АЛЬГЕ́РД (1296 — май 1377),

князь крэўскі і віцебскі, вял. князь ВКЛ [1345—77]. Сын Гедзіміна. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Каля 1318 ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і ў хуткім часе стаў віцебскім князем. Пасля смерці Гедзіміна, калі Вільня і велікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам. Кейстут заняў Вільню і захапіў Яўнута, аднак велікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што сведчыла аб прызнанні Кейстутам дамінуючага месца бел. зямель у дзяржаве. Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства (1340-я г.), у паліт. залежнасці ад яго апынулася Смаленскае (1350-я г.). Імкнуўся пашырыць свой уплыў на Цвярское княства, што абвастрыла яго адносіны з Масквой. Ажыццявіў 3 паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). У бітве каля Сініх Водаў 1362 разбіў татараў і далучыў да ВКЛ Падолле. Авалодаў Кіевам і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. У выніку барацьбы з польск каралём Казімірам III за Галіцкую і Валынскую землі яму дасталася (1377) апошняя. Шмат разоў узначальваў войска для адпору агрэсіі Тэўтонскага ордэна. За час яго княжання тэр. ВКЛ павялічылася больш як у 2 разы, што было на карысць бел. землям, забяспечвала ім вядучае месца ў дзярж. жыцці, спрыяла развіццю эканомікі і культуры ВКЛ.

М.​І.​Ермаловіч.

Вялікі князь ВКЛ Альгерд.

т. 1, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУЦЫ́НЫ (італьян. cappuccino ад cappuccio капюшон),

каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў Італіі ў 1525 як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэо Серафіні з Баскіо імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў св. Францыска Асізскага (13 ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства. У 1619 папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. К. распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтр. Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў К. вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. У ВКЛ яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобл. Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць К. у Рас. імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — засн. ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу. У 2-ю сусв. вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 у свеце былі 93 адм.-тэр. адзінкі К. (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.). З 1940 у Рыме дзейнічае Гістарычны ін-т, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. К.; з 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»).

Літ.:

Dydycz A.P. Dzieje zakonu braci mniejszych Kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994;

Kdscioł katolicki w Polsce 1918—1990: Rocznik statysiyczny. Warszawa, 1991.

Ю.​В.​Бажэнаў, М.​А.​Дабрынін.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ «НАРО́ДНАЙ ВО́ЛІ»,

аб’яднанне гурткоў «Народнай волі» Беларусі і Літвы ў 1881—84. Створана па ініцыятыве выканкома «Народнай волі» пад кіраўніцтвам Віленскай цэнтр. групы. У сферу дзейнасці арг-цыі паводле «Статута Віленскай цэнтральнай групы» ўвайшлі Віленская, Віцебская, Гродзенская, Ковенская, Магілёўская і Мінская губ. Ставілася мэта «пашырыць рэвалюцыйную арганізацыю на свой раён і давесці яе да такой ступені сілы, каб у момант перавароту гэтая мясцовасць пайшла за партыяй». У арг-цыю ўвайшлі нарадавольскія гурткі Вільні, Мінска, Гродна, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Рагачова, Оршы, Беластока і інш. гарадоў краю. Былі арганізаваны новыя рабочыя гурткі, у Мінску і Магілёве наладжаны выраб фальшывых дакументаў, у Віцебску створана вял. б-ка нелегальнай л-ры, падрыхтавана да работы падп. друкарня. Наладжаны кантакты з замежным цэнтрам, ваен. арг-цыяй «Народнай волі», Польска-літоўскай сац.-рэв. партыяй, партыяй «Пралетарыят». Пасля арышту ў ліп. 1882 амаль усяго складу выканкома «Народнай волі» адносіны арг-цыі з цэнтрам былі разбураны. На гэтым этапе сярод нарадавольцаў краю стала папулярнай ідэя фарміравання груповак па нац. прыкмеце. Да сярэдзіны 1883 уплыў Віленскай цэнтр. групы і міжгуртковыя сувязі аслабелі. Кансалідуючай сілай выступала «Маладая партыя Народнай волі» (апазіцыйная плынь), члены якой лічылі неабходным засяродзіцца на прапагандзе сярод рабочых, адстойвалі прынцып федэрацыі і большай аўтаномнасці мясц. груп. Вясной 1884 па краі пракацілася хваля рэпрэсій, сувязі паміж гурткамі перапыніліся, паступова аб’яднанне нарадавольцаў краю перастала існаваць.

М.​Б.​Ласінскі.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

распасце́рціся, ‑струся, ‑стрэшся, ‑стрэцца; ‑стромся, ‑страцеся; пр. распасцёрся, ‑сцерлася; зак.

1. Легчы або сесці шырока, свабодна, заняўшы многа месца. [Каляда:] — А ну, кума, пасунься. Не захопіш і так усяго, — распасцерлася... Брыль.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняць сабой шырокі абшар, вялікую прастору. Якая навокал далеч! Яна распасцерлася ва ўсе бакі, куды ні глянеш, без канца і краю... Гамолка. Над зямлёю распасцёрся ясны купал бяздоннага неба. Колас.

3. перан. Пашырыць сферу свайго дзеяння, ахапіўшы большае кола прадметаў, з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распаўсю́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Пашырыць сферу дзеяння на каго‑, што‑н. Маркс і Энгельс пераадолелі ідэалізм і метафізіку розных філасофскіх плыняў, злучылі матэрыялізм з дыялектыкай, распаўсюдзілі яго палажэнні на пазнанне грамадскіх працэсаў. «Звязда». Грамада распаўсюдзіла свой уплыў на тысячы беларускіх вёсак. «Полымя». // Перанесці, разнесці (заразу). // Зрабіць што‑н. вядомым, даступным многім. Распаўсюдзіць чутку. Распаўсюдзіць ілжывыя звесткі.

2. Раздаць, прадаць многім. Распаўсюдзіць латарэйныя білеты. □ Літаральна праз два тыдні пасля крывавых падзей 1905 года ў Пецярбургу таварыства распаўсюдзіла рэвалюцыйныя пракламацыі. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЦЭНТРА́ЛЬНЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т У ВАРША́ВЕ (ЦНК, Komitet Centralny narodowy),

канспіратыўны цэнтр падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаннем 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. 17.10.1861 у Варшаве па ініцыятыве пісьменніка А.​Кажанёўскага «чырвоныя» стварылі гар. к-т (камітэт руху), які ў маі 1862 пераўтвораны ў ЦНК. Яго арганізатары І.​Хмяленскі і Я.Дамброўскі. Склад і структура к-та часта мяняліся. У чэрв. 1862 ЦНК прыняў план Дамброўскага аб неадкладным узбр. паўстанні, які адхілілі памяркоўныя элементы. У ЦНК побач з паслядоўнымі рэвалюцыянерамі (С.​Баброўскі, З.Падлеўскі, Б.Шварцэ) вял. ўплыў мелі прадстаўнікі правага крыла «чырвоных» (А.Авейдэ, А.Гілер). Гэта адбілася на сац. і нац. праграме паўстання, выпрацаванай ЦНК, якая стала палавінчатай. Дэкларуючы раўнапраўе бел., літ. і ўкр. народаў, к-т імкнуўся пашырыць сваю ўладу на тэр. Рэчы Паспалітай у межах 1772, супраць чаго паўстаў віленскі к-т «чырвоных» (К.Каліноўскі). ЦНК падтрымліваў сувязі з Камітэтам рускіх афіцэраў у Польшчы, з рус. рэв. цэнтрам у Лондане (А.​І.​Герцэн, М.​П.​Агароў), з ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу. У пачатку паўстання (22.1.1863) к-т абвясціў сябе Часовым нац. урадам, у якім з сак. 1863 вял. ўплыў набылі «белыя». З 10.5.1863 к-т афіцыйна наз. Нацыянальным урадам. У 1862—63 к-т канспіратыўна выпускаў газ. «Ruch» («Рух», рэдактар Гілер).

Літ.:

Показания и записки о польском восстании 1863 г. Оскара Авейде. М., 1961;

Dokumenty Komitetu Centralnego Narodowego i Rządu Narodowego, 1862—1864. Wroclaw etc., 1968.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 17, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пашыра́ць несов.

1. (делать более широким) расширя́ть, уширя́ть;

2. (увеличивать в числе, объёме) расширя́ть;

3. распространя́ть;

п. ве́ды сяро́д насе́льніцтва — распространя́ть зна́ния среди́ населе́ния;

4. спец. расширя́ть, разде́лывать, уширя́ть;

1, 2, 4 см. пашы́рыць 1, 2, 4

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

фронт, -у, М -нце, мн. франты́, -о́ў, м.

1. Строй салдат, войск.

2. Звернуты да ворага, непрыяцеля край баявога размяшчэння войск, лінія, па якой разгорнуты перадавыя падраздзяленні.

Ф. палка.

3. Група дзеючых армій (у 3 знач.) пад кіраўніцтвам аднаго камандуючага.

Трэці Беларускі ф.

4. Месца, раён ваенных дзеянняў і размяшчэнне войск у час вайны, а таксама дзеючая армія ў такім раёне.

Адпраўка на ф. папаўнення.

5. перан., чаго. Месца, участак, сфера якой-н. дзейнасці.

Ф. забудовы горада.

Працоўны ф.

Пашырыць ф. сяўбы яравых.

6. перан. Сфера, галіна якой-н. дзейнасці.

Культурны ф.

◊

Адзіным фронтам — дружна, згуртавана.

На два франты — у двух напрамках (дзейнічаць).

Шырокім фронтам — з вялікім ахопам, размахам.

|| прым. франтавы́, -а́я, -о́е (да 2—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

«БУ́РА»

(«Burza»),

кодавая назва плана і баявой аперацыі польскай Арміі Краёвай (АК) у студз. 1944 — студз. 1945 у 2-ю сусв. вайну. План, распрацаваны гал. камандаваннем АК у ліст. 1943, прадугледжваў мабілізацыю атрадаў АК, ажыццяўленне дыверсій, праследаванне і напад на ням.-фаш. часці пры іх адступленні (сфарміраваны 14 партыз. пяхотных дывізій, 3 батальённыя групоўкі, 2 кав. брыгады, некалькі самаст. палкоў; усяго каля 150 тыс. чал. у Беластоцкай, Палескай, Люблінскай і інш. акругах). Гал. мэта — узяць пад кантроль найб. важныя ваен.-стратэг., прамысл., адм. і культ. цэнтры да ўступлення ў іх сав. войск. Камандзірам АК і прадстаўнікам польск. эмігранцкага ўрада прадпісвалася пераймаць ваен. і цывільную ўладу ў вызваленых раёнах. Аперацыя распачата ў Валынскай акрузе 27-й Валынскай пях. дывізіяй АК. Атрады Віленскай і Навагрудскай акруг АК (каля 5 тыс. чал.) у ліп. 1944 няўдала штурмавалі Вільню (акцыя «Вострая брама») і страцілі больш за 500 чал. 27.8.1944 камандаванне АК вырашыла пашырыць аперацыю «Бура» на Варшаву (гл. Варшаўскае паўстанне 1944). Падраздзяленні АК самастойна вызвалілі гарады Коцк, Хэлм, Мінск-Мазавецкі, Радзымін, разам з сав. войскамі — Ковель, Вільню, Львоў, Люблін, Пулавы, Замосце, Жэшаў, Седльцы. Восенню 1944 на тэрыторыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, атрады АК былі расфарміраваны і рэалізацыя плана «Бура» спынена. У вызваленых раёнах часці АК, якія адмовіліся скласці зброю і ўступіць у 1-ю Польскую армію ў складзе сав. войск, былі раззброены і інтэрніраваны.

Літ.:

Сямашка Я.І. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994. С. 110—119, 178—187;

Zabiełło S. Ksztabtowanie siękoncepcji «Burzy» // Wojskowy przegląd historyczny. 1968. № 1.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЯСЛА́Ў БРАЧЫСЛА́ВІЧ (каля 1029—14.4.1101),

князь полацкі [1044—1101]. Сын полацкага кн. Брачыслава Ізяславіча. У 1060 удзельнічаў разам з Яраславічамі (Ізяславам, Святаславам, Усеваладам) у паходзе супраць качэўнікаў торкаў. Імкнуўся пашырыць Полацкае княства і адстойваў яго самастойнасць. У 1065 няўдала напаў на Пскоў, але здолеў разбіць войска наўгародскага кн. Мсціслава на р. Чарэха, пасля чаго ў 1066 захапіў Ноўгарад. вывез з Сафійскага сабора званы і інш. рэчы, а ч. горада спаліў. У Нямігскай бітве 1067 разбіты 3 братамі Яраславічамі, вераломна захоплены імі ў палон у час перагавораў каля Оршы і зняволены ў Кіеве. У час Кіеўскага паўстання 1068—69 вызвалены народам з цямніцы і 7 месяцаў быў вял. князем у Кіеве. У час паходу супраць былога вял. кн. Ізяслава У.Б. вярнуўся ў Полацк, але прагнаны адтуль Ізяславам. З войскам, набраным сярод фінскага племя водзь, у 1069 разбіты пад Ноўгарадам. У 1071 вярнуў княжанне ў Полацку. Пабудаваў Полацкі Сафійскі сабор. К 1078 захапіў часова Смаленск. За рашучасць, розум і энергію празваны Чарадзеем. Адзін з герояў «Слова аб паходзе Ігаравым», упамінаецца ў былінах кіеўскага цыкла. Меў сыноў Барыса (Рагвалода), Давыда, Глеба, Расціслава, Рамана, Святаслава.

Літ.:

Леонардов Д.С. Полоцкий князь Всеслав и его время // Полоцко-Витебская старина. Витебск, 1912. Вып. 2;

1916. Вып. 3;

Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963;

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Тарасаў С.В. Чарадзей з сёмага веку Траяна: Усяслаў Полацкі. Мн., 1991.

Г.​В.​Штыхаў.

Усяслаў Брачыславіч. Фрагмент мініяцюры Радзівілаўскага летапісу 15 ст.

т. 16, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)