АКА́,

рака ў Еўрапейскай ч. Рас. Федэрацыі, самы вял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл. бас. 245 тыс. км². Пачынаецца ў цэнтр. ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас. да мая ў верхнім цячэнні і да пач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.

т. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПІ́НСКІ Аляксандр Пятровіч (7.1.1847, г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобл., Расія — 15.7.1936),

расійскі геолаг, заснавальнік рускай геал. навук. школы. Акад. АН СССР (акад. Пецярбургскай АН з 1896), Акад. АН Беларусі (1928). Чл. многіх замежных акадэмій і навук. таварыстваў. Скончыў Горны ін-т у Пецярбургу (1866), дзе выкладаў у 1869—96. Адзін з арганізатараў (1882) і дырэктар Геал. к-та (1885—1903). Першы выбарны прэзідэнт Рас. АН (1917—25), прэзідэнт АН СССР (з 1925). Навук. працы па стратыграфіі і палеанталогіі, тэктоніцы і палеагеаграфіі, петраграфіі, генезісе рудных радовішчаў і інш. Стварыў агульную наменклатуру стратыграфічных падраздзяленняў, склаў зводныя геал. і тэктанічныя карты Еўрапейскай ч. СССР, Урала і Зах. Еўропы. Прэзідэнт Мінералагічнага т-ва (1899—1936). Імем К. названы горад у Свярдлоўскай вобл., вулкан на в-ве Парамушыр (Курыльскія а-вы), гара на Паўн. Урале.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М.; Л., 1939-49.

А.П.Карпінскі.

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІТА́ ў геалогіі,

буйная адмоўная тэктанічная структура платформ. Характарызуецца глыбокім заляганнем крышт. фундамента, перакрытага магутнай тоўшчай (да 12—15 км) платформавага чахла. Межы П. часта праводзяцца па мяжы пашырэння асадкавага чахла, па буйных разломах і флексурах. П. ўскладнены больш дробнымі дадатнымі (антэклізы, скляпенні, выступы, антыкліналі, падняцці, купалы і інш.) і адмоўнымі (сінеклізы, упадзіны, прагіны, сінкліналі і інш.) структурамі. П. бываюць устойлівыя і рухомыя. Устойлівыя П. менш дэфармаваныя. Рухомыя П. — найб. тэктанічна актыўныя ч. платформ, якія хутка прагіналіся і назапашвалі магутны асадкавы чахол. Некат. даследчыкі называюць П. маладыя эпігерцынскія платформы ў адрозненне ад стараж. дакембрыйскіх платформ. Паводле новай глабальнай тэктонікі (гл. Тэктанічныя гіпотэзы) вылучаюць літасферныя П. — вялізныя цвёрдыя блокі літасферы, якія пастаянна рухаюцца са скорасцю 1—12 см/год па вязкім слоі астэнасферы ад зон расцяжэння (сярэдзінна-акіянічныя хрыбты) да зон сціскання. Беларусь размешчана на З Рускай пліты Усх.-Еўрапейскай платформы.

А.​М.​Каўхута.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сентыменталі́зм

(фр. sentimenlalisme, ад sentiment = пачуццё)

1) кірунак у еўрапейскай і амерыканскай літаратуры і мастацтве канца 18 — пач. 19 ст., які характарызаваўся асаблівай увагай да перажыванняў чалавека і вызначаўся чуллівасцю;

2) празмерная чуллівасць, уражлівасць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГВАНЬІ́НІ, Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.

Літ.:

Витебская старина /Сост. А.​П.​Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.

А.​П.​Грыцкевіч.

А.Гваньіні.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць размяшчэнне глебаў, іх тыпы, падтыпы, віды, механічны састаў і глебаўтваральныя пароды. Выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытворчасці, гідрамеліярацыі, лесаводстве, буд-ве, пры кадастравых ацэнках зямель, азеляненні населеных пунктаў і інш. Падзяляюцца паводле тэр. прыналежнасці, зместу паказчыкаў (агульна-глебавыя, глебава-меліярац., глебава-эразійныя і інш.) і маштабаў. Прынцыпы картаграфавання закладзены В.В.Дакучаевым. Першая глебавая карта еўрапейскай ч. Расіі складзена ў маштабе 1 : 84 000 000 і выдадзена ў 1851 пад рэдакцыяй К.​С.​Весялоўскага. Глебавыя карты ствараюцца па матэрыялах наземных, аэракасм. і камбінаваных здымак мясцовасці. Хім. паказчыкі вызначаюцца лабараторнымі аналізамі. На Беларусі першая глебавая карта складзена ў маштабе 1 : 1 000 000 у 1929—30 пад рэд. Я.​М.​Афанасьева. У 1957—64 праведзена буйнамаштабнае картаграфаванне для калгасаў і дзяржгасаў са складаннем картаграм аграхім. уласцівасцей і інш. паказчыкаў рацыянальнага выкарыстання зямель. У 1965—69 складзены глебавыя карты для 117 адм. раёнаў, у 1970—74 для ўсіх абласцей. Гл. таксама Глебава-геаграфічнае раянаванне.

Т.​А.​Багданава, А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НБЛАТ Майсей Якаўлевіч (29.3.1905, Мінск — 4.7.1983),

бел. этнограф, фалькларыст, гісторык. Канд. гіст. н. (1945). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). Працаваў акцёрам у трупе У.​Галубка (1921—25). З 1930 у АН Беларусі: у Ін-це гісторыі (1931—41; 1945—56) і Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957—76), адначасова выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1937—41) і БДУ (1939—41, 1945—55). Даследаваў духоўную і матэрыяльную культуру, грамадскі побыт, этнагенез беларусаў, бібліяграфію беларусазнаўства. Адзін з аўтараў даследавання «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), нарыса «Беларусы» ў кн. «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964). Склаў зб. фальклору «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940), «Радзінная паэзія» (1971), «Загадкі» (1972, з А.​І.​Гурскім), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Выслоўі» (1979).

Тв.:

Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;

Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказальнік. Мн., 1972.

Літ.:

Список основных работ М.​Я.​Гринблата // Сов. этнография. 1976. № 2.

А.​С.​Ліс.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ ЎПА́ДЗІНА,

адмоўная геаструктура Усх.-Еўрапейскай платформы на ПнУ Беларусі і сумежнай тэр. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з ПдЗ на ПнУ на 250 км, у шырыню на 120—210 км. Абмежавана на З Беларускай, на У Варонежскай антэклізамі, на Пд Жлобінскай, на Пн і ПнЗ Веліжскай і Латвійскай седлавінамі. Фарміраванне пачалося ў сярэднім рыфеі, скончылася ў раннім вендзе. Адасоблена толькі па паверхні фундамента і адкладах рыфею і ніжняга венду. Паверхня фундамента найб. апушчана ў цэнтры Аршанскай упадзіны — да -1,6 км у Віцебскай, да -1,4 км у Магілёўскай мульдах, якія падзелены Цэнтральна-Аршанскім горстам; на ПдЗ вылучаецца Чэрвеньскі структурны заліў. Платформавы чахол уключае адклады сярэднерыфейскага (да 450 м магутнасцю), верхнерыфейска-ніжнявендскага (да 900 м), верхнявендскага (да 280 м), сярэднедэвонсканіжнекаменнавугальнага (да 200 м) і юрска-антрапагенавага (да 190 м) комплексаў. Разломы расчляняюць у асн. рыфейскія і ніжнявендскія адклады. З Аршанскай упадзінай звязаны Аршанскі гідрагеалагічны басейн.

Літ.:

Айзберг Р.Е., Гарецкий Р.Г., Климович И.В. Тектоника Оршанской впадины. Мн., 1985.

Р.​Я.​Айзберг.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАПА́Д (назва звязана з ападаннем лісця з дрэў, што заканчваецца ў гэтым месяцы),

адзінаццаты месяц каляндарнага года (30 дзён), апошні месяц восені. 15 Л. даўж. дня ў Мінску 8 гадз 35 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 17,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 59 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-6 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ад 2,6 °C на ПдЗ да -0,3 °C на ПнУ Беларусі. На надвор’е вял. ўплыў аказваюць глыбокія цыклоны. Колькасць пахмурных дзён павялічваецца да 16—20. Адносная вільготнасць складае 87—90%, ападкаў 43—53 мм. Частыя дажджы выклікаюць паводкі на рэках. У канцы Л. пачынае прамярзаць глеба, выпадае першы снег. Ападае апошняе лісце ў бярозы бародаўчатай і пачынае асыпацца ігліца ў лістоўніцы еўрапейскай. Адлятаюць апошнія пералётныя качкі, белыя лебедзі. Пасяляюцца бліжэй да жылля чалавека сініцы, сарокі, галкі, шэрыя вароны. Амаль усе звяры апранаюцца ў зімовае футра. Засынаюць мядзведзь, барсук, янотападобны сабака, вожык, большасць рыб. У садах ачышчаюць кару ад гнёздаў шкодных насякомых.

т. 9, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЕ́САК,

кусты, радзей дрэвы, якія растуць пад полагам лесу і, у адрозненне ад падросту, не ўтвараюць дрэвастою; асобны ярус лясной расліннасці. Кампанент лясных біягеацэнозаў, які ўзбагачае іх відавую разнастайнасць, паляпшае біял. ўстойлівасць насаджэнняў, аслабляе эрозію і павялічвае ўрадлівасць глебы. Садзейнічае працэсу аднаўлення лесу, з’яўляецца ахоўным полагам і падгонам для падросту лясных культур. Утвараецца пераважна ценевынослівымі пародамі. Для шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў характэрны П. з ляшчыны, брызгліны бародаўчатай і еўрапейскай, воўчага лыка; для хвойных — з ядлоўцу, жаўтазеляў фарбавальнага і германскага, зяноўцу рускага, рабіны, крушыны; для чорнаальховых — з парэчак чорных і чырв., вербаў казінай, попельнай, вушастай, пяцітычынкавай; для поймавых лясоў — са свідзіны, ажыны, каліны. У дрэнных умовах росту П. могуць утвараць граб, ліпа, дуб, вяз і інш. Многія віды — харч. (ляшчына, парэчкі, маліны, буякі, ажына) і лек. (рабіна, крушына, ядловец, маліны, каліна і інш.) расліны; некат. выкарыстоўваюцца як тэхн. сыравіна, служаць кормам для дзікіх капытных (вербы, свідзіна, рабіна). На Беларусі ў склад П. ўваходзяць каля 30 відаў раслін.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)