саніта́р, ‑а, м.

Асоба малодшага медыцынскай персаналу ў лячэбных установах, якая даглядае хворых і раненых, сочыць за чысцінёй у палатах і пад. На парозе прыемнага пакоя з’явіўся санітар. Каліна. Калі ў карцэр прыйшоў лекар з санітарам, Андрэй нават не звярнуў на іх увагі. Машара. // У арміі — радавы медыцынскай службы, які аказвае рапеным першую дапамогу і выносіць іх з поля бою. — Саніта-ар! — голасна крыкнулі паблізу. «Алёша?» — мільганула ў Антанюка, але затрымлівацца нельга было — рота атакавала. Хадкевіч. // перан. Пра таго або тое, што дапамагае захаванню здароўя, чысціні каго‑, чаго‑н. Дзятлы і мурашкі — лясныя санітары.

[Лац. sanitas — здароўе.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухо́ты, ‑аў; адз. няма.

1. Тое, што і туберкулёз. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі. // перан. Жарт. Пра адсутнасць грошай, безграшоўе. Цапнуў, лапнуў [Васіль] па кішэнях — сухоты. Гроднеў.

2. Разм. Клопат, непрыемнасць. — Праўда, Янка! — падтрымаў Тукалу Лабановіч і потым сур’ёзна сказаў: — Мы не цягаемся, а ідзём да пэўнай мэты, каб рабіць сухоты цару, разумееш? Колас. Бабка хуценька дастае з куфра банькі, выцірае іх ручніком. — Ой, божа ж мой, і адкуль на маю галаву сухоты такія... Каліна.

•••

Скарацечныя сухоты (уст.) — туберкулёз, які хутка развіваецца і прыводзіць да смерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́РАСЕНЬ (назва ад расліны верас, якая цвіце ў гэтым месяцы),

бел. назва 9-га месяца каляндарнага года (30 дзён), пачатак восені на Беларусі. У Стараж. Рыме, у Расіі да канца 15 ст. — 7-ы месяц, у Расіі ў 16—17 ст. — 1-ы месяц года (гл. Каляндар). 22 або 23 верасня Сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзенства. 15 верасня працягласць дня ў Мінску 12 гадз 45 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 39,2°. Сярэднямесячная сума сонечнай радыяцыі за месяц 312 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (135 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра 10,5—13,5 °C, у канцы верасня на ПнУ бываюць першыя замаразкі ў паветры (на глебе на 1—2 тыдні раней). Прыкладна 3 разы за 10 гадоў замаразкі ў верасні адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Адносная вільготнасць паветра 78—84%, ападкаў 40—65 мм, у асобныя гады больш за 100 мм (180 мм, Жыткавічы, 1906, Слонім, 1952) або менш за 10 мм (2 мм, Брэст, 1902). У сярэднім з ападкамі бывае 12—15 дзён. У верасні капаюць бульбу, заканчваюць уборку збожжавых, аруць поле на зябліва, сцелюць лён, збіраюць садавіну і агародніну. З сярэдзіны верасня звычайна пачынаецца лістапад, у большасці раслін выспяваюць насенне і плады, ападаюць арэхі ляшчыны, жалуды дуба, арэшкі ліпы, насенне елкі звычайнай, крылатыя плодзікі клёна, граба і інш. У лясах і парках выспявае рабіна, каліна, абляпіха, на балотах — журавіны. Амаль кожны год назіраецца вяртанне цяпла — бабіна лета. Адлятаюць у вырай пералётныя птушкі, аселыя птушкі перабіраюцца бліжэй да жылля. Заканчваецца гон у капытных жывёл, ліняюць пушныя звяры, збіраюцца ў глыбокіх месцах рыбы. Зрэдку можа ўтварыцца няўстойлівае снегавое покрыва.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЯ́ВІН (Уладзімір Георгіевіч) (н. 12.1.1941, г. Екацярынбург, Расія),

бел. артыст эстрады, кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1979). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Нар. арг. СССР (1990). Вучыўся ў Свярдлоўскім муз. вучылішчы (1956—58). З 1962 артыст Бел. філармоніі, з 1969 маст. кіраўнік Дзярж. бел. эстр. ансамбля «Песняры». У творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем нар. песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак бел. нар. песень, якія вызначаюць стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку бел. нар. песеннасці і сучаснай эстр. музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вак. цыкл «Я не паэта...» (1981) і песенна-інстр. кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я.​Купалы, муз. спектакль «На ўвесь голас» на словы У.​Маякоўскага (1988), песенна-інстр. кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я.​Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы бел. і рас. паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М.​Багдановіча (1991), вак. кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю.​Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. Лаўрэат Усесаюзных конкурсаў артыстаў эстрады (1970), выканаўцаў сав. песні (1973, 1-я прэмія), міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» (1973, Лейпцыг), 2-га фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978). Гал. прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982).

Літ.:

Бржазоўскі А. Лідэр «Песняроў» у сямейным ансамблі // Работніца і сялянка. 1991. № 6;

Завадская Н. Вокально-инструментальный ансамбль «Песняры» // Певцы советской эстрады. М., 1992. Вып. 3.

Г.​М.​Загародні.

У.Г.Мулявін.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жаламу́сцік ’расліна бружмель, Lonicera L.’ (Касп.), жы́маласць ’тс’ (Кіс.), жаламу́дзіна (Касп., Яшкін), жы́ламаць ’расліна ядловец, Juniperus L.’ (Нас., Юрч.). Рус. жи́молость ’бружмель’, арханг. желому́дина, желомут(ник), желому́стник, калін. желому́дник, желому́стина, пск. желому́дняк, укр. жи́молость, польск. zimołza, чэш. zimolez ’бружмель’, славен. zimolę̀z ’кізіл’, серб.-харв. зи̏мољисткаліна’. Формы жаламусцік і жымаласць тлумачацца, відаць, метатэзай зычных; гэта і іншыя змены выкліканы пошукам унутранай формы назвы расліны, маюць народна-этымалагічны характар. Этымалогія слова няпэўная: зводзяць да *зимолистъ (Праабражэнскі, 1, 233), *zimozel(en) (Махэк, Jména rostl., 223), *ži‑molztь < ži‑mlza, дзе ‑ml̥z‑ з *ml̥zǫ ’даю, ссу’ (Трубачоў, Дополн., 2, 56), звязваюць з жы́ла (Гараеў, Доп., 2, 12; Шанскі, 1, Ж, 291). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 55. Ці не трэба лічыць, прынамсі, для жы́ламаць крыніцай або вытокам уплыву літ. žalùmas, žãlymas ’зялёная расліна, зеляніна’? Гл. яшчэ Трубачоў, ZSl, 3, 5.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́пач ‘мера льну, роўная 2–4 жменям’ (карэліц., пін., Сл. ПЗБ; івац., Нар. сл.; пін., лун., Шатал.; Мат. Гом.), ‘жменя (пасма) ільну’ (каліна, Сл. ПЗБ; Шатал.), страпа́ч ‘тс’ (івац., Жыв. сл.), стрэпка́ч ‘трапкач’, мн. л. ‘махры’ (ТС), стрэ́пкі ‘ніткі, пакінутыя на канцы палатна пры датыканні’ (ТС), ‘ніткі, якія адрэзаны пасля ткання палатна’ (Мат. Гом.), стры́пач ‘2–3 жмені льну (Уладз.), ‘валокны льну пасля апрацоўкі на церніцы; жменя валокнаў для апрацоўкі трапаннем’ (пін., Ск. нар. мовы; Сл. Брэс.), стря́пка ‘вузенькі ручнік для рук’ (кам., ЖНС), стра́пнэк ‘зрэбнае палатно нізкага гатунку’ (Сл. Брэс.), страпа́ць ‘ачысціць трапаннем’ (Нас.). Укр. страпа́ча ‘кудлаты хмызняк’, стряпкі́ ‘махры, лахмоцце’, польск. strzęp ‘акравак, абрывак’, strzępki ‘махры на тканіне’, чэш. střapec ‘махры; кітка’, славац. strapec ‘махры; гронка (вінаграду)’. Паводле Борыся (584), ад прасл. дыял. *(s)trępiti ‘торгаць, рабіць махры’, варыянта з насавым да прасл. *trepati (гл. трапаць); параўн. трапкач; гл. яшчэ Варбат, Этимология–1985, 24–27; ЕСУМ, 5, 433.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пля́га, ‑і, ДМ плязе, ж.

Разм.

1. Дажджлівае надвор’е, слота. [Ціток:] — Бывала, дождж ці якая пляга, то я толькі і думаю што пра цябе: дзе гэты бедны Амеля, думаю, ноч сваю каратае? Лобан.

2. Няшчасце, бяда. [Сымон:] — На печ залез я не на век І не зраблю вам ліха, плягі, Бо не такі я чалавек. Колас. // Пра што‑н. прыкрае, непрыемнае, назойлівае. [Бабка:] — Не дзеці, а пляга нейкая на маю галаву! Усё вышнараць, да ўсяго далезуць! Каліна. Вочы заплюшчаны, вушы зрэдку варушацца, а вакол галавы незлічоным роем кружацца камары, мушкі, авадні, слепні. Ад гэтай плягі лось і схаваўся ў пратоцы. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́ласць, ‑і, ж.

1. Добрыя, велікадушныя адносіны. Дзякуй вам за хлеб, за кашу і за міласць вашу. З нар.

2. Ахвяраванне, дар. [Аксіння:] — Ды кожнаму кланяйся ды прасі, як тае міласці, каб хаця невялічкую якую работу табе далі. Лынькоў. [Шугай:] — Бальшавікі, таварыш Каліна, не чакаюць міласцей ад прыроды. Яны заваёўваюць перамогу. Асіпенка.

•••

Ваша, твая (яго, яе, іх) міласць (уст. і іран.) — ужываецца як пачцівы зварот і пры ўпамінанні трэцяй асобы.

Змяніць гнеў на міласць гл. змяніць.

Міласці просім гл. прасіць.

На міласць бога (спадзявацца) — не рабіць ніякіх захадаў для паспяховага ажыццяўлення чаго‑н.

Па міласці каго — а) дзякуючы каму‑н.; б) перан. па чыёй‑н. віне.

Скажы на міласць гл. сказаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгаючы, спусціцца ўніз; з’ехаць. Саслізнуць з берага ў раку. □ [Васіль], як вокам згледзець, саслізнуў з дрэва, і, не разбіраючы дарогі, мы памчаліся па поплаве. Каліна. // Хуценька ўстаць, пакінуць якое‑н. месца. Міша паслухмяна саслізнуў з бацькавых каленяў і падаўся да сваіх кубікаў — будаваць дом. Шахавец. // Саслізнуўшы, перамясціцца з аднаго месца ў іншае. Аўтамат у Свіступова, нібы жывы, саслізнуў з пляча і аказаўся ў руцэ. Паўлаў. Прамень па твары крадзецца яе, На вейкі саслізнуў. Дзяргай.

2. Не ўтрымаўшыся дзе‑н., спаўзці, зваліцца. Крук ударыўся аб провад і саслізнуў уніз. Курто. Паходня пацягнуўся наперад, ногі саслізнулі з купіны, і ён уваліўся ў ваду па пояс. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смы́каць, смычу, смычаш, смыча і ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Выскубваць кудзелю пры прадзенні. [Маці:] — Будзеш і прасці, маленькая, ты ж ужо добра смыкаеш. Брыль. Смыча нітку яна [маці], ўсё кудзельку прадзе. Колас. Звычайна, добра сагрэўшыся, Ганька адсоўваецца на край печы, садзіцца на сваю прасніцу і, звесіўшы, як старая жанчына, ногі, старанна смыча кудзелю — прадзе на зрэб’е. Васілевіч.

2. Скубці, шчыпаць што‑н. — А, каб ты скіс! — глянула бабка на печ. — Зноў смыкаеш тую цыбулю? Увесь вянок зараз растрасеш! Каліна.

3. Трэсці, тузаць. Смыкаць за рукаў. Смыкаць за вяровачку.

4. Перасмыкваць. Радасны настрой апанаваў хлопца, ён штурхаў Чумака, жартаваў, не звяртаючы ўвагі на тое, што той нездаволена смыкае вуснамі. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)