від друку, пры якім друкавальныя элементы друкарскай формы паглыблены адносна прабельных і запаўняюцца фарбаю. У працэсе друкавання фарба бесперапынна паступае на паверхню друкарскай формы, спец. стальной пласцінкай (ракелем) выдаляецца з прабельных элементаў, а з паглыбленняў пад ціскам друкарскага вала перадаецца на паперу.
Чым глыбей друкавальныя элементы, тым больш фарбы пераносіцца на паперу і больш цёмнымі насычанымі робяцца пэўныя часткі адбітка. Для адбіткаў глыбокага друку ўласцівыя высокая яркасць, насычанасць і мяккасць тонавых пераходаў. Формы для глыбокага друку робяць фотамех. спосабам і на электрагравіравальных апаратах, друкаванне выконваецца на ратацыйных друкарскіх машынах. Глыбокі друк выкарыстоўваюць для друкавання ілюстраваных адна- і шматфарбавых часопісаў, рэкламнай і этыкетачна-ўпаковачнай выяўленчай прадукцыі. Вядомы з 15 ст. Папярэднікам сучаснага спосабу вырабу формаў глыбокага друку з’яўляецца геліягравюра.
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.
Схема глыбокага друку: 1 — падрыхтаваная друкарская форма; 2 — форма пасля нанясення фарбы; 3 — выдаленне фарбы з паверхні формы ракелем; 4 — атрыманне адбітка на паперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
неапублікава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які не быў змешчаны ў друку; нявыдадзены. Неапублікаваная частка артыкула. □ З неапублікаваных твораў.. [Ф. Багушэвіча] у апошні час надрукавана шэсць невялікіх яго вершаў.Ларчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабселько́ры, ‑аў; адз. рабселькор, ‑а, м.
Агульная назва рабочых і сельскіх карэспандэнтаў. Удзельнікі нарады заслухалі і абмеркавалі даклад аб задачах рабселькораў і насценнага друку.«Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДРУКА́РСКАЯ ФО́РМА,
плоская або цыліндрычная форма, якая ў сістэме друкавальных (даюць адбіткі фарбы на матэрыяле) і прабельных (прамежкавых) элементаў мае тэкставую і ілюстрацыйную інфармацыю і служыць для шматразовага атрымання адбіткаў. Выкарыстоўваецца ў друкарскіх машынах.
Бывае для высокага друку (набор, клішэ, фотапалімерная форма, стэрэатып), плоскага друку (афсетныя, літаграфскія і фотатыпныя пласціны), глыбокага друку (пакрытыя меддзю і храміраваныя цыліндры), а таксама для металаграфскага, трафарэтнага, электраграфічнага і інш.спец. відаў друку. Матэрыялы Д.ф. — металічныя (друкарскія сплавы, цынк, алюміній, медзь, магній, біметал і інш.), неметалічныя (пластмаса. гума, шкло і інш.) і камбінаваныя. Д.ф. робяць фотанаборнымі, наборна-друкавальнымі і наборна-адліўнымі спосабамі, стэрэатыпныя формы — метадамі гальванапластыкі, прасаваннем і ліццём. З адной Д.ф. можна атрымаць 1 млн. і болей адбіткаў.
Літ.:
Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФСЕ́ТНЫ ДРУК, афсет (англ. offset),
спосаб друкавання, пры якім фарба з друкарскай формы перадаецца пад ціскам на паверхню гумаватканіннага палатна, а з яго на паперу ці інш. матэрыялы. Бывае плоскі (друкарская форма плоская), высокі (друкавальныя элементы формы ўзвышаюцца) і глыбокі (друкавальныя элементы формы паглыбленыя).
Прынцып афсетнага друку прапанаваны ў ЗША (1905) пры стварэнні афсетнай друкарскай машыны. Засн. на выбіральнасці змочвання друкарскай формы фарбамі і вадой, што дасягаецца спец. фізіка-хім. апрацоўкай паверхні формы. У працэсе афсетнага друку форму па чарзе змочваюць вадой і накатваюць фарбы, пасля чаго пад ціскам уводзяць у кантакт з паверхняй гумаватканіннай пласціны, а апошнюю — з паперай ці інш. матэрыялам. Адбываецца двухразовая перадача адлюстравання, папера не ўваходзіць у непасрэдны кантакт з формай, што памяншае знос формы, павялічвае скорасць і паляпшае якасць друкавання. Для афсетнага друку выкарыстоўваюць ратацыйныя (гл.Ратапрынт) і афсетныя друкарскія машыны. З дапамогай афсетнага друку вырабляюць чорна-белую і шматколерную друкарскую прадукцыю. Атрымліваюць пашырэнне заснаваныя на электронных і камп’ютэрных сістэмах спосабы афсетнага друку, якія дазваляюць выключаць шэраг прамежкавых тэхнал. працэсаў у ім з паляпшэннем якасці гатовай прадукцыі і скарачэннем затрат часу на яе выраб.
Схема афсетнага друку: 1 — друкарская форма з валікамі фарбавальнага і ўвільгатняльнага апаратаў! 2 — гумава-тканіннае палатно; 3 — папера.