Вось 1 (БРС, Нас., Гарэц., Касп., Бяльк., КЭС, КТС). Рус. ось, укр. вісь, род. скл. воси, ст.-рус., ц.-слав. ось, балг. ос, серб.-харв. о̑с, славен. ȏs, род. скл. osȋ, чэш., славац. os, польск. oś, в.-луж. wóska, н.-луж. wós, палаб. vüs. Генетычна тоеснымі да славянскіх форм з’яўляюцца літ. ašìs ’вось’, лат. ass, ст.-прус. assis, ст.-інд. ákṣaḥ м. р., авест. aša‑, лац. axis, ірл. aiss ’павозка’, грэч. ἄξων ’вось’, ст.-в.-ням. ahsa ж. р. ’вось’ (Траўтман, 14 і наст.; Праабражэнскі, 1, 667; Фасмер, 3, 168; Майргофер, 1, 16).

Вось 2 выкл. (БРС, Нас., Яруш., Гарэц., КЭС, Шат.), вося (Нас.). Рус. восе, ст.-рус. восе ’тс’. З во (гл.) і се ’вось, гэта’ (Фасмер, 1, 356). Сюды ж і вось ’потым’ (Жд., 1); параўн. рус. во́сеть ’нядаўна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарада́йка 1 ’воз, калёсы, брычка’ (драг., Нар. лекс.), ’таратайка, лёгкая павозка’ (Байк. і Некр.), ’лёгкі летні вазок’ (Нас.), ’двухколка’ (ТС), ’воз на двух колах для выезду ў поле; стары, паламаны воз’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’разбіты воз’ (драг., Ск. нар. мовы), тарадэ́йка ’старая рэч’ (Шатал.), ’вазок’ (Касп.), ’стары, пабіты грузавік’ (Яўс.). Параўн. укр. тарада́йка ’лёгкі двухколавы вазок’, польск. дыял. taradajka, taradejka ’брычка’. Гл. тарата́йка.

Тарадайка 2 ’кошык з сасновай дранкі’ (Сл. Брэс.), ’чатырохвугольная каробка для ягад, грыбоў, зробленая з дранкі, ’двухкалёсны вазок; трашчотка’ (ТС), тарадэ́йка ’від трашчоткі’ (Др.-Падб., Стан.), ’прылада ў выглядзе шасцярні і дошчачкі, каб утвараць шум, трэск’ (Варл.), ’балбатун’ (Рагаўц., Мат. Маг.), ’балаболка’ (Шатал.), ’частушка’ (Мат. Гом.). Вытворныя ад дзеясловаў гукапераймальнага паходжання, параўн. выклічнік польск. дыял. tarada! (здагадка), taradáj ’балбатун, трапло’, taradajka, taradejka ’трашчотка; шумлівая баба’, гл. тарадахаць, тарадэіць і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арба́ 1 (БРС). Рус. арба́, араба́, укр. гарба́, рэдка арба́ ’павозка’, араба́, гараба́ ’цыганскі, малдаўскі ці татарскі воз’, польск. arba, чэш. arba (экзатызмы). Заходнеславянскія формы запазычаны праз рускую мову. Крыніца рускага слова, напэўна, татарская (Дзмітрыеў, Строй, 521); экзатычнае значэнне ўказвае на крымска-татарскую і азербайджанскую магчымыя крыніцы запазычання слова. Параўн. Фасмер, 1, 83; Шанскі, 1, А, 135. Гараеў, 5, слушна звярнуў увагу і на наяўнасць слова не толькі ў цюркскіх, але і ў іншых каўказскіх мовах, напрыклад у асецінкай, што садзейнічала пранікненню слова ў рускую мову. Бел. арба мае цюркскую крыніцу, але не без падстаў Крукоўскі (Уплыў, 74) адзначаў ролю рускай мовы ў перадачы слова да беларускай.

А́рба 2 ’старажытнай прылада’ (Касп.). Параўн. арфа 2 ’веялка’ (гл.). Субстытуцыя б — ф цераз п (арпа); нельга выключыць, што бел. арба < літ. дыял. árba ’арфа (веялка)’ (LKŽ), хаця літоўская форма зарэгістравана на паўночным захадзе.

Арба́ 3. Назоўнік ад дзеяслова араць (з суф. -ба).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СА́НІ,

палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл. Санны спорт).

На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.

Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Сані.

т. 14, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Wágen m -s, -

1) паво́зка, воз, калама́жка

2) (аўта)машы́на, аўтамабі́ль;

der ~ liegt gut auf der Stráße у машы́ны пла́ўны ход;

den ~ führen вадзі́ць машы́ну [аўтамабі́ль], кірава́ць машы́най

3) ваго́н;

gepólsterter ~ мя́ккі ваго́н

4) астр:

der Gróße ~ Вялі́кая Мядзве́дзіца, разм. Вялі́кі Воз;

der Kléine ~ Мала́я Мядзве́дзіца, разм. Малы́ Воз;

◊

die Pférde hínter den Wágen spánnen ≅ пачына́ць не з таго́ канца́

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Калёсы ’конная чатырохколая гаспадарчая павозка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг., Жд. 2, Касп., Кліх; Растарг., КЭС, лаг.; Маш.), палес. форма — калёса (Нас., Нік., Оч., Серб., Сержп. Грам., мазыр.; Сержп.)? — «перо скрыпіць, бы не мазаные калёса» (Сцяц. Нар.; Сцяшк. МГ, Радч.)? — «тарарай калёсы, тарарай Повезли Ганночку з пекла в рай»; Шат. (калёса); мін., Шпіл. («…телега в робѣ петербургскіхъ ломовыхъ…», 4, 27). Распаўсюджанне на палескай тэрыторыі гл. у Масленікавай, 172. Адзначаюць таксама Сл. паўн.-зах., ТС (у форме колёса). Вядома фактычна на ўсёй тэрыторыі. Укр. матэрыял нам невядомы, але Даль прыводзіў паўд.-рус. колёса ’воз’ у пагранічнай да беларускай зоне (смал., зах.-бран.) і ў глыбі моўнай тэрыторыі — маск., том. У польск. мове kolasa ’старажытны воз, карэта’, ’сялянскі воз’ і інш., звяртаюць на сябе ўвагу адзначаныя на Мазоўшы і ў Варміі формы kolosa, kolaski, як рэгіянальныя і адпаведныя беларускім. У іншых зах.-слав.: ст.-чэш. kolesa ’воз’, славац. kolesá ’воз для перавозу бярвенняў’. На поўдні: серб.-харв. kolèsa ’воз’. Слаўскі (2, 344) мяркуе аб прасл. *kolesa, мн. ліку ад kolo; па мадэлі ўтварэння аналагічнае лац. rotae ’воз’ (rota ’кола’). Польск. крыніцы XVI і асабліва XVII ст. даюць падставы выводзіць рэаліі з усх.-слав. тэрыторыі. Брукнер (245) меркаваў нават аб запазычанні ў польск. мову. Лінгвагеаграфія бел. слова сведчыць аб пазнейшым яго распаўсюджанні. Не выключай таксама ўплыў польскай лексемы; аб яе шырокай экспансіі гл. у Слаўскага, 2, 343–344 (у ням., франц., італ. і інш.), у тым ліку пры пасрэдніцтве розных моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каці́цца ​1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца ​2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)