Кага́н ’вага ў студні з жураўлём’, ’саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ), ’вочап у студні з жураўлём’ (драг., Нар. сл.). Гэтыя назвы ўтвараюць кампактны арэал на зах. Палессі. Магчыма, сюды ж адносіцца рус. маск. каган ’жэрдка, якой умацоўваюць снапы або сена на возе’. Такая паралель не дазваляе меркаваць аб вузкалакальным пераносе ад каган, да якога ўзыходзіць каганец (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуло́нь ’непакрытая лесам прастора (на сухім месцы)’ (малар., Сіг.). Фанетычны варыянт зафіксаванага на Палессі полонь, полоня (гл. палоня) 9 што працягваюць польск. płonią ’лужок у лесе’, н.-луж. płoń ’гала, раўніна’, укр. полонь, полонина ’адкрытая прастора, альпійскі луг’ і пад., адносна іх гл. Банькоўскі 2, 626; Ніканчук, Этимология–1984, 168; ЕСУМ, 4, 486 (да поле, гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЯЛІ́КАЯ БЕ́ЛАЯ ЧА́ПЛЯ (Egretta alba),

птушка сям. чаплевых атр. буслападобных. Пашырана на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жыве ў бязлесных або бедных лясной расліннасцю мясцінах з вадаёмамі і вял. трысняговымі і чаротавымі зараснікамі. На Беларусі пералётная, зрэдку гняздуецца, часцей трапляецца на Палессі, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 85—102 см, маса 1,1—1,5 кг, размах крылаў 1,4—1,7 м. Апярэнне снежна-белае. У шлюбным уборы на патыліцы невял. чубок. Ногі і шыя доўгія, дзюба прамая, вострая. Корміцца буйнымі насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі млекакормячымі, рыбай, жабамі, малюскамі і інш. Гнёзды пераважна на заломах трыснягу, чароту. Выседжвае 3—5 птушанят.

Вялікая белая чапля.

т. 4, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРГЕ́Й (Валянціна Сяргееўна) (н. 28.9.1946, г. Петрыкаў Гомельскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1984). Скончыла БДУ (1968). Працавала ў БДУ, Гродзенскім пед. ін-це, з 1978 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Асн. кірунак дзейнасці — гістарыяграфія археалогіі Беларусі і гісторыя насельніцтва Бел. Палесся жал. веку. Адзін з аўтараў кн. «Беларуская археалогія» (1987).

Тв.:

Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг. Мн., 1992;

Актуальныя праблемы археалогіі славян 5—10 ст. у Беларускім Палессі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён. Мн., 1992;

Раннеславянское поселение Струга 1 на нижней Горыни // Archaeoslavica. 1993. № 2;

Западный ареал милоградской культуры // Гіст.-археалагічны зб. 1995. № 7.

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́НЫ (ням. Düne, адз. л.),

выдмы, формы рэльефу пяскоў, утвораныя ветравой акумуляцыяй. Трапляюцца на ўзбярэжжах мораў, азёр, на рачных тэрасах, зандравых раўнінах, напр., на ўзбярэжжах Балтыйскага, Белага, Аральскага, Каспійскага мораў, на берагах Балхаша і інш. У адрозненне ад барханаў «рогі» Дз. накіраваны супраць ветру. Наветраны схіл доўгі і спусцісты, падветраны — стромкі і пукаты. Выш. да 30 м, зрэдку да 100 м. Не замацаваныя расліннасцю Дз. могуць перамяшчацца ў напрамку пануючых вятроў са скорасцю 1—20 м за год. Адрозніваюць папярочныя, падоўжаныя і парабалічныя Дз. На Беларусі стараж. Дз. трапляюцца на Палессі, Полацкай, Нарачана-Вілейскай і Нёманскай нізінах.

Пясчаная дзюна на ўзбярэжжы Прыбалтыкі.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖА́БКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Бытаваў пераважна на Бел. Палессі і Віцебшчыне. Выконваўся мужчынамі. Асн. змест танца — жартоўнае перайманне рухаў і скокаў жаб, часта з выкарыстаннем трукавых рухаў. «Ж.» выконвалася найчасцей сола, адным ці двума мужчынамі: абапіраючыся на падлогу рукамі, сагнутымі ў локцях, і пальцамі выцягнутых ног, адзін з іх падскокамі рухаўся па падлозе, другі, расставіўшы ногі, скакаў над ім. Сярод шматлікіх рухаў «Ж.» — скокі на руках з выцягнутымі ўперад нагамі, скокі адзін цераз аднаго ў гарыз. становішчы, кулянне праз галаву і інш. Часам танец выконвалі жанчыны, зрэдку з прыпеўкамі ці імітацыяй квакання жаб.

Ю.​М.​Чурко.

т. 6, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЯЕ́Д (Circaetus gallicus або С. ferox),

птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Паўд.-Зах. Сібіры, Паўн. Манголіі. Жыве ў мясцінах, дзе лясныя масівы перамяжоўваюцца адкрытымі прасторамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, пераважна на Палессі і Паазер’і; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 73 см, маса да 2 кг, размах крылаў да 1,95 м. Зверху шаравата-буры, знізу — белы з рэдкімі стракацінамі, горла і валляк цёмныя, хвост паласаты. Гнёзды на высокіх дрэвах, скалах. Нясе 1 яйцо. Корміцца пераважна змеямі (адсюль назва), вужамі, яшчаркамі, жабамі. Зімуе ў Паўд.-Зах. Азіі, Афрыцы.

Змеяед.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫ ДЗЯ́ЦЕЛ (Picus viridis),

птушка сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на Палессі; занесены ў Чырв. кнігу. Нар. назвы зялёная жаўна, жаўна.

Даўж. да 37 см, маса да 250 г. Афарбоўка жаўтавата-зеленаватая. спіна ярка-зялёная, надхвосце бліскуча-жоўтае. Ад дзюбы па баках галавы і шыі ідуць чорныя «вусы», у самцоў яны з чырвонымі стракацінамі. Брушка бледна-зеленаватае, зрэдку з цёмнымі стракацінамі. У маладых птушак стракаціны шматлікія, цёмныя. Гнёзды ў дуплах дрэў. Нясе 5—9 яец. Корміцца мурашкамі, жукамі-вусачамі, златкамі, дрэвагрызамі, караедамі і інш.

Зялёны дзяцел.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙЗА́РАЎ (сапр. Кейзераў) Аляксей Сцяпанавіч

(4.10.1928, в. Бронніца Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 22.11.1994),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1955). Працаваў настаўнікам, у рэдакцыях газет, на Бел. радыё, у 1974—88 у час. «Неман». Друкаваўся з 1950. Пісаў на рус. і бел. мовах пераважна для дзяцей (кн. «Хітры цвічок», 1966, «Першы разведузвод», 1969, «У нас у Тапалёўцы», 1976). Запісаў і літ. апрацаваў мемуары ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны Э.​Лаўрыновіча, І.​Зуевіча, М.​Фядотава і інш., кн. Н.​Гірыловіча «Дальва — сястра Хатыні» (1981). Аўтар дакумент. аповесці «Рэха на Палессі» (1979).

Тв.:

Нас было семеро: Повести. Мн., 1963;

И возвратятся журавли: Повести. Мн., 1988.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДКА, падгалосак,

верхні саліруючы голас, які ў нар. шматгалоссі кантрапунктуе асн. напеву ніжняга голасу, што вядзе ўвесь хор («басуе», «туруе»), Выконваецца адным найб. майстэрскім спеваком (што можа «падняць песню»). Бел. шматгалосы спеў з П. роднасны спеву Укр. Палесся (з майстэрствам «выводзіць») і тыпалагічна блізкі спеву рус. данскіх казакоў (з майстэрствам «дышканціць»), На Беларусі найб. пашыраны на Палессі, сустракаецца таксама на Магілёўшчыне і паўд. Міншчыне.

Літ.:

Можейко З. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984;

Эвальд З.В. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)