ДЖАМБУ́Л ДЖАБА́ЕЎ (28.2.1846, Сямірэчча, Казахстан — 22.6.1945),

казахскі паэт-акын. Аўтар і выканаўца песень-жальбаў, песень-роздумаў, вершаваных прамоў, прывітальных пасланняў, гімнаў, паэм, тэматычна скіраваных на адлюстраванне нар. мар і спадзяванняў, імкненняў да лепшага жыцця («Доля бедняка», «Песня гнеўнага сэрца» і інш.), на асуджэнне сквапнасці, гультайства, крывадушнасці і інш. чалавечых заган. У ранні перыяд яго творчасці гал. месца займаў айтыс — паэтычная спрэчка акынаў. Больш позняя спадчына паэта — водгук на падзеі паліт., гасп. і культ. жыцця краіны. Паэзія вызначаецца псіхал. насычанасцю, эмацыянальнасцю, рэаліст. канкрэтнасцю вобразаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. На бел. мову яго творы перакладалі П.​Глебка, М.​Танк, А.​Жаўрук, А.​Зарыцкі, А.​Ушакоў.

Тв.:

Бел. пер. — Песні і паэмы. Мн., 1939;

Рус. пер. — Избр. произв. Алма-Ата, 1980.

Джамбул Джабаеў.

т. 6, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕВА Таццяна Назараўна (н. 9.10.1922, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў Кіеўскім т-ры муз. камедыі (1943). З 1948 на Беларусі: працавала ў Брэсце, Магілёве; з 1952 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Актрыса лірыка-драм. плана, валодае высокай сцэн. культурай, псіхал. распрацоўку ролі спалучае з дакладным вонкавым малюнкам: Вікця («Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Юлія Тугіна, Кручыніна («Апошняя ахвяра», «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Луіза («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Джульета і Алена («Рамэо і Джульета», «Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра), Агнія («Традыцыйны збор» В.​Розава). Тонкі гумар уласцівы камед. персанажам: Адэля («Ажаніцца не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота), Маці («Дзверы стукаюць» М.​Фермо), Паўла («Гульня з кошкай» І.​Эркеня).

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́НЬЕЎ Анатоль Андрэевіч (н. 18.7.1925, г. Джамбул, Казахстан),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Казахскі ун-т (1957). Гал. рэдактар час. «Октябрь» (з 1973). У 1958 апубл. кніга гіст.-рэв. прозы «Верненскія апавяданні». У аповесці «Малы заслон» (1959; аб ваеннай аперацыі ў раёне Мазыр—Калінкавічы ў 1944) і рамане «Танкі ідуць ромбам» (1963; пра бітву на Курскай дузе, удзельнікам якой быў Ананьеў) раскрыта сіла духу сав. воінаў у Вял. Айч. вайну. Філас., маральныя і сац. пытанні сучаснага грамадства ўзнімае ў раманах «Мяжа» (1970), «Вёрсты кахання» (1972), «Гады без вайны» (кн. 1—4, 1975—85), «Скрыжалі і званы» (кн. 1, 1990).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1984—85.

Літ.:

Коваленко Р.М. Анатолий Ананьев. М., 1985.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУГА́ШАЎ Газіз Ніязавіч (н. 20.12.1917, г. Алматы, Казахстан),

дырыжор. Нар. арт. Казахстана (1957). Скончыў экстэрнам Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957). У 1944—48 дырыжор, у 1956—59 гал. дырыжор, у 1969—76 дырэктар і маст. кіраўнік Каз. тэатра оперы і балета. У 1966—68 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета БССР, дзе кіраваў пастаноўкамі опер «Брэсцкая крэпасць» К.​Малчанава і «Алеся» Я.​Цікоцкага (1967), «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1968), балетаў «Альпійская балада» Я.​Глебава (1967), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1968). Пад яго кіраўніцтвам зроблены запіс першай бел. тэлеоперы «Ранак» Г.​Вагнера (1967). Выкладаў у Маскоўскай і Алма-Ацінскай кансерваторыях, у 1968 вёў клас опернай падрыхтоўкі ў Бел. кансерваторыі. Дзярж. прэмія Казахстана імя К.​Байсеітавай 1972.

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУАНЫШПА́ЕЎ Калібек (25.4.1893, Сарытау Каркалінскага р-на Карагандзінскай вобл., Казахстан — 7.6.1968),

казахскі акцёр; адзін з заснавальнікаў праф. каз. т-ра. Нар. арт. СССР (1959). Творчую дзейнасць пачаў як нар. комік-расказчык. З 1925 у Каз. т-ры драмы імя М.​Аўэзава (Алма-Ата), адзін з яго заснавальнікаў. У сцэнічнай творчасці развіваў нар. традыцыі, ствараў вобразы, адметныя нац. каларытам: Абай («Абай» Аўэзава і Л.​Собалева), Кунанбай («Абай» паводле Аўэзава; Дзярж. прэмія СССР 1952), Балуан («Ахан-Серэ і Актокты» Г.​Мусрэпава) і інш. Сярод роляў класічнага рэпертуару: Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Баптыста («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра) і інш. Аўтар (сумесна з Ш.​Хусаінавым) п’есы «Шаншарлар» («Вастрасловы», паст. 1948). З 1937 здымаўся ў кіно.

Літ.:

Олидор О. Калибек Куанышпаев. М., 1950.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЦЭ́ВІЧ (дзявочае Ляўхненка) Людміла Георгіеўна

(н. 7.1.1938, с. Якаўлеўка, Казахстан),

бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1974). Скончыла БДУ (1960). Працавала ў Маст. музеі Беларусі (1960—65), з 1968 у Ін-це мастацтвазнаўства этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Адначасова выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (да 1982), Мінскім харэаграфічным вучылішчы (1964—65). Даследуе манум. і манум.-дэкар. мастацтва Беларусі. Адна з аўтараў «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 3, 5—6, 1989, 1992—94).

Тв.:

Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва ў інтэр’ерах грамадскіх будынкаў Беларусі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1969. № 4;

Роль искусства в формировании и развитии советского образа жизни. Мн., 1979 (у сааўт.).

Г.​А.​Фатыхава.

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́НІН Рыгор Мікалаевіч (4.10.1835, пас. Ямышэўскі Паўладарскай вобл., Казахстан — 30.6.1920),

расійскі географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі. Скончыў Омскі кадэцкі корпус (1852), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1859—62). За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях сасланы ў Сібір. У 1863—64 прымаў удзел у экспедыцыі на воз. Зайсан і хр. Тарбагатай. У 1876—77 і 1879—80 кіраваў экспедыцыямі ў паўн.зах. Манголію і Тыву, у 1884—86 і 1892—93 — у паўн. Кітай, усх. Тыбет і Цэнтр. Манголію і ў 1899 — на Вял. Хінган. Разам з жонкай А.​В.​Патанінай сабраў звесткі па геаграфіі, геалогіі, эканоміцы, этнаграфіі маладаследаваных тэр. Цэнтр. Азіі. Вял. залаты медаль Рус. геагр. т-ва (1886). Яго імем наз. адзін з хрыбтоў Наньшаня і ледавік на Алтаі.

Р.М.Патанін.

т. 12, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАФІМЕ́НКА Аляксандр Пятровіч (н. 16.9.1950, г. Алматы, Казахстан),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1993). Скончыў Казахскі ун-т (1973). З 1979 у Ін-це філасофіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па філас. праблемах касмалогіі, астрафізікі і геафізікі, белых і чорных дзір у Сусвеце, прадказання лакальных і глабальных катастроф.

Тв.:

Вселенная и развитие. Мн., 1982;

Вселенная: творение или развитие? Мн., 1987;

Белые и черные дыры во Вселенной. Мн., 1991;

Теория относительности и астрофизическая реальность. Мн., 1992;

Черные дыры в физике Земли. Мн., 1997: Black holes in physics of the Earth. Minsk, 1998;

Black holes against humankind. Minsk. 1999;

Черные дыры против человечества. М., 2000;

Черные дыры: «конец света» или пугь в бессмертие? // Пришельцы из космоса? Мн., 2002.

т. 15, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАГО́ЛІН Пётр Міхайлавіч (н. 31.12.1923, с. Дзям’янаўка Кустанайскай вобл., Казахстан),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1969), праф. (1972). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1985). Скончыў Стаўрапольскі пед. ін-т (1949). З 1965 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі (заг. лабараторыі). З 1992 працуе ў Расіі. Навук. працы па стат. праблемах тэхн. кібернетыкі, ідэнтыфікацыі працэсаў і дынамічных аб’ектаў, сістэмах кіравання і аўтаматызацыі навук. даследаванняў. Распрацаваў асновы тэорыі імітацыйнага мадэліравання дынамічных сістэм і распазнавання вобразаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Автоматизация преобразования сложных форм графической информации. Мн., 1973 (разам з Э.​М.​Леановічам, У.​П.​Савенкавым);

Методы и средства обработки сигналов в дискретных базисах. Мн., 1987 (разам з Р.​Х.​Садыхавым, У.​П.​Шмярко).

М.​П.​Савік.

т. 17, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ,

рака ў Кыргызстане і Казахстане. Даўж. 1186 км, пл. бас. 71,6 тыс. км², у т. л. 24,1 тыс. км² — вобласць унутр. сцёку ў нізоўі Ч. Утвараецца ад зліцця рэк Джуванарык і Качкор, якія пачынаюцца на схілах хр. Тэрскей-Ала-Тоо і Кіргізскі. Ніжэй сутокаў выходзіць у Ісык-Кульскую катлавіну (у мінулым па Ч. адбываўся сцёк воз. Ісык-Куль), праз Баамскую цясніну прарываецца ў Чуйскую даліну, дзе выкарыстоўваецца для арашэння. У нізоўях перасякае пустыню Муюнкум і губляецца ва ўпадзіне Ашчыколь. Найб. прыток Курагаты (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады па выхадзе з гор 130 м³/с, у ніжнім цячэнні (каля с. Уланбель) — 20,4 м³/с. На Ч. Арто-Такойскае, Тасуткольскае вадасховішчы і інш. ірыгацыйныя збудаванні; гарады Такмак (Кыргызстан), Чу (Казахстан).

т. 17, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)