колькасная характарыстыка матэрыяльных аб’ектаў, з’яў, працэсаў, іх прыкмет і адносін; адно з асноўных матэм. паняццяў, змест якога мяняўся з развіццём матэматыкі. Паходзіць ад першапачатковага выяўлення колькасных адрозненняў аднародных паняццяў (даўжыняў, плошчаў, аб’ёмаў і інш.), якія можна параўноўваць паміж сабой і выконваць з імі арыфметычныя дзеянні. Разам з паняццямі лік, мноства, функцыя і інш. можа разглядацца як канкрэтнае ўвасабленне філас.катэгорыіколькасці. У залежнасці ад спосабу выражэння велічыні з дапамогай пэўнай колькасці сапраўдных лікаў і яе геаметрычнай інтэрпрэтацыі адрозніваюць скаляры, вектары і тэнзары. Тэрмін «велічыня» выкарыстоўваецца таксама як сінонім паняцця фізічная велічыня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
макрасям’я моў, што аб’ядноўвае цюркскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, а таксама ізаляваныя карэйскую і японскую мовы (гл. адпаведныя арт.). Збліжаюцца агульнасцю рысаў: фанетычных (заканамернасць палатальнага і лабіяльнага сінгарманізму зычных і галосных, асіміляцыі зычных; корань 1-складовы, 3-гукавы, найчасцей утварае закрыты склад), марфалагічных (словаўтварэнне і словазмяненне з дапамогай аглюцінатыўных афіксаў, адсутнасць роду, наяўнасць катэгорыі прыналежнасці) і сінтаксічных (паясняльныя словы ў сказе абавязкова стаяць перад паяснёнымі, слабае развіццё складаназалежных сказаў). Найб. сувязь алтайскай мовы у лексіцы, што тлумачыцца іх генетычнай блізкасцю.
Літ.:
Баскаков Н.А. Алтайская семья языков и её изучение. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫ́КЛЬ (франц. article),
службовае слова, якое выкарыстоўваецца ў германскіх, раманскіх і інш. мовах як адзнака назоўніка. Выконвае розныя функцыі: вызначае катэгорыю пэўнасці (у англ. the, the city) і няпэўнасці (у англ. а; а village), катэгорыі роду (у ням. м.р. der, ж.р. die, н. р. das), ліку [у франц.адз. л. le, la (un, une) — мн. les, (des)], склону (у ням. у назоўнікаў мужчынскага роду Н.скл. der, Р.скл. des, Д.скл. dem, М.скл. den). Бываюць прэпазіцыйныя (перад словамі, да якіх адносяцца; у герм. і раманскіх мовах) і постпазіцыйныя (пасля гэтых слоў; у некаторых слав. мовах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭ́ЛЬ (франц. hôtel),
1) гасцініца — дом з мэбляванымі пакоямі для часовага пражывання прыезджых грамадзян, турыстаў. Паводле катэгорыі абслугоўвання і сервісу атэлі падзяляюцца на 1-, 2-, 3-, 4- і 5-зоркавыя. Упершыню з’явіліся ў краінах Зах. Еўропы ў 14 ст. Пашырыліся ў краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі пасля 2-й сусв. вайны. Развіццю сеткі атэляў садзейнічае міжнар. турызм.
2) У франц. архітэктуры 16—17 ст. — гарадскі асабняк у стылі барока з параднымі і службовымі дварамі для пражывання асоб дваранскага паходжання.
Атэль у Сан-Францыска. Арх. Дж.Портман. 1973.Атэль у Сан-Францыска. Інтэр’ер. Арх. Дж.Портман. 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЧЫ́ННАСЦЬ.
1) Аказанне матэрыяльнай дапамогі маламаёмным, сацыяльна неабароненым прыватнымі асобамі ці арганізацыямі. Можа быць накіравана на падтрымку, развіццё і заахвочванне грамадска значных формаў дзейнасці (напр., ахову навакольнага асяроддзя, помнікаў культуры і інш.).
2) Паняцце маралі, якое вызначае ўстойлівыя станоўчыя якасці, асобы, адобраныя грамадскай думкай і нарматыўнай этыкай, напр., бескарыслівасць, разважлівасць, велікадушнасць, давер, сяброўства, любоў, патрыятызм, сумленне, справядлівасць і інш. Кожнай станоўчай маральнай катэгорыітэарэт. этыка проціпастаўляе адмоўныя якасці ці заганы. Дабрачыннасць як грамадска значная норма арганізоўвае і накіроўвае дзейнасць людзей, упарадкоўвае грамадскае жыццё; падкрэслівае ролю асобы як актыўнага носьбіта пэўнай маральнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БАЧ (Марына Вікенцьеўна) (н. 26.6. 1970, г. Смалявічы Мінскай вобл),
бел. спартсменка (маст. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1988). Суддзя міжнар.катэгорыі (1991). Скончыла Бел.ін-тфіз. культуры і спорту (1991). З 1994 трэнер-харэограф Рэсп. вучылішча алімп. рэзерву. Абс. чэмпіёнка Алімп. гульняў па маст. гімнастыцы (1988, Сеул). Чэмпіёнка свету (1987, г. Варна, Балгарыя; сярэбраны прызёр у 1985, г. Вальядалід, Іспанія), Еўропы (1988, Хельсінкі; сярэбраны прызёр у асобных відах практыкаванняў), СССР (1985, 1987—88), IX летняй Спартакіяды народаў СССР (1986) у асобных відах практыкаванняў. Уладальніца Кубка СССР (1985, 1987, 1988).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛЮСТРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,
сукупнасць палажэнняў, катэгорый і прынцыпаў, якія выражаюць агульныя заканамернасці эвалюцыйнага развіцця ўсіх формаў адлюстравання ў неарганічнай і жывой прыродзе, у сац. рэальнасці. Зыходны прынцып адлюстравання тэорыі: вынікі пазнання павінны быць адносна адэкватныя сваёй крыніцы — арыгіналу. У якасці гнасеалагічнага прынцыпу адлюстраванне прызнавалася і ў стыхійным матэрыялізме, але разглядалася як пасіўнае, мёртвае «фатаграфаванне» навакольнага свету. Дыялектыка разглядае яго як складаны і супярэчлівы працэс узаемадзеяння пачуццёвага і рацыянальнага пазнання, мысліцельнай і практычнай дзейнасці. Пры гэтым свядомасць у сваім развіцці не вычэрпваецца паняццем адлюстравання, паколькі ўключае ў сябе творчасць і прадбачанне.
У распрацоўцы адлюстравання тэорыі вылучаюць 2 канцэпцыі: функцыянальную і атрыбутыўную. Прыхільнікі першай канцэпцыі сцвярджаюць, што ў неарганічных аб’ектах ёсць толькі перадумовы ўласцівасці адлюстравання, але не яго актыўнае праяўленне. Прыхільнікі другой настойваюць на ўсеагульнасці ўласцівасцяў адлюстравання. Збліжэнню гэтых канцэпцый садзейнічае ўсведамленне суадносін катэгорыі адлюстравання з агульнанавук. паняццем інфармацыі, далейшай распрацоўкай прынцыпу глабальнага эвалюцыянізму ў навуцы і сінергетыцы.
Катэгорыі і прынцыпы адлюстравання тэорыі ўвайшлі ў філас. абгрунтаванне тэорыі функцыянальных сістэм, канцэпцыі сістэмагенезу ў біялогіі, распрацаванай П.К.Анохіным. Асн. прынцыпы адлюстравання тэорыі процілеглыя прынцыпу тоеснасці мыслення і быцця, які з’яўляецца зыходным для філас. сістэм аб’ектыўнага ідэалізму, а ў шэрагу філас. вучэнняў (напр., у Спінозы, Спенсера) трактуецца ў духу паралелізму паміж зместам свету і зместам яго пазнання (гл. таксама Пазнанне).
Літ.:
Коршунов А.М. Теория отражения и современная наука. М., 1968;
Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;
Петушкова К.П. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НКАВАЕ, асобнае, індывідуальнае,
філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае існаванне адносна асобных у прасторы і часе рэчаў, з’яў, працэсаў з індывід. якаснай і колькаснай акрэсленасцю. Выяўляе тое, што ўласціва толькі гэтаму аб’екту і адрознівае яго ад іншых. У якасці адзінкавага можа разглядацца не толькі асобны прадмет, яго ўласцівасці ці прыкмета, але і цэлы іх клас, калі яны бяруцца як нешта адзінае. Адзінкавае непарыўна звязана з агульным. Любая рэч індывідуальная ў параўнанні з іншымі, разам з тым у пэўных адносінах валодае агульнымі з імі ўласцівасцямі. Улік катэгорыі адзінкавага ў метадалогіі пазнання праяўляецца ў пераходзе ад адзінкавага праз асаблівае да агульнага, заканамернага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАТАРА́НЦТВА,
сумеснае жыццё жывёл розных відаў, заснаванае на прасторавых сувязях. Вылучаюць 3 катэгорыі К.: сінайкія, калі кватарант пасяляецца ў жыллі гаспадара (напр., у норах грызуноў і інш. рыючых жывёл, у гнёздах птушак, мурашніках і вуллях пчол); эпіайкія, калі кватаранты пасяляюцца на целе гаспадара (напр., некаторыя вусаногія, якія кормяцца планктонам, прымацоўваюцца да акул і кітоў і выкарыстоўваюць іх як сродак перамяшчэння); энтайкія, калі арганізм жыве ўнутры цела гаспадара пры адсутнасці кармавых зносін з ім (напр., дробныя рыбкі фіерастары, якія жывуць у клаацы галатурый і перыядычна выходзяць адтуль, каб карміцца рачкамі; нематоды, якія пасяляюцца ў кішэчніку коней і кормяцца інфузорыямі, якія там жывуць). Гл. таксама Каменсалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВІ́Д (лац. subspecies),
таксанамічная катэгорыя (ранг) у сістэматыцы раслін і жывёл, рангам ніжэйшая за від. Сукупнасць геаграфічна (радзей экалагічна або геахраналагічна) адасобленых папуляцый віду, у якіх большасць асобін адрозніваецца адным або некалькімі (звычайна марфал.) прыкметамі ад асобін інш. папуляцый таго ж віду. Бел. назва П. складаецца з 2 слоў. Лац. назву П. ўтвараюць дадаткам трэцяга слова (падвідавога эпітэта) да назвы віду. Напр., адзін з П. ліса звычайнага (Vulpes vulpes) — ліс сярэднярускі, абазначаецца як Vulpes vulpes vulpes. Міжнар. кодэкс заал. наменклатуры прызнае П. за найніжэйшую таксанамічную адзінку. Міжнар. кодэкс бат. наменклатуры прызнае і інфрападвідавыя (ніжэйшыя за П.) катэгорыі (варыетэт, форма і інш.).