ПЯЦІВУ́СНАЎКІ, язычковыя (Pentastomida, Linguatulida),

клас паразітычных беспазваночных няпэўнага сістэм. становішча. Найб. блізкія да тыпу членістаногіх. 2 атр., 15 родаў, больш за 70 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. Дарослыя паразітуюць у лёгкіх, дыхальных шляхах паўзуноў і млекакормячых, часам птушак. Найб. трапляецца П. насавая (Linguatula serrata, або L. rhinaria).

Даўж. да 14 см, самцы значна драбнейшыя (да 2 мм). Цела чэрве- або языкападобнае, укрыта тонкай кутыкулай. На брушным баку пярэдняга канца цела — рот, каля яго 2 пары прыдаткаў (хіцінізаваных кручкоў), якія памылкова прымалі за ротавыя адтуліны (адсюль назва). Мускулатура развітая. Нерв. сістэма сканцэнтравана ў падглотачную гангліёзную масу. Органы дыхання, кровазвароту і выдзялення адсутнічаюць. Раздзельнаполыя.

А.​М.​Петрыкаў.

Пяцівуснаўка насавая.

т. 13, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ЛЗА (Ігар Фёдаравіч) (8.2.1904, г. Кельцы, Польшча — 5.1.1994),

музыказнавец, кампазітар, літаратуразнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1954). Засл. дз. маст. Расіі (1974). Ганаровы д-р філасофіі Пражскага ун-та (1967), варшаўскай Муз. акадэміі (1986). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1925, клас Б.​Ляташынскага), выкладаў у ёй (з 1936 праф.) і ў Маскоўскай кансерваторыі. Музыказнавец-славіст, даследаваў пераважна польск. і чэш. музыку. Аўтар больш як 350 навук. прац, у т. л. кн. пра М.​Шыманоўскую, Ф.​Шапэна, М.​К.​Агінскага, А.​Скрабіна, А.​Пушкіна, А.​Міцкевіча. Сярод муз. твораў: 4 сімфоніі; аркестравыя, камерныя і фп. п’есы; рамансы; хары; музыка да кінафільмаў і інш.

Тв.:

История польской музыкальной культуры. Т. 1—3. М., 1954—72;

История чешской музыкальной культуры. Т. 1—2. М., 73;

О славянской музыке: Избр. работы. М., 1963;

О музыкантах XX в.: Избр. очерки. М., 1979;

Исторические судьбы романтизма и музыка;

Очерки. М., 1985;

Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́ШКІНА (Лідзія Іванаўна) (н. 15.6.1923, г. Іванава, Расія),

бел. спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар. арт. Беларусі (1963). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Ф.​Пятровай). У 1951—81 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1974 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае яркім прыгожым голасам, вял. эмацыянальнасцю, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Найб. блізкія ёй партыі гераінь з моцнымі характарамі, драм. і трагічным лёсам. Сярод партый у бел. операх: Надзея Дурава (аднайм. опера А.​Багатырова), Алеся, Ганка («Алеся» і «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Вераніка («Зорка Венера» Ю.​Семянякі, Удава кнігагандлёўца («Джардана Бруна» С.​Картэса); у класічным рэпертуары — Любаша, Амелфа («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Клітэмнестра («Арэстэя» С.​Танеева), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Ульрыка («Аіда», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Клара («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева). Выканальніца многіх камерных твораў бел. кампазітараў.

А.​Я.​Ракава.

Л.І.Галушкіна.
Л.Галушкіна ў ролях Марыны (уверсе) і Клары.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАНО́ВІЧ (Ніна Іосіфаўна) (н. 27.8. 1951, в. Лапічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1977, клас А.Кагадзеева). З 1976 хормайстар, з 1991 гал. хормайстар Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Спектаклі, пастаўленыя з яе ўдзелам, вызначаюцца высокай якасцю харавога гучання: «Новая зямля» Ю.​Семянякі, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана, «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава, «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі, «Візіт дамы» С.​Картэса, «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіча, «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, «Рыгалета», «Набука», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі, «Паяцы» Р.​Леанкавала, «Сельскі гонар» П.​Масканьі, «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці, «Турандот» Дж.​Пучыні, вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа, балет «Страсці» А.​Мдывані (хар. фінал). У рэпертуары Л. таксама буйныя творы хар. класікі, у т. л. Рэквіем Вердзі. Адна з арганізатараў (1990) Дзіцячага муз. т-ра-студыі пры Нац. т-ры оперы.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАВА (Марыяна Генадзеўна) (н. 23.4.1958, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),

бел. кампазітар, педагог. Скончыла Бел. кансерваторыю (1983, клас Я.Глебава). З 1985 выкладае ў Мінскім пед. ун-це (з 1993 дацэнт). Працуе пераважна ў галіне вак. лірыкі. У творчасці апіраецца на традыцыі бел. і рус. муз.-паэт. фальклору. Некат. творы напісаны пад уплывам жывапісу і л-ры. Сярод твораў: кантаты, у т. л. «Муха-цакатуха» на словы К.​Чукоўскага (1982); 3 сімфоніі, у т. л. «Чорная быль» (1988); «На кірмашы» для нар. арк. (1989); 2 сюіты з балета «Стойкі алавяны салдацік» і «Adagio» для камернага арк. (усе 1990); камерна-інстр., у т. л. стр. квартэт «Лічбы на сэрцы» па матывах аднайм. цыкла карцін М.​Савіцкага (1985); п’есы для фп. з інструментамі сола (1981—99); вак. цыклы і рамансы на вершы Н.​Гілевіча, А.​Кальцова, С.​Капуцікян, Н.​Мацяш, А.​Міцкевіча, А.​Пушкіна, Я.​Янішчыц, Т.​Мушынскай, на нар. тэксты; песні, хары, музыка да тэлеспектакляў.

Літ.:

В’югінава І. Жывапіс у гуках // Мастацтва. 1998. № 1.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЖАНАВА (Лідзія Міхайлаўна) (н. 4.3.1924, Масква),

бел. артыстка балета Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыла клас удасканалення Маскоўскага харэагр. вучылішча (1947). У 1947—68 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1968 узначальвала музей, з 1975 — архіў Творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Выканальніцкі стыль Р. вызначаўся пранікнёным лірызмам, чысцінёй і высакароднасцю пластычнай формы. Найб. поўна гэтыя якасці выявіліся пры стварэнні вобразаў Марынкі («Палымяныя сэрцы» В.​Залатарова—А.​Ермалаева), Надзейкі («Князь-возера» В.​Залатарова—К.​Мулера), Жызэлі («Жызэль» А.​Адана), Нікіі («Баядэрка» Л.​Мінкуса), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева). Сярод інш. партый: Адэта — Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Мінкуса), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана).

Літ.:

Чурко Ю. Лідзія Ражанава // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Громава Н. Цярністы шлях творчасці // Мастацтва Беларусі. 1984. № 3.

Ю.​М.​Чурко.

Л.М.Ражанава.
Л.Ражанава ў ролі Надзейкі.

т. 13, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дзяцю́к, дзецюка, м.

Разм. Юнак, хлопец. Адам, які па мірным часе хадзіў бы ў шосты клас,.. выглядаў ладным дзецюком. Навуменка. Цяпер яго Васільком зваць было неяк няёмка — гэта быў зграбны, плячысты дзяцюк, які толькі абліччам і, галоўнае, вачамі нагадваў даўнейшага гарэзнага школьніка. Дубоўка. // Нежанаты малады чалавек; кавалер. А ён жа, Васіль, усё-такі яшчэ хлопец малады, мог бы смела гадоў з два пагуляць дзецюком. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАНДРА́ШЫН (Кірыла Пятровіч) (6.3.1914, Масква — 7.3.1981),

дырыжор. Нар. арт. СССР (1972). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936, клас Б.Хайкіна), у 1950—53 і 1972—78 выкладаў у ёй (праф. з 1976). У 1937—41 у Ленінградскім Малым оперным т-ры, у 1943—56 у Вял. т-ры ў Маскве, у 1960—75 гал. дырыжор сімф. аркестра Маскоўскай філармоніі. З 1978 у Нідэрландах. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Дзяўчына з Захаду» (1938) і «Чыо-Чыо-сан» (1939) Дж.​Пучыні, «Пампадуры» А.​Пашчанкі (1940). Удзельнічаў у пастаноўках опер «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава (1943, 1953), «Бэла» А.​Аляксандрава (1945), «Варожая сіла» А.​Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны (1948), «Галька» С.​Манюшкі (1949). Як сімф. дырыжор выканаў многія творы рус. і зах.-еўрап. кампазітараў, у т. л. Шастаковіча, А.​Хачатурана, Г.​Свірыдава і інш. Аўтар кн. «Аб дырыжорскім мастацтве» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1948, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1969. З 1984 у Амстэрдаме праводзіцца Міжнар. конкурс маладых дырыжораў імя К.

Літ.:

Ражников В. Кирилл Кондрашин рассказывает о музыке и жизни. М., 1989.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРЭ́НКА (Андрэй Васілевіч) (н. 17.7.1955, г. Вільня),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1981, клас Дз.Смольскага). З 1985 выкладчык Гродзенскага муз. вучылішча, з 1992 маст. кіраўнік «Гродзенскай капэлы». Найб. дасягненні ў галіне опернай і духоўнай музыкі. Сярод твораў: опера «Князь Наваградскі» (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), кантата «Аповесць пра разбурэнне Разані Батыем» (1981), араторыя «Думкі рускія» (1985), харавыя канцэрты «Пахвала вялікаму князю Уладзіміру Святаслававічу» (1987), «Вячэрняя малітва» (1993); сімф. паэма «Антыфон» (1980); Музыка для габоя, аргана, струнных і ўдарных інструментаў (1984), сімфонія для струннага арк. (1986), Канцэрт-паэма для скрыпкі, віяланчэлі, фп. і камернага арк. (1988), 3 хары на вершы А.​С.​Пушкіна; Літургія Іаана Златавуста (1995), хары на кананічныя тэксты.

Р.​М.​Аладава.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЕ́РУ ((Vieru) Анатал) (н. 8.6.1926, г. Ясы, Румынія),

румынскі кампазітар. Д-р музыказнаўства (1978). Вучыўся ў Бухарэсцкай (1946—51) і Маскоўскай (1951—54, клас А.Хачатурана) кансерваторыях. Адзін з вядучых рум. кампазітараў. Сярод твораў: оперы «Іона» (1976), «Свята жабракоў» (1978), 3 камічныя мікраоперы паводле твораў І.​Л.​Караджале (1983); араторыя «Міярыца» (1957), паэма-кантата «Дрозд Іліе Пінтыліе» (1948), кантата для барытона, аргана, віяланчэлі і кантрабаса «Опус 91» (1983); 5 сімфоній (1967—85); п’есы «Клепсідра-I» і «Клепсідра-II» (1968, 1970) для аркестра, канцэрты для аркестра (1955), для розных інструментаў з аркестрам (1963—85), камерна-інстр. ансамблі, сюіта для 2 хароў а капэла «Начныя сцэны» (1963) і інш. Дзярж. прэмія Румыніі 1949.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)