калыха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. калыхаць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. калыхацца. Прывычнае вока ўлавіла лёгкае калыханне рэдкага ценю. Гартны. Прапусціў ён [Ігнась] міма сябе роту вайсковых, прасачыў за калыханнем іх вастраверхіх шапак. Чорны. На сонныя шэпты, на траў калыханне Наладжваць ліру яшчэ не пара! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабінзо́н, ‑а, м.

Пра чалавека, вымушанага жыць у бязлюдным месцы і самому здабываць сабе ўсё неабходнае для жыцця. Палескія рабінзоны. □ Ноччу міма праплывалі параходы, на іх шпацыравалі вясёлыя людзі, а мы ляжалі, чатыры рабінзоны, на сваім бязлюдным востраве і разумелі, што ніякай карысці нам ад гэтых параходаў няма. Радкевіч.

[Ад імя галоўнага героя рамана Д. Дэфо «Рабінзон Круза».]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усхлі́п, ‑у, м.

Гук, які ўтвараецца пры плачы. У вагоне пачуліся ўсхліпы жанчын. Ставер. Ядвіга Казіміраўна не адымала рук ад твару, плечы яе часта ўздрыгвалі, праз пальцы вырываліся пакутлівыя ўсхліпы. Шамякін. / у перан. ужыв. Міма хаты па вуліцы прайшлі хлопцы, бязладна рыпаючы гармонікам. На ўсхліпы басоў выскачыла Наста. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мімахо́дам, прысл.

1. Праходзячы, праязджаючы міма. Пастаяўшы крыху на месцы, нібы ў задуменні, зубр рушыць далей, абрываючы мімаходам маладыя галінкі ясеня. В. Вольскі.

2. Між іншым, выпадкова. — Нездарма ты аб трактары гаварыў, — кідае .. [Косціку] мімаходам рэпліку Ніна. Дуброўскі. — Што, едзеш куды? — нібы мімаходам спытала Макатрыха. — Угу-у, — абыякава адказаў Васіль. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўто́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які робіцца, адбываецца другі раз. Рашчэня нямала пастараўся і праявіў вынаходлівасці, каб правесці камісію міма трактара, які заставаўся для паўторнага рамонту. Шамякін. Галавач звярнуўся ў выдавецтва з просьбай, каб яму далі кнігу Хадыкі на паўторную рэдакцыю. Хведаровіч.

2. Прызначаны для паўтарэння чаго‑н. (засвоенага, пройдзенага). Паўторныя практыкаванні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прае́хаць, -е́ду, -е́дзеш, -е́дзе; -е́дзь; зак.

1. што. Перамяшчаючыся на чым-н., мінуць, пераадолець якую-н. прастору.

П. плошчу.

П. міма станцыі.

П. пяць кіламетраў.

2. што. Не спыніцца, не сысці там, дзе было трэба.

П. сваю станцыю.

3. Правесці ў дарозе які-н. час.

П. восем гадзін.

4. Тое, што і праехацца (у 1 знач.).

Эх, добра п. па роўнай дарозе на веласіпедзе.

|| незак. праязджа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1, 2 і 4 знач.).

|| наз. прае́зд, -у, М -дзе, м. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

overshoot [ˌəʊvəˈʃu:t] v. (overshot)

1. праляце́ць мі́ма цэ́лі (пра кулю), прамахну́цца; прайсці́/прае́хаць/праляце́ць дале́й запланава́нага;

The aircraft overshot the runway. Самалёт прызямліўся за пасадачнай паласой.

2. перавыша́ць, перасяга́ць;

overshoot the mark узя́ць вышэ́й/дале́й за цэль

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

увахо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прызначаны, служыць для ўваходу. Уваходныя дзверы. □ Грукаючы на крыжавінах, цягнік прайшоў міма ўваходных стрэлак, паступова суцішаючы ход. Мележ.

2. Які дае права на ўваход куды‑н. Уваходны білет.

3. Атрыманы ўстановай (пра дакументы, карэспандэнцыю і пад.); проціл. выходны. // у знач. наз. увахо́дная, ‑ай, ж. Дзелавы дакумент такога тыпу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЯЛІ́КДЗЕНЬ, вяліканне,

веснавое свята стараж. славян у гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае свята пачатку жніва было і ў стараж. семіцкіх плямён, называлася яно «Пасха» (стараж.-яўр. passah праходзіць міма). З развіццём культу бога Яхве Пасха святкавалася ў гонар выхаду яўрэяў з Егіпта, потым яе сталі звязваць з чаканнем «нябеснага збавіцеля» — месіі. На Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забеспячэння плоднасці жывёлы, урадлівасці зямлі, засцеражэння ад нягод. У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, гульні з велікоднымі яйкамі (біццё і качанне яек з лубка), карагоды і памінанне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды (гл. Радаўніца). У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраны валачобныя абыходы, у час якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі велічальныя валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівай долі. Хрысціяне пераасэнсавалі Вялікдзень у свята ўваскрэсення распятага Ісуса Хрыста, якое стала гал. хрысціянскім святам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаванне перамогі над грахом і смерцю. Першапачаткова хрысціянскі Вялікдзень і іудзейская Пасха супадалі па часе. У 325 на 1-м Усяленскім Нікейскім царк. саборы было вырашана святкаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзення даты з іудзейскай Пасхай. Вялікдзень з’яўляецца рухомым святам. Разлічваецца правасл. царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 крас. да 8 мая. Паводле закону «Аб святочных днях у Рэспубліцы Беларусь» ад 19.12.1991 В. лічыцца святочным (нерабочым) днём.

А.​У.​Верашчагіна.

Да арт. Вялікдзень. Уваскрэсенне — сашэсце ў пекла Абраз з Троіцкай царквы в. Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. 2-я пал. 17 — пач. 18 ст.

т. 4, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мімалётны, ‑ая, ‑ае.

1. Які пралятае або хутка праходзіць міма, не затрымліваючыся. Добра быць хваляй марской, Ветрам, крыніцай, пясчынкай, .. Ці мімалётнай сняжынкай. Танк.

2. Які хутка знікае, хутка праходзіць; непрацяглы. Арцём усміхаецца — скупа, з хмурынкай мімалётнага суму. Ракітны. // Беглы, быстры (пра позірк, ўсмешку). — Мггу! — прамычаў Міхей, з гонарам кінуўшы на Сцяпана мімалётны позірк. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)