КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬ (грэч. Konstantinupolis, лац. Constantinopolis),

Царград, сталіца Рымскай (330—395) і Візантыйскай (395—1453, акрамя 1204—61) імперый. Засн. ў 324—330 рым. імператарам Канстанцінам I (адсюль назва) на месцы стараж.-грэч. калоніі Візантый. Развіццю горада спрыяла зручнае геагр. размяшчэнне (на перакрыжаванні гандл. шляхоў з Зах. Азіі ў Егіпет і з Міжземнага м. ў Чорнае). Яго неаднаразова асаджвалі авары (626), арабы (673—677, 717—718), балгары (814), усх. славяне (напр., Алег). Да канца 11 ст. дамінуючы гандл.-рамесніцкі і культ. цэнтр Візантыі. У 1204 захоплены і разрабаваны крыжаносцамі, якія зрабілі горад сталіцай створанай імі (1204) Лацінскай імперыі. У 1261 адваяваны візантыйцамі пры падтрымцы генуэзцаў. Найбуйнейшы (больш за 100 тыс. жыхароў) і найбагацейшы горад сярэдневяковай Еўропы. Яго лічылі сваёй рэліг. і культ. сталіцай паўд. і ўсх. славяне (называлі Царград). У 1453 захоплены і разрабаваны туркамі-асманамі, перайменаваны ў Стамбул (сталіца Турцыі да 1923; назва «К.» ужывалася ў еўрап. і інш. краінах да 1920-х г.).

т. 7, с. 595

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІНІ́ЗМ,

слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр. Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.

Літ.:

Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКЕ́ЙСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,

візантыйская дзяржава ў М.​Азіі ў 1204—61, якая ўзнікла пасля захопу Канстанцінопаля крыжаносцамі. Сталіца — г. Нікея (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Першым правіцелем быў Феодар I Ласкарыс [1204—22] з тытулам дэспата, з 1208 — імператара. Н.і. вызначылася ў барацьбе з Лацінскай імперыяй, туркамі-сельджукамі і Трапезундскай імперыяй. У 1214 Феодар I адваяваў частку чарнаморскага ўзбярэжжа ў Трапезундскай дынастыі і падпісаў Німфейскі дагавор, які замацаваў межы паміж Н.і. і Лац. імперыяй. Н.і. гандлявала з Генуяй, Канійскім султанатам, Руссю. Нікейскі імператар Іаан III Дука Ватац адваяваў у лацінян іх уладанні ў М.​Азіі, у 1235 замацаваўся ў Фракіі, у 1246 захапіў Фесалонікі. Імператар Міхаіл VIII Палеалог [1258—61] у 1259 разбіў каля Пелагоніі войска антынікейскай кааліцыі (Эпірская дзяржава, Сіцылійскае каралеўства, Ахейскае княства, каралеўства Сербія). У 1261 Н.і. падпісала Німфейскі дагавор з Генуяй, паводле якога ў абмен на ваен. дапамогу супраць венецыянцаў і Лац. імперыі прадастаўляла генуэзскім купцам гандл. прывілеі. У 1261 нікейскія войскі занялі Канстанцінопаль, імператар Міхаіл VIII перанёс сюды сталіцу і аднавіў Візантыю.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

э́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які абазначаецца ў формулах умоўным сімвалам — лацінскай літарай N, n у значэнні: любы, які хочаш, усякі (пра велічыні). Энны член. Энны лік.

2. перан. (звычайна са словамі: «колькасць», «лічба»). Нявызначанай велічыні, колькасці, вялікі, неабмежаваны. І ўсё ж сваёй шчодрай рукой Выдала [восень-бухгалтарка], згодна з патрэбамі, Энную суму для ўцехі людской... Кляўко. Ведаю: прысніцца на зорцы ў бядзе радзімы белы абрус, бярозка з-пад Мінска на эннай вярсце, белая Белая Русь. Стрыгалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арля́к ’гатунак папараці, Pteridium aquilinum’. Рус., укр. орляк. Назвы папараці і ў іншых народаў звязваюцца з паняццем птушак, крылляў: параўн. лацінскую назву, славац. kapraď orličí, чэш. křídlatěnec (Махэк, Jména rostl., 33), таму, магчыма, гэта не пераклад лацінскай назвы, а самастойнае ўтварэнне паводле знешняга выгляду лісця, якое нагадвае крылле птушкі; не выключана таксама калька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атмасфе́ра. Новае (відаць, пачатку XX ст.) запазычанне інтэрнацыянальнага тэрміна з рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 90), у якой з 1718 (Біржакава, Очерки, 344) з лацінскай ці французскай, дзе ўтворана ад грэчаскіх слоў ἀτμός ’па́ра’ і σφαῖρα ’шар’. Пераноснае значэнне ’навакольная абстаноўка’ ў рускай мове з 40‑х гадоў XIX ст. Шанскі, 1, А, 172.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аванту́ра (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Гарэц.), авантурнік (Бяльк., Касп., КЭС), авантурыць (Бяльк.). Словаўтваральныя тыпы і фанетыка сведчаць аб запазычанні з польскай (XVII–XVIII стст.), у польскай мове з франц. avanture, якое ў сваю чаргу з с.-лац. adventura (< advenire ’адбывацца’), а, магчыма, польскае слова непасрэдна з лацінскай мовы. Шанскі, 1, А, 26.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арна́мент. Рус., укр. орна́мент, польск. ornament. Ужо ў ст.-бел. орнаментъ з лацінскай (Гіст. лекс., 108), магчыма, праз польскую мову, таму няма неабходнасці дапускаць паўторнае запазычанне ў XX ст. (як Гіст. мовы, 2, 144; Гіст. лекс., 252 і 261). Украінскае, рускае, як і беларускае, верагодна, праз польскую; у рускай з пач. XVIII ст. (Фасмер, 3, 153).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асекура́цыя ’паручыцельства’, асекуратар ’паручыцель доўгу’ (Нас.: ужываецца сярэднімі класамі). Гарб. прыводзіць лац. assecuratio. Ст.-бел. ассекурация (Вясноў, Бел. лекс., 35; Гіст. лекс., 109). Ст.-укр. ассекурація, ассекурувати(ся) з XVII–XVIII ст., захоўваецца і ў сучаснай мове. У беларускую праз польскую з лацінскай мовы. Няма патрэбы лічыць, што гэта запазычанне адбывалася двойчы, як Гіст. лекс., 237.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́лікі1 ’рэзкі, востры боль, рэзь у жываце, баку’ (ТСБМ, Нас.). З лац. colica ’тс’ (Шанскі, 2, 8, 200–201). Памылкова разглядалася як запазычанне з франц. colique (Фасмер, 2, 291). Але як было даведзена, упершыню зафіксавана ў XVII ст. у перакладзеным з лацінскай мовы помніку (Шанскі, 2, 8, 200).

Ко́лікі2 ’калаццё’ (Сцяшк.). Да калоць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)