ДО́БРУШСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943. Аб’ядноўвала 6 груп, больш за 70 чал. Кіраўнік Н.С.Кулікоў, намеснік Дз.М.Гладышаў. Групы сфарміраваны з рабочых і навучэнцаў Добруша, былых ваеннаслужачых, работнікаў Добрушскага лясніцтва, з жыхароў Добруша і в. Камень. Падпольшчыкі знішчалі абсталяванне папяровай ф-кі, гаручае на Добрушскай МТС, арганізавалі выбух каля чыг. ст. Закапыцце, у выніку якога знішчана вял. колькасць ням. ваеннаслужачых. У маі 1943 на ўчастку чыг. Гомель—Бранск пушчаны пад адхон 3 эшалоны. У ліп. і вер. 1943 партызаны з дапамогай падпольшчыкаў знішчылі электрастанцыю, спалілі аўтарамонтную майстэрню, 2 цэхі, узарвалі пілараму і артыл. склад.
М.Ф.Шумейка.
т. 6, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з крас. 1942 да вер. 1943 на тэр. Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. Кіраўнік С.П.Паршын. Складалася з жыхароў г.п. Краснаполле, в. Вял. Хутары, Маластоўка, Турэйск і б. ваеннаслужачых (усяго 18 чал.). Падпольшчыкі трымалі сувязь з 41-м партыз. атрадам і 47-й партыз. брыгадай «Перамога», перадавалі ім разведданыя, атрымлівалі ад іх лістоўкі і газеты, запісвалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, друкавалі іх на машынцы і распаўсюджвалі сярод насельніцтва, знішчылі тэлеф. сувязь у паліцыі і камендатуры. 7.11.1942 падпольшчыку І.П.Галярку, што працаваў тэхнікам на мясц. радыёвузле, удалося настроіць апаратуру на Маскву і ўключыць у трансляцыйную сетку; акупанты арыштавалі і павесілі патрыёта.
т. 8, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САР’ЯНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў жн. 1941 — чэрв. 1942 у в. Сар’я Дрысенскага (цяпер Верхнядзвінскага) р-на Віцебскай вобл. Налічвала спачатку 6 чал. (кіраўнік Б.А.Жук), потым далучыліся патрыёты навакольных вёсак Громаўкі (А.А.Воранаў), Дзегцярова (В.І.Аўсюк), Мушына (А.Ф.Ліпскі), Шунькі (П.К.Пілюшкін), якія рыхтавалі людзей да партыз. барацьбы. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, зрывалі збор акупантамі прадуктаў харчавання, вываз насельніцтва на работу ў Германію, збіралі зброю, боепрыпасы, рабілі напады на дробныя ням. гарнізоны, арганізоўвалі засады. У сувязі з пагрозай выкрыцця падпольшчыкі (каля 30 чал.) пайшлі ў лес, дзе стварылі партыз. атрад імя Пархоменкі. У барацьбе з акупантамі загінула 11 падпольшчыкаў.
Б.П.Шымук.
т. 14, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з канца 1941 да вер. 1943 у г.п. Брагін і в. Савічы Брагінскага р-на. Групы ў Брагіне (15 чал., кіраўнікі П.Р.Зяновіч, М.Л.Дубіна, С.І.Рэпчанка) і Савічах (19 чал., кіраўнікі С.І. і Ф.І.Філіпенкі, Ф.А.Загаранскі) наладзілі сувязь з партызанамі, прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, перашкаджалі фашыстам вывозіць моладзь у Германію, разграмілі варожы гарнізон і маслазавод у Савічах. Пасля арышту і расстрэлу асн. складу падпольшчыкаў патрыёты з новым папаўненнем узмацнілі дапамогу партызанам, агітацыю ў славацкіх падраздзяленнях праціўніка. У час разгрому партызанамі варожага гарнізона ў Брагіне спалілі друкарню, вывелі са строю электрастанцыю і перайшлі ў партыз. атрад імя Катоўскага.
т. 3, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Брэсце пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля і Брэсцкага падп. гаркома ЛКСМБ. Першая падп. арг-цыя (кіраўнікі груп Г.К.Баннікаў, Л.В.Папова, Б.М.Пікус, М.А.Шошчыц) дзейнічала з пач. вайны. Восенню 1941 большасць падпольшчыкаў арыштавана. У жн. 1941 рашэннем гар. парт. к-та створана 2-я падп. арг-цыя на чале з У.А.Несцярэнкам, члены якой арганізоўвалі збор зброі, боепрыпасаў і адзення для партызан, наладжвалі ўцёкі ваеннапалонных, прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі на чыгунцы, здабывалі разведданыя, медыкаменты. У 1942 частка падпольшчыкаў пайшла да партызан, астатнія (каля 30 чал.) прымалі ўдзел у рабоце патрыят. падполля або дзейнічалі самастойна.
т. 3, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 на тэр. Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. Кіраўнікі Ц.М.Астапенка (загінуў) і М.С.Белы. Аб’ядноўвала 5 груп (57 чал.): 2 у Васілевічах (кіраўнікі Л.П.Курганская-Сакалова, А.І.Белы), у в. Бабічы (П.А.Астапенка), Навінкі (А.Ф.Фралоў), Хамічы і Гогалева (С.П.Алісейка). Падпольшчыкі прымалі па радыёпрыёмніках і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, трымалі сувязь з Васілевіцкім і імя Варашылава партыз. атрадамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, звесткі разведкі, папярэджвалі партызан і насельніцтва пра карныя аперацыі гітлераўцаў, вывелі са строю электрастанцыю ў Васілевічах, учынялі інш. дыверсіі. У барацьбе з акупантамі загінуў 31 падпольшчык. У Васілевічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.
т. 4, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 у Кармянскім р-не Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 39 чал., 4 падп. арг-цыі і групы ў вёсках: Бель (кіраўнік І.П.Калякін), Валынцы (Т.І.Абатурава, В.Я.Паўлава), Гарадок (У.І.Майсейкаў, А.А.Вішнеўскі), Струмень (А.І.Хадановіч). Падпольшчыкі збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, рыхтавалі людскія рэзервы, праводзілі сярод насельніцтва паліт. работу, вялі разведку, падтрымлівалі сувязь з Кармянскім партыз. атрадам, брыгадамі 10-й Журавіцкай і № 47 «Перамога», забяспечвалі партызан праваднікамі, дакументамі, арганізавалі лодачную пераправу цераз р. Сож. У перыяд блакады партыз. зоны карнікамі ў ліп.—жн. 1942 падпольшчыкі дапамагалі партызанам выходзіць з акружэння, знішчылі лінію сувязі на ўчастку Карма—Літвінавічы, прымалі ўдзел ў разгроме мясц. паліцэйскага ўчастка.
т. 8, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да жн. 1943 у Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл. (кіраўнік К.А.Равуцкі, з вер. 1942 А.Л.Гаўрыленка). Дзейнічала 5 груп (74 чал.): 2 у г. Крычаў (кіраўнікі Гаўрыленка, М.Р.Каінаў), вёсках Бацвінаўка (Б.Я.Грыгор’еў), Касцюшкавічы (С.С.Давыдзенка, з чэрв. 1942 Дз.Я.Грыгор’еў), Міхеевічы (А.М.Крупадзёраў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, звесткі пра дыслакацыю войск і чыг. перавозкі ворага, арганізоўвалі дыверсіі на чыгунцы і чыг. вузле, уцёкі ваеннапалонных з лагераў, забяспечвалі іх дакументамі і інш. У лютым 1943 фашысты правялі арышты, уцалелыя падпольшчыкі стварылі партыз. атрад. У Крычаве помнік на магіле ваеннапалонных і падпольшчыкаў, што загінулі.
т. 8, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛЕ́ПСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1942 у вёсках Багута, Задомля, Ляды, Пагарэлкі, Прылепы, Прыстрамы Прылепскага с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. У розны час налічвала больш за 20 чал. (кіраўнікі І.Д.Будай, П.І.Санковіч). Падпольшчыкі трымалі сувязь з падп. групамі і партыз. атрадамі Смалявіцкага, Лагойскага і Барысаўскага р-наў, працавалі па іх заданнях. Арг-цыя была своеасаблівым базавым перасылачным пунктам для людзей, што ішлі з лесу ў Мінск або ў партызаны, і тут атрымлівалі зброю, дакументы, прытулак, праваднікоў. Падполлю Мінска патрыёты дапамагалі прадуктамі, вывозілі з горада лістоўкі, шрыфты, зброю, учынялі дыверсіі. У вер. 1942 пасля правалу Мінскага падполля асн. частка падпольшчыкаў пайшла да партызан.
А.М.Літвін.
т. 13, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАКО́ЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў в. Сімакі Багушэўскага р-на Віцебскай вобл. ў ліп. 1941 — вер. 1943 (кіраўнікі А.А.Нахаеў, А.Н.Ляхоўская). Падпольшчыкі (20 чал.) збіралі зброю і боепрыпасы, трымалі сувязь і супрацоўнічалі з дэсантнай групай Чырв. Арміі (кіраўнік М.А.Кавалёў), распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. З чэрв. 1943 падполле дзейнічала ў кантакце з кіраўніцтвам партыз. брыгады А.Ф.Данукалава і Віцебскага патрыят. падполля. З-за пагрозы арышту падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.
т. 14, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)