АСТЭАМАЛЯ́ЦЫЯ (ад астэа... + грэч. malakia мяккасць),
размякчэнне і дэфармацыя касцей з прычыны парушэння мінер. абмену пераважна ў касцявой тканцы. Найчасцей бывае ў жанчын, асабліва ў 2-й пал. цяжарнасці. Пры парушэннях фосфарна-кальцыевага абмену найперш пашкоджвае косці таза і ніжніх канечнасцяў. Прыкмета астэамаляцыі: вельмі празрысты малюнак касцей. Лячэнне: паўнацэннае харчаванне, багатае на вітаміны A, D, C, солі кальцыю, фосфару і бялок; лячэнне асн. захворвання. Астэамаляцыя ў жывёл клінічна праяўляецца зніжэннем апетыту, кульгавасцю, псаваннем зубоў, скрыўленнем або прагінаннем пазваночніка, пераломамі касцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУЗА́ (ад перс. фірузе),
мінерал класа фасфатаў, водны гідраксілфасфат медзі і алюмінію, CuAl6[PO4]4(OH)8∙5H2O. Мае прымесі жалеза, кальцыю, цынку і інш.
Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае масіўныя, шчыльныя або скрытакрышталічныя да буйназярністых агрэгаты. Колер ад блакітнага да зялёнага. Бляск матавы, васковы. Цв. 5—6. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Другасны мінерал, утвараецца ў арыдных абласцях пры ўздзеянні паверхневых водаў на гліназёмныя пароды. Паўкаштоўны камень. Зялёныя разнавіднасці выкарыстоўваюцца як ювелірна-вырабныя камяні. Радовішчы ў Іране, Таджыкістане, Узбекістане, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБІГЕРЫ́НАВЫ МУЛ, фарамініферавы мул,
акіянскі і марскі асадак, які складаецца пераважна з ракавін планктонных фарамініфер і іх абломкаў. Звычайна да глабігерынавага мула адносяць асадкі, у якіх больш за 30% (іншы раз да 99%) вуглякіслага кальцыю CaCO3, паводле памеру зерняў — ад пяскоў да тонкіх мулаў. Афарбоўка светлая, часта амаль белая. Глабігерынавы мул укрывае больш як 1/3 плошчы Сусв. акіяна. Асабліва пашыраны ў трапічных і субтрапічных шыротах, у адкрытых частках акіянаў і буйных мораў, на глыбінях ад некалькіх соцень да 5 тыс. метраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЕФАСФО́РЫ (ад крышталі + фосфар),
неарганічныя крышт.люмінафоры. Люмінесцыруюць пад уздзеяннем святла, патоку электронаў, пранікальнай радыяцыі, эл. току. Люмінесцэнцыя К. абумоўлена наяўнасцю актыватараў ці дэфектаў у крышталях.
Найб. пашыраныя К. — сульфіды, селеніды, тэлурыды цынку і кадмію, аксіды кальцыю і магнію, галагеніды шчолачных металаў, оксісульфіды індыю і лантану (In2O2S, La2O2S). Актыватарамі з’яўляюцца іоны металаў (медзь, кобальт, марганец і інш.). К. даюць яркае свячэнне (працягласць паслясвячэння ад 10−9 с да некалькіх гадзін). Выкарыстоўваюць у люмінесцэнтных лямпах, экранах тэлевізараў і асцылографаў, сцынтыляцыйных лічыльніках, паўправадніковых лазерах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗУРЫ́Т (ад лац. lazur нябесна-блакітны колер),
мінерал групы фельдшпатоідаў, складаны алюмасілікат кальцыю і натрыю, Na6[AlSiO4]Ca2[SO4]S. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Масіўныя, суцэльныя агрэгаты, рэдка крышталі (дадэкаэдры). Колер ад блакітнага да цёмна-сіняга і зеленавата-сіняга. Бляск шкляны да тлустага. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,4 г/см³. Утвараецца ў магнезіяльных і вапняковых скарнах. Сумесь Л. з кальцытам наз. ляпіс-лазурак. Каштоўны вырабны камень; прыродная сіняя фарба (ультрамарын). Радовішчы ў Расіі, Афганістане, Чылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРФАТРАПІ́Я (ад морфа... +грэч. tropos паварот),
змена крышт. структуры, якая адбываецца ў шэрагу аднатыпных хім. злучэнняў пры замене ў малекуле аднаго з атамаў на суседні па групе ў перыяд. сістэме элементаў; з’ява процілеглая ізамарфізму (гл.Ізамарфізм у геалогіі). Назіраецца ў шэрагу карбанатаў металу II групы: MgCO3, CaCO3, SrCO3, BaCO3, у якім крышт. структура мяняецца ад структуры араганіту, уласцівай карбанату магнію MgCO3, да структуры кальцыту, характэрнай для карбанатаў стронцыю SrCO3 і барыю BaCO3. Для карбанатаў кальцыю вядомы 2 паліморфныя мадыфікацыі — араганіт і кальцыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦАЛА́НЫ (італьян. pozzolana ад назвы італьян.г. Пацуолі, каля якога здабывалі П.),
вулканагенна-асадкавыя і асадкавыя горныя пароды з уласцівасцю паглынаць аксід кальцыю CaO з вапнавых раствораў. Паводле складу сярод П. адрозніваюць вулканічныя туф, попел, шкло, таксама цэалітавыя пароды, трэпел, дыятаміт і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці дабавак у вытв-сці вяжучых матэрыялаў, т.зв. пуцаланавых цэментаў (гідраўлічная актыўнасць П., што вызначаецца паглынаннем CaO за 30 сут, складае 350—500 мг на 1 г дабаўкі). Буйныя радовішчы ў Італіі, Крыме, Арменіі, на Паўн. Каўказе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАХРАЗІ́Т (ад грэч. rhodon ружа + chrōsis афарбоўка),
марганцавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат марганцу, MnCO3. Мае ў сабе аксід марганцу (да 61,7%), прымесі жалеза, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя, ныркападобныя агрэгаты, Зямлістыя масы, ромбаэдрычныя крышталі. Колер ружовы, шаравата-белы, зеленавата-шэры. Паўпразрысты, зрэдку да празрыстага. Бляск шкляны з перламутравым адлівам. Цв. 3,5—4. Шчыльнасць 3,7 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае, кантактава-метасаматычнае. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўны і ювелірна-вырабны (празрысты) камень. Уваходзіць у састаў марганцавых руд.