т.м. ў Таджыкістане на аснове кірыліцы.
Літ.:
Соколова В.С. Фонетика таджикского языка. М.; Л., 1949;
Расторгуева В.С. Опыт сравнительного изучения таджикских говоров. М., 1964;
Ефимов В.А. Расторгуева В.С., Шарова Е.Н. Персидский, таджикский. дари // Основы иранского языкознания: Новоиран. языки. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЗУ́К Пётр Апанасавіч (14.7.1891, в. Цярноўка, Малдова — 7.10.1943),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1924), праф. (1925). Скончыў Адэскі ун-т (1916). У 1926—30 заг. дыялекталагічнай камісіі Інбелкульта (з 1929 АН Беларусі), у 1931—33 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі і заг. кафедры ў Бел. вышэйшым пед. ін-це. У 1934 арыштаваны, высланы ў Волагду. Даследаваў праблемы праслав. мовы і ўтварэння асобных моўных груп эпохі праслав. адзінства («Погляды акадэміка Шахматава на дагістарычныя лёсы славянства», 1918—21; «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў», 1927, і інш.), пытанні агульнага і параўнальна-гіст. мовазнаўства («Асноўныя пытанні мовазнаўства», 1926). Вывучаў мову помнікаў стараж.-сербскага пісьменства, узаемасувязі паміж укр. і бел. мовамі («Узаемаадносіны паміж украінскай і беларускай мовамі», 1926), дыялекты бел. мовы, станаўленне яе літ. нормаў. Аўтар першага дыялекталагічнага атласа бел. мовы «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» (1928).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЦЫ́ЗМ,
слова, запазычанае з грэчаскай мовывізант. перыяду, а таксама тэрмін, утвораны з грэч. кораня і афіксаў. Сустракаюцца ў помніках бел.пісьменства 14—16 ст., куды трапілі са стараж.-рус. мовы, а таксама праз пераклады з грэч. мовы рэліг. і навук. л-ры (напр., «адъ», «аксамитъ», «ангелъ», «антихристъ», «канон», «мира» і інш.). Вял. колькасць грэцызмаў пранікла ў бел. мову на працягу 17—20 ст. праз рус. або польск. мовы-пасрэдніцы.
Лексіка грэч. паходжання ў сучаснай бел. мове характарызуецца: зычным «ф» у пач. слова («фаза», «філасофія»); спалучэннямі «-кс-», «-пс-», «-мв-», «-мп-» у сярэдзіне слова («сінтаксіс», «элепсіс», «сімвал», «сімптом»); спалучэннямі «-ос (-ас)», «-іка (-ыка)» у канцы слова («пафас», «батаніка»). Прадуктыўныя штучныя ўтварэнні слоў на аснове грэч. каранёў і афіксаў (напр., «антонім» < anti — супраць і onyma — імя, назва). Большасць грэцызмаў у бел. мове папаўняюць навук. тэрміналогію.
Літ.:
Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа). Афіц. мова Даніі (у 16—17 ст. і Нарвегіі). Пашырана таксама на Фарэрскіх а-вах, у Грэнландыі і ЗША. Мае 3 групы дыялектаў: зах. (ютландскія, або юцкія), астраўныя (а-вы Зеландыі, Фюн і прылеглыя да іх), усх. (в-аў Борнхальм і інш.). Гісторыю Д.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-дацкі (9—15 ст.) і новадацкі (з 16 ст.).
Гал. асаблівасці Д.м.: у фанетыцы наяўнасць агубленых галосных пярэдняга раду, шматлікія дыфтонгі, значныя камбінаторныя змяненні зычных, накарэнны націск; у марфалогіі — вызначэнне 2 родаў (агульнага і сярэдняга), 2 склонаў, складаная сістэма часоў і ладоў дзеяслова, нязменнасць яго па асобах; у лексіцы — шмат запазычанняў з ням., франц., англ. моў. Пісьменства на аснове лац. алфавіту. Найб.стараж. помнікі — надпісы 9—11 ст. («Малодшыя руны», гл. ў арт.Руны і рунічныя алфавіты), рукапісы стараж.-дацкіх абл. законаў 13—14 ст. У 1495 з’явілася першая друкаваная кніга.