ШУЛЬЦ (Schulz) Фрыдрых (1762, г. Магдэбург, Германія — 1798),
нямецкі пісьменнік, падарожнік. Скончыў ун-т у Гале (?), дзе выкладаў мовы. Пазней працаваў у Дрэздэне, Вене, Берліне, Веймары, Парыжы. З 1790 праф. акадэміі ў г. Мітава (Курляндыя). У 1791 абраны паслом ад мяшчанскага саслоўя на Чатырохгадовы сойм 1788—92 Рэчы Паспалітай. Паездку на сойм апісаў у кн. «Падарожжа ліфляндца з Рыгі да Варшавы» (1797), дзе даў звесткі пра тагачаснае паліт. жыццё і норавы Рэчы Паспалітай, апісаў жыллё і вопратку бел. сялян, забудову г. Гродна і інш. У 1793—94 падарожнічаў па Італіі. Аўтар раманаў, апавяданняў, дарожных нататак, гісторыі Франц. рэвалюцыі.
Літ.:
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРГАВІ́ЦКАЯ КАНФВДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнатаў Рэчы Паспалітай супраць прагрэсіўных рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92, які выкарыстала Рас. імперыя з мэтай рэстаўрацыі там дзярж. ладу, што існаваў да прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791. Акт Т.к. падпісаны ў С.-Пецярбургу 27.4.1792, фіктыўна абвешчаны ў мяст. Таргавіца (Украіна) 14.5.1792, праз 3 дні пасля пачатку інтэрвенцыі Расіі ў Рэч Паспалітую. Маршалак канфедэрацыі С.Шч.Патоцкі (гл. ў арт.Патоцкія). Акт Т.к. называў рас. войскі сяброўскімі, скасоўваў усе рашэнні Чатырохгадовага сейма, у т. л. Канстытуцыю 3.5.1791, заклікаў шляхту злучыцца для «абароны рэспубліканскіх свабод» і тэр. цэласнасці дзяржавы. У ВКЛ адпаведныя канфедэрацыі ў ваяводствах і паветах ствараліся пры падтрымцы царскіх войск. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвешчана ў Вільні 25.6.1792 у складзе 13 чал., маршалак — А.М.Сапега (гл. ў арт.Сапегі). Канфедэрацыю падтрымала каля 40 тыс. шляхціцаў ВКЛ. 11.9.1792 у Брэсце Генеральныя канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы злучыліся ў Генеральную канфедэрацыю абодвух народаў, якая ўзяла некат. функцыі дзярж. улады. 24.9.1792 кіраўніцтва канфедэрацыі пераехала ў Гродна для падрыхтоўкі там сейма пад наглядам рас. пасла Я.Я.Сіверса. На тэр. Рэчы Паспалітай увяла свае войскі і Прусія, пасля чаго Расія абвясціла ноту аб падрыхтоўцы другога падзелу Рэчы Паспалітай. Кіраўніцтва канфедэрацыі для абароны краіны 11.2.1793 загадала мясц. канфедэрацыям склікаць паспалітае рушэнне і абраць ротмістраў. У сувязі з гэтым 10.3.1793 Сіверс прадаставіў павятовым маршалкам ранг ваявод і 6.5.1793 дазволіў правесці шляхецкія выбары на Гродзенскі сейм 1793. Ухваленнем на сейме 2-га падзелу Рэчы Паспалітай і дагавора з Расіяй Т.к. канчаткова скампраметавала сябе і 15.9.1793 распушчана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. Створаны ў час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Мінскай губ.Рас. імперыі. Павятовы цэнтр — г. Давыд-Гарадок. Скасаваны 23.12.1796.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́ЦКІЯ,
шляхецкі род герба «Пілава» ў Рэчы Паспалітай. Прозвішча ад в. Потак у Ксёнжскім пав. Кракаўскага ваяв. У 17—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайск. пасады ў Польшчы. Карысталіся графскім тытулам, які ў 18 ст. прызнаны ў Аўстрыі і ў 19 ст. ў Расіі. З Беларуссю найб. былі звязаны:
Крыштоф (каля 1600 — вер. або кастр. 1675), чашнік ВКЛ у 1645—46, падстолі ў 1646—53, стольнік у 1653—58, крайчы ў 1658—61, падчашы з 1661. Міхал (? — 1711?), ген.-маёр, падстолі ВКЛ з 1700. Яўстахі (каля 1720—25.2.1768), ген.-маёр, генерал артылерыі ВКЛ з 1759, староста львоўскі. Iгнацы (Раман Ігнацы Францішак; 28.2.1750, Радзынь-Падляскі, Люблінскае ваяв. — 20.8.1809), паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, асветнік. Пісар вялікі ВКЛ у 1773—83, маршалак надворны ў 1783—91, маршалак вялікі ў 1791—92, маршалак Пастаяннай Рады ў 1778—80. Адзін з гал. дзеячаў Адукацыйнай камісіі з часу яе ўтварэння, узначальваў Т-ва элементарных кніг. Быў адным з лідэраў рэфарматарскай партыі на Чатырохгадовым сойме 1788—92, адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. За ўдзел у працы дэпутацыі па выпрацоўцы канстытуцыі прызначаны міністрам паліцыі абодвух народаў у Стражы правоў, з-за чаго выйшаў са складу Адукацыйнай камісіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 выконваў абавязкі адсутнага ваен. міністра. У 1792—94 у эміграцыі ў Саксоніі. Адзін з арганізатараў паўстання 1794. Увайшоў у склад Найвышэйшай нацыянальнай рады як кіраўнік аддзела замежных інтарэсаў. Належаў да памяркоўнага крыла паўстанцаў. Пасля задушэння паўстання зняволены ў С.-Пецярбургу. З 1796 жыў у Аўстрыі. Станіслаў Шчэнсны (Фелікс; 1752?, Крыстынопаль, Валынскае ваяв. — 14 або 15.3.1805), харунжы вялікі каронны ў 1774—80, ваявода рускі ў 1782—88, генерал кароннай артылерыі ў 1788—92, чл. Пастаяннай Рады ў 1782—86, чл. Адукацыйнай камісіі ў 1782—93, ген.-лейтэнант (1784). На Чатырохгадовым сойме 1788—92 выступаў супраць прагрэс. рэформ, адзін з гал. праціўнікаў Канстытуцыі 3 мая 1791. 27.4.1792 у С.-Пецярбургу падпісаў акт утварэння Таргавіцкай канфедэрацыі і стаў яе ген. маршалкам. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 у Брэсце, потым у Гродне, ажыццяўляў вярх. ўладу ў Рэчы Паспалітай. У 1795 атрымаў чын рас. ген.-аншэфа, жыў у сваіх укр. маёнтках. Ян (1761—1815), пісьменнік, гісторык, гл.Патоцкі Я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ III (17.10.1696, Дрэздэн — 5.10.1763),
кароль Рэчы Паспалітай [1733—63], курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст II; 1733—63). Сын Аўгуста II. Выхаваны пратэстантам, у 1712 перайшоў у каталіцтва. Узброеная інтэрвенцыя рас. і саксонскіх войскаў у час вайны за польскую спадчыну (1733—35) дапамагла яму перамагчы свайго канкурэнта Станіслава Ляшчынскага і замацавацца на польск. троне. Быў пасіўны ў міжнар. справах, не справіўся з безуладдзем унутры Рэчы Паспалітай (пры ім паспяхова завяршыў работу толькі сейм 1736, астатнія 13 былі сарваны). Армія скарацілася да 12 тыс.чал. На Беларусі ўзмацніўся ўціск праваслаўных і пратэстантаў і інш. Жыў болей у Саксоніі, чым у Варшаве; на палітыку Аўгуста моцна ўплываў яго фаварыт граф Г. фон Бруль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ, «Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук»,
збор дакументаў па паліт. і ваеннай гісторыі Расіі. Выдадзены Рас.АН пад рэд. Н.А.Папова і Дз.Я.Самаквасава (т. 1—3. Спб., 1890—1901). Том 1-ы ахоплівае 1571—1634, 2-і — 1635—59, 3-і — 1660—64. Змешчаны дакументы са справаводства Маскоўскага стала Разраднага прыказа: пра станічную і вартавую службу на Пд Расіі ў 1570—90-я г., засечную пабудову 1638, барацьбу з набегамі крымскіх татараў у 17 ст. Шэраг дакументаў прысвечаны ваен. дзеянням 1614—18, войнам з Рэччу Паспалітай (1632—34, 1654—67) і Швецыяй (1656—58), эканам., паліт., ваен. гісторыі Рэчы Паспалітай і Крыма; ёсць звесткі пра становішча служылых людзей, Маскоўскае паўстанне 1662.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р (Duponts de Nemours) П’ер Самюэль (14.12.1739, Парыж — 7.8.1817),
французскі эканаміст і паліт. дзеяч. Прадстаўнік школы фізіякратаў (увёў гэты тэрмін). Вучань і супрацоўнік Ф.Кенэ, дарадчык А.Р.Ж.Цюрго і яго паслядоўнікаў. У 1767 апублікаваў працу «Аб узнікненні і развіцці новай навукі», у якой даў найб. поўны сістэм. выклад вучэння фізіякратаў. У 1780 ініцыіраваў правядзенне ў Францыі фін. рэформ. У 1789 абраны ў Нац. сход. Прыхільнік усеагульнай асветы, распрацаваў шэраг адукац. праектаў, заснаваных на вучэнні фізіякратаў, у т. л. для Цюрго ў Францыі (1775) і Т.Джэферсана ў ЗША (1800), а таксама для Адукацыйнай камісіі ў Рэчы Паспалітай (у 1774 кароткі час быў яе сакратаром). У сваіх працах адзначаў узорны характар асв. рэформы ў Рэчы Паспалітай. У 1814 эмігрыраваў у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗЯ́ЦКІ ДАГАВО́Р 1658,
пагадненне, якое вызначала ўзаемаадносіны Украіны і Польшчы. Падпісана 16.9.1658 у г. Гадзяч (Украіна) гетманам Запарожскага войска І.Выгоўскім і прадстаўнікамі польск. ўрада ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паводле Гадзяцкага дагавора з Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяв. ўтваралася асобная дзяржава, што аб’ядноўвалася з Польшчай, як і ВКЛ, на прынцыпах федэрацыі. Колькасць Запарожскага войска скарачалася да 30 тыс.чал., з кожнага палка 100 казакоў атрымлівалі шляхецтва. У Кіеве і ВКЛ ствараліся 2 акадэміі з прафесарамі правасл. і каталіцкага веравызнанняў, але скасоўваліся езуіцкія школы і забараняліся ерэтычныя секты. Гадзяцкі дагавор быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай, але не набыў сілы, бо ў выніку нар. паўстання 1659 гетман Выгоўскі скінуты і ўцёк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІР-ВАЛЫ́НСКІ,
горад у Валынскай вобл. Украіны. Каля 40 тыс.ж. (1999). Чыг. станцыя. Прам-сць: харч. (цукр., кансервавая і інш.), швейная, мэблевая. Успенскі сабор. (1160), Васільеўская царква (канец 13 — пач. 14 ст.), палаты епіскапаў (16 ст.).
Упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 988 як горад-крэпасць Уладзімір. У 12 ст. ўваходзіў ва Уладзіміра-Валынскае княства, з 1199 — Галіцка-Валынскае княства. З 1370 у ВКЛ. У 1431 атрымаў магдэбургскае права. Пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Паводле трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Уладзімір у складзе Зах. Валыні адышоў Расіі і наз. У-В. У 1919 далучаны да Польшчы, з 1939 у складзе Украіны, у Валынскай вобл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны (1941—44) ням.-фаш. войскамі.