АЛЕ́НІН Аляксандр Аляксеевіч (13.6.1865, Разанская вобл. — 15.2.1944),
кампазітар. Засл. дз. маст. РСФСР (1927). Кампазіцыі вучыўся ў А.Лядава. У 1923—24 уваходзіў у Беларускую песенную камісію. Збіраў і апрацоўваў рус. і бел.нар. песні. У творчасці (пераважна камерна-інстр. ансамблях, рамансах і песнях) апіраўся на муз. фальклор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРА́С,
расійскія кампазітары, браты. Нарадзіліся ў Кіеве.
Дзмітрый Якаўлевіч (7.11.1899—20.12.1978), кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1957). Нар.арт. Расіі (1963). Нар.арт. Чэчэна-Інгушскай АССР (1964). Нар.арт.СССР (1975). Вучыўся ў Петраградскай кансерваторыі (1913—17). У 1923—26 дырыжор і муз. кіраўнік у маскоўскіх драм. і эстр. т-рах, у 1936—72 кіраўнік эстр. аркестра Цэнтр. Дома культуры чыгуначнікаў у Маскве. Аўтар «Марша Будзённага» (1920), кантаты «Наперад», каля 300 эстр. і масавых песень (многія напісаны разам з братам), у т. л. «Конармейская», «Калі заўтра вайна», «Масква майская», «Развітанне», «Марш танкістаў», «Тры танкісты», адметных яскравым меладызмам; твораў для скрыпкі, рамансаў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Данііл Якаўлевіч (30.11.1905—16.4.1954), кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21). З 1930-х г. супрацоўнічаў з братам. Аўтар песень, «Уверцюры на цюркскія тэмы» для сімф.арк., стр. квартэта, музыкі да кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́ЎСКІ Несцер Фёдаравіч (9.11.1902, в. Вешкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.11.1950),
бел.кампазітар, хормайстар, фалькларыст. Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1931, кл. М.Аладава), вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1932—35). З 1926 акцёр і хормайстар БДТ-3, з 1931 кіраўнік самадз. хораў. У 1937—41 адзін з арганізатараў і хормайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. З 1943 маст. кіраўнік Палескага абл. ансамбля песні і танца, з 1944 нач. аддзела маст. самадзейнасці Упраўлення па справах мастацтваў пры СНКБССР, з 1946 ст. рэдактар рэдакцыі муз. л-ры Белдзяржвыдавецтва. Аўтар музыкі Дзярж. гімна БССР (верш М.Клімковіча), многіх хароў, песень на вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Русака, М.Чарота і інш., інстр. мініяцюр, вак. сюіт на тэмы бел.нар. песень. Запісаў і апрацаваў больш за 500 бел.нар. песень (у т. л. «Ой ты, белая бярозанька», «Падушачка», «Чабарок», «Чаму зязюля не кукавала») і найгрышаў.
Літ.:
Нісневіч І.Г. Кампазітар Нестар Сакалоўскі. Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПЛЕР (Веплер) Андрэй, музыкант, капельмайстар і кампазітар 18 ст. Каля 1736 паступіў на службу ў прыдворную капэлу кн. М.К.Радзівіла Рыбанькі ў Нясвіжы, у 1740—50-я г. працаваў у аркестры кн. Г.Ф.Радзівіла ў Слуцку. Выязджаў з аркестрам у Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча) і Нясвіж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ Іаахім (1853, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 16.3.1898),
бел. спявак, арганіст, кампазітар. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877—78. Працаваў арганістам у Гродне і Вільні. Пісаў месы, танцы, маршы, оперу «Паята» на сюжэт з літ.-бел. гісторыі (не скончана), музыку на словы А.Міцкевіча і У.Сыракомлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́НІ (Morini) Фелічэ, балетмайстар і кампазітар 2-й пал. 18 ст. Родам з Венецыі. Балетмайстар Слонімскага тэатра Агінскага (паступіў на службу да 1781, працаваў да 1788). Стварыў шэраг балетных партытур. Пад яго кіраўніцтвам слонімскі балет дасягнуў высокага ўзроўню: 4 вучні Слонімскай балетнай школы, дзе выкладаў М., выступалі ў Варшаве ў балеце «Рыбакі» (1788).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЫ (Peri) Якопа (20.8.1561, Рым — 12.8.1633),
італьянскі кампазітар, спявак; адзін з заснавальнікаў жанру оперы. Прадстаўнік т.зв. фларэнційскай камераты (гуртка). Напісаў (з Я.Корсі) музыку першай оперы «Дафна» (на тэкст паэта А.Рынучыні; паст. 1597—98; фрагменты музыкі П. не зберагліся), оперы «Эўрыдыка» (паст. 1600; выканаў у ёй партыю Арфея). Аўтар духоўнай музыкі, камерна-вак. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАІ́НСКІ Уладзімір Якаўлевіч (н. 12.12.1925, Кіеў),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1978). Нар.арт. Расіі (1986). Скончыў Маскоўскую (1949) і Азерб. (1965) кансерваторыі. У 1949—52 скрыпач Дзярж. аркестра Расіі пад кіраўніцтвам Л.Уцёсава. Аўтар папулярных песень «Дразды», «Не плач, дзяўчынка», «Травы, травы», «Усмешка», «Блакітны вагон» і інш.Дзярж. прэмія СССР 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕ́Р (Auber) Даніэль Франсуа Эспры (29.1.1782, г. Кан — 12.5.1871),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1829). Вучыўся ў Л.Керубіні. З 1842 дырэктар Парыжскай кансерваторыі, з 1857 узначальваў і імператарскую капэлу. Стварыў новы тып камічнай оперы з авантурна-прыгодніцкім сюжэтам, імклівым дзеяннем: «Фра-Д’ябала» (1830), «Бронзавы конь» (1835), «Чорнае даміно» (1837) і інш. Адзін з заснавальнікаў жанру вял. оперы [«Нямая з Портычы» («Фенела»), 1828].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗНАВУ́Р (Aznavour) Шарль (сапр.Азнавуран Варэнаг; н. 22.5.1924, Парыж),
французскі шансанье, кампазітар, кінаакцёр. З сям’і арм. эмігрантаў. Аўтар песень (з 1960-х г. іх аркеструе П.Марыа), аперэт, музыкі да кінафільмаў. Здымаўся ў кінафільмах «Д’ябал і дзесяць запаведзяў», «Страляйце ў піяніста» і інш. Аўтар кн. «Азнавур вачамі Азнавура» (1970). Яго творчасці прысвечаны франц.дакумент. фільм «Спявае Шарль Азнавур».