БЕМ ((Bem) Юзаф) (17.3.1794, г. Тарнаў, Польшча — 10.12.1850),

польскі ваен. і паліт. дзеяч, ваен. тэарэтык. Генерал польск., венг. і тур. армій. Удзельнік кампаніі 1812 у складзе войскаў Напалеона. У 1815—25 афіцэр арміі Каралеўства Польскага, звольнены за ўдзел у тайнай патрыят. арг-цыі. У час паўстання 1830—31 адзін з кіраўнікоў абароны Варшавы. Удзельнічаў у абароне рэв. Вены (кастр. 1848), узначаліў венг. армію (1849). Пасля паражэння венг. рэвалюцыі ўцёк у Турцыю, прыняў іслам і пад імем Мурат-пашы служыў у тур. арміі. Аўтар прац па матэматыцы, ваен. справе, гісторыі.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НБЕ́КЕРЫ (англ. greenbackers ад greenbacks літар. зялёныя спінкі),

удзельнікі фермерскага руху ў ЗША у 1870—80-я г. Выступілі ў 1875 з мэтай захаваць у абарачэнні абясцэненыя папяровыя грошы (т.зв. грынбекі, іх адваротны бок меў зялёны колер, адсюль назва), спадзеючыся заплаціць імі працэнты па даўгах. У 1875—76 створана паліт. партыя грынбекераў, якая пасля аб’яднання з дробнымі гар. прадпрымальнікамі і рабочымі стала называцца Нац. грынбекерска-рабочай партыяй. Пасля паражэння іх кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 1884 партыя перастала існаваць. У 1890-я г. грынбекеры прынялі ўдзел у руху папулістаў.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫ́ДЫ,

дынастыя султанаў, якая правіла на тэр. сучаснага Афганістана і ч. Індыі ў 1148—1206. Паходзілі з роду Суры. Цэнтр заснаванай імі дзяржавы ахопліваў горную вобл. Гур у Афганістане (адсюль назва дынастыі), сталіцамі былі гарады Фірузкух і Газні. Найб. магутнасці дасягнулі ў час. праўлення братоў Гіяс-ад-дзіна Мухамеда [1163—1203] і Шыхаб-ад-дзіна (Муіз-ад-дзіна ці Мухамеда Гуры, правіў у 1203—06), якія заваявалі амаль усе афг. землі, Сінд, Пенджаб, Бенарэс і інш. вобласці і гарады Індыі. Пасля ваен. паражэння Гурыдаў у барацьбе з харэзмшахамі іх дзяржава распалася (1206).

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́СІФ ФЛА́ВІЙ (Josephus Flavius; яўр. Іосеф бен Матыт’яху; 37, Іерусалім, Ізраіль — пасля 100),

старажытнаяўрэйскі гісторык. У час іудзейскай вайны 66—73 военачальнік у Галілеі. Пасля паражэння каля крэпасці Іатапата (67) перайшоў на бок рымлян. У Рыме атрымаў правы грамадзяніна і прызначаны гістарыёграфам Флавіяў (узяў іх радавое імя). Аўтар твораў «Іудзейская вайна», «Іудзейскія старажытнасці», «Аб старажытнасці іудзейскага народа. Супраць Апіёна», «Жыццё», у якіх выкарыстоўваў і цытаваў шмат каштоўных крыніц і дакументаў, якія не дайшлі да нашага часу.

Тв.:

Рус. пер. — Иудейская война. Мн., 1991;

Иудейские древности. Т. 1—2. Мн., 1994.

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНЕ́ВІЧ (Фелікс) (1802, Мазыршчына — 1863),

удзельнік паўстання 1830—31. Вучыўся ў Віленскім ун-це. У маі 1831 узначаліў паўстанне ў Мазырскім пав. У створаны ім паўстанцкі атрад уваходзілі сяляне, шляхта, чыноўнікі. У чэрв. 1831 пасля няўдалай спробы захапіць Мазыр, атрад вымушаны быў перанесці дзеянні ў Рэчыцкі пав. Пасля паражэння паўстання эмігрыраваў у Галіцыю. У 1833 у Францыі. Удзельнічаў у паліт. жыцці польскай эміграцыі. Паводле некат. звестак у 1835—39, 1844—46 быў эмісарам на Палессі, у Галіцыі, на Валыні, у Коўне. У 1857, скарыстаўшы амністыю, вярнуўся ў Мазыр.

В.​В.​Швед.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЭНАПЕ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА [назва ад стараж. наймення Неапаля — Партэнапея (грэч. Parthenopeia)]. Абвешчана ў Каралеўстве абедзвюх Сіцылій 22.1.1799 неапалітанскімі рэспубліканцамі, якія пры падтрымцы войск франц. Дырэкторыі скінулі манархію Бурбонаў. Урад П.р. правёў некат. прагрэсіўныя рэформы (адмяніў права першародства і замяшчэння, адм. рэформу і інш.). Франц. войскі пасля паражэння ад аўстрыйцаў выйшлі з П.р.; сілы рэспубліканцаў былі разбіты арміяй кардынала Ф.​Руфа, якая пры дапамозе англ. флоту захапіла Неапаль. Улада Бурбонаў была адноўлена. Урад Фердынанда IV (I) парушыў падпісаную 23 чэрв. пачэсную капітуляцыю, якая гарантавала рэспубліканцам жыццё, і ўчыніў над імі расправу.

т. 12, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НІЙ (Марк) (Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.

Марк Антоній. Скульптура. 1 ст. да н.э.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАЦАРКО́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1651.

Падпісаны гетманам Украіны Б.​Хмяльніцкім і камісарам польск. ўрада каронным гетманам М.​Патоцкім 28 вер. пад Белай Царквой у час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54. Паводле Белацаркоўскага дагавора колькасць рэестравых казакоў змяншалася з 40 да 20 тыс. чал.; ім дазвалялася жыць толькі ў Кіеўскім ваяводстве, укр. гетман падпарадкоўваўся польск. кароннаму гетману; польскай шляхце вярталіся б. маёнткі і прыгонныя. Стаў вынікам ваенных няўдач казацка-тат. войска пад камандаваннем Хмяльніцкага, яго паражэння пад Берастэчкам (1651). Белацаркоўскі дагавор скасаваны ў 1652 пасля перамогі Хмяльніцкага над польск. войскамі пад Батогам на Брацлаўшчыне.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НА-ІТАЛЬЯ́НСКІ ДАГАВО́Р 1939, «Пакт аб саюзе паміж Італіяй і Германіяй» («Стальны пакт»). Падпісаны 22 мая ў Берліне міністрамі замежных спраў нацысцкай Германіі (І.​Рыбентроп) і фаш. Італіі (Г.​Чыяна) тэрмінам на 10 гадоў. Аформіў ваен. супрацоўніцтва фаш. дзяржаў (прадугледжваў іх абавязкі аб узаемадапамозе і саюзе ў выпадку ваен. дзеянняў, абавязваў не заключаць перамір’я і міру без поўнай згоды бакоў і інш.). Дагавор стаў адным з элементаў ваен.-дыпламат. падрыхтоўкі 2-й сусв. вайны, у якую Італія ўступіла на баку Германіі ў чэрв. 1940. Дагавор ануляваны ў выніку ваен. паражэння абедзвюх фаш. дзяржаў (1945).

т. 5, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЫНЕНТА́ЛЬНАЯ БЛАКА́ДА,

эканамічная палітыка Францыі ў адносінах да Вялікабрытаніі ў 1806—14. Абвешчана дэкрэтам імператара Напалеона I Банапарта ад 21.11.1806 з мэтай зламаць супраціўленне Вялікабрытаніі ў барацьбе за гегемонію ў Еўропе і стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця франц. прам-сці. Саюзным і падуладным Францыі дзяржавам было забаронена весці гандаль, падтрымліваць паштовыя і інш. зносіны з Брыт. а-вамі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 да К.б. вымушана далучыліся Расія і Прусія. Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі большасць краін перасталі прытрымлівацца ўмоў блакады. Фармальна адменена ў сувязі з адрачэннем Напалеона I ад прастола (крас. 1814).

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)