ШАСНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 10—19.6.1937 у Мінску ў разгар рэпрэсій палітычных. Прысутнічала 698 дэлегатаў з рашаючым і 148 з дарадчым голасам ад 47 000 чл. і канд. у чл. партыі [разам з вайсковымі арг-цыямі; 33 578 чл. і канд. у чл. КП(б)Б]. Парадак дня: справаздачныя даклады ЦК КП(б)Б (В.​Ф.​Шаранговіч), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Р.​С.​Кудзельскі); выбары ЦК КП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі за час пасля Пятнаццатага з’езда КП(б)Б. Было адзначана, што аб’ём валавой прадукцыі ўдвая перавысіў узровень 1932; удзельная вага ў ёй прамысл. прадукцыі дасягнула 73%. У калгасы аб’ядналася 87,1% сял. гаспадарак, якія засявалі 94,1% ворнай зямлі. З’езд вызначыў мерапрыемствы па далейшым развіцці нар. гаспадаркі, асабліва энергетыкі, умацаванні калгасаў, павышэнні ўзроўню гасп. і паліт. работы, даў даручэнні па распрацоўцы паказчыкаў 3-га пяцігадовага плана. Аднагалосна са спісу дэлегатаў быў выключаны і арыштаваны як «вораг народа» б. Старшыня СНК БССР М.​М.​Галадзед. Некалькі дэлегатаў, якія працавалі разам з ім, таксама арыштаваны ў ходзе з’езда. Не вытрымаўшы неабгрунтаваных абвінавачанняў у быццам бы дачыненні да «варожай дзейнасці ў Беларусі», дэлегат з’езда Старшыня ЦВК БССР і чл. Бюро ЦК КП(б)Б А.​Р.​Чарвякоў 16 чэрв. ў час перапынку застрэліўся ў сваім кабінеце. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 64 чл. і 21 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 7 чл. У Бюро ЦК КП(б)Б, выбранае на арганізац. пленуме, увайшло 11 чл. і 7 канд., якія ў хуткім часе, акрамя аднаго кандыдата, былі арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання; на пач. 1938 былі арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання 34 з 64 чл. і 8 з 21 канд. у чл. ЦК КП(б)Б.

Літ.:

Шаранговіч В.Ф. Справаздача Цэнтральнага Камітэта КП(б) Беларусі XVI з’езду КП(б)Б // Бальшавік Беларусі. 1937. № 6;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т 3. 1933—1945. Мн., 1985;

Платонаў Р. Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзян. пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-паліт. дыктату ў Беларусі 20—30-х гг. Мн., 1996.

Р.​П.​Платонаў.

т. 17, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́САЎ Аляксандр Мікітавіч (28.8.1874, г. Вілейка Мінскай вобл. — 11.3.1941),

бел. грамадскі і культ. дзеяч, выдавец, публіцыст. Скончыў політэхн. ін-т у Рызе (1905). Адзін з арганізатараў і актывістаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), член яе ЦК. Рыхтаваў да друку газ. «Наша доля», у 1906—14 быў рэдактарам-выдаўцом газ. «Наша ніва». За публікацыі супраць самадзяржаўя неаднойчы прыцягваўся да суд. адказнасці. Адзін з заснавальнікаў бел. выдавецкага т-ва «Наша хата» ў Вільні. У 1912 у Вільні наладзіў выданне с.-г. час. «Саха», у 1914 у Мінску — краязн. часопіса Для бел. моладзі «Лучынка». У 1914—17 служыў у царскай арміі. Дэлегат з’езда воінаў-беларусаў Зах. фронту ў кастр. 1917, Усебеларускага з’езда 1917. Як прадстаўнік правага крыла БСГ у лют. 1918 увайшоў у выканаўчы к-т паліт. аб’яднання «Менскае беларускае прадстаўніцтва». У крас. 1918 кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, у снеж. 1919 пасля яе расколу ўвайшоў у прэзідыум Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У Зах. Беларусі на выбарах у ліст. 1922 абраны ў польскі сейм як беспартыйны. Цесна супрацоўнічаў з Беларускім пасольскім клубам. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Пад яго апякунствам дзейнічала ў 1922—29 Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф.​Скарыны. У вер. 1939 вітаў вызваленчы паход Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. У публікацыях на старонках газ. «Наша ніва» закранаў значныя падзеі грамадска-паліт. жыцця, выступаў супраць палітыкі царызму, палемізаваў з праціўнікамі бел. нац. адраджэння (арт. «Пакуль беларус спаў векавечным сном...», 1908; «Хаўрусныя балячкі», 1910; «Валасное земства і жыды», 1911; «Што думае народ аб школах», 1912; і інш.). Асвятляў розныя аспекты сац.-эканам. жыцця бел. зямель (арт. «Аб гарадах», «Аб ткацтве на Беларусі», абодва 1909; «Аб эканамічным палажэнні нашага краю», 1910; «Эміграцыя ў Амерыку», 1911; «Дарагоўля харчовых прадуктаў і вываз іх за граніцу», 1912; «Аб дарогах у Беларусі», 1913, і інш.). Выказваў аптымізм наконт перспектыў развіцця гаспадаркі Беларусі. Аўтар працы «Аб гаспадарцы на хутары і шнурах» (1909). Пісаў пра развіццё харч. прам-сці, апублікаваў эканам. нарыс «Беларусь. Літва» (1917). Шэраг артыкулаў прысвяціў сац.-эканам. і культ. адраджэнню Беларусі, яе дзярж. самастойнасці («Я буду чыноўнікам», «Пасля вайны», «Валасная і местачковая палітыка», «Прасвета Беларусі» і інш.). У 1930-я г. пісаў успаміны «З майго жыцця» (захаваліся не поўнасцю). 16.10.1939 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў «шпіёнска-правакатарскай дзейнасці», 29.11.1940 Асобай нарадай пры НКУС СССР асуджаны як «сацыяльна-небяспечны элемент» на 5 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах. Высланы ў Сіблаг (Новасібірская вобл., Расія). Памёр ад «паралічу сэрца» (паводле даведкі) на ст. Марыінск (цяпер Кемераўская вобл.; паводле інш. звестак — на этапе ў г. Арол ці Рэспубліцы Марый Эл, Расія). Рэабілітаваны ў 1961.

Тв.:

Дні жыцця // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1990;

Якуб Колас і «Наша ніва» // Маладосць. 1992. № 11.

А.​М.​Вабішчэвіч.

А.М.Уласаў.

т. 16, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РСКІ Яўхім Фёдаравіч (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),

бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел. навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал. ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю па бел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел. перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас. АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.​Я.​Нікіфароўскім, Е.​Р.​Раманавым, П.​В.​Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.​Купалам, Я.​Коласам, М.​Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел. народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі бел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел. паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж. бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел. народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы па слав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял. Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас. АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.

Тв.:

О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;

Русская диалектология. Л., 1924;

Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.

Літ.:

Булахов М.Г. Е.​Ф.​Карский. Мн., 1981.

Г.​В.​Кісялёў, В.​У.​Скалабан.

Я.Ф.Карскі.

т. 8, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)