ПРЫДА́ТАК,
азначэнне, выражанае назоўнікам ці субстантывіраванай часцінай мовы ў той жа склонавай форме, што і азначаемае імі слова. Выражае прыкмету прадмета праз адносіны да другога прадмета («лес-гусляр», «вочы-зоркі»).
Бываюць развітыя і неразвітыя, адасобленыя і неадасобленыя («Нам ніхто на заслоніць дарогу — вольнай раці касцоў маладых». П.Трус). Далучаюцца да азначаемага слова непасрэдна або пры дапамозе злучнікаў ці злучнікавых слоў. Могуць указваць на асобу паводле роду заняткаў, пасады, прафесіі, сац. прыналежнасці, прыналежнасці да пэўнага калектыву, арганізацыі, месца жыхарства, нацыянальнасці («жанчыны-вязальшчыцы», «дзяўчына-кантралёр», «дзед-пенсіянер», «чабаны-таджыкі»), на відавую прыкмету пры яе родавай назве («грыб-баравік»), з’яўляюцца ўласнымі назвамі (часопіс «Полымя»).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;
Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.
А.І.Наркевіч.
т. 13, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЕПРЫСЛО́ЎЕ,
неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыслоўя. Мае значэнне дадатковага, пабочнага дзеяння або акалічнасці спосабу дзеяння (у ролі выказніка ўжываецца толькі ў асобных гаворках: «Ён быў паехаўшы»). У бел. літ. мове захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («чытаючы» — «прачытаўшы»), зваротную і незваротную формы («бялеючыся» — «бялеючы»). Форма незакончанага трывання ўтвараецца ад асноў цяперашняга часу суфіксамі «-учы (-ючы)», «-ачы (-ячы)» («несучы», «баючыся», «чытаючы», «лежачы», «гледзячы»); форма закончанага трывання — ад асноў прошлага часу суфіксамі «-ўшы», «-шы» («зрабіўшы», «прагуляўшы», «высахшы»). У сказе Дз. павінна адносіцца да таго самага суб’екта, што і дзеяслоў-выказнік. Разам з паясняльнымі словамі ўтварае дзеепрыслоўнае словазлучэнне, якое ў сказе ўжываецца як акалічнасць і звычайна адасабляецца.
Літ.:
Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 61—65;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
П.П.Шуба.
т. 6, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКА́ЗНІК,
галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан ці прыкмету прадмета, названага дзейнікам. Паводле будовы ў бел. мове адрозніваюць выказнікі простыя, састаўныя і складаныя.
Самыя пашыраныя простыя выказнікі; яны падзяляюцца на дзеяслоўныя (выражаюцца найчасцей дзеясловамі абвеснага, загаднага ці ўмоўнага ладу: «За ракой туманяцца лугі», А.Русак) і іменныя (выражаюцца звычайна назоўнікамі, прыметнікамі ці займеннікамі: «Душа народа — песня», Я.Брыль; «Неба сіняе, сіняе», В.Каваль; «Хлеб у нас свой», І.Шамякін). Састаўны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выказальнага слова, якім можа быць дзеяслоў і інш. часціны мовы: «Я рад паслухаць лесу шум» (З.Бядуля). Складаны выказнік — мнагачленнае словазлучэнне, куды ўваходзяць тры ці больш структурных кампанентаў: «Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы» (Я.Колас).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.
т. 4, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕР-СПЛАВІ́НСКІ ((Lehr-Spławiński) Тадэвуш) (20.9.1891, г. Кракаў, Польшча — 17.2.1965),
польскі мовазнавец-славіст. Акад. АН у Кракаве (1928), Польскай АН (1952), многіх замежных АН. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1913). З 1919 праф. Пазнанскага, з 1922 Львоўскага, у 1929—62 Ягелонскага ун-таў. Заснавальнік, першы кіраўнік Аддзялення славяназнаўства і старшыня к-та славяназнаўства Польскай АН. Даследаваў дыялектнае расчляненне праславянскай мовы, адносіны сваяцтва слав. моў, слав. акцэнталогію і анамастыку, праблемы этнагенезу і прарадзімы славян. Асн. працы: «З даследаванняў над славянскім акцэнтам» (1917), «Аб праславянскай метатоніі» (1918), «Палабская граматыка» (1929), «Пра паходжанне і прарадзіму славян» (1946), «Польская мова. Паходжанне, узнікненне, развіццё» (1947), «Праблемы групавання славянскіх моў», «Адносіны роднасці рускіх моў» (абедзве 1957) і інш. Аўтар падручнікаў па пытаннях паланістыкі, багемістыкі, царк.-слав. мовы і інш.
т. 9, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБУДЖА́ЛЬНЫ СКАЗ,
камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, што служыць для перадачы такіх інтэнцый асобы, што гаворыць, як просьба, прапанова, патрабаванне, парада, рэкамендацыя, заклік, загад і інш. П.с. ўласціва мадальнасць волевыяўлення («Адпачывай!» = «Я хачу, каб ты адпачываў») або неабходнасці («Хай ён болей чытае!» = «Яму неабходна болей чытаць»). Гэтымі значэннямі ў плане зместу звязваецца асоба, што гаворыць, з асобай (або персаніфікаванай з’явай ці прадметам), да якой звернута маўленне («Пасядзіце тут крыху, бабуля», «Хай квітнее наш край!», «Паляціце, хмаркі, у родную старонку!»). Сродкі выражэння пабуджэння і пабудовы пабуджальнай сінтакс. канструкцыі: інтанацыя, формы загаднага ладу дзеяслова, зваротак, інш. лексічныя і граматычныя катэгорыі, што набываюць пабуджальнае значэнне ў адпаведным кантэксце ці кансітуацыі («На кнігу!», «Маўчаць!», «Досыць ліць слёзы!», «Ну-ну, што далей?» і інш.).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.
А.Я.Міхневіч.
т. 11, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Эдвард Тамаш Ануфрыевіч) (23.9.1799, в. Рудаўка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1879),
польскі пісьменнік. З роду Масальскіх, брат Ю.А.Масальскага. Вучыўся ў Магілёве, Полацку, Віленскім ун-це. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-ва філарэтаў. З 1832 рэдактар сатыр. час. «Bałamut» («Баламут») у Пецярбургу. З 1853 жыў у Варшаве. У дыдактычным рамане «Пан Падстоліч, або Чым з’яўляемся мы і чым быць можам» (ч. 1—5, Вільня; Пецярбург, 1831—33, адначасова выйшаў на рус. мове ў перакладзе П.Гаеўскага) паказаў цяжкае жыццё бел. сялян, стварыў вобраз ідэальнага пана. Аўтар прац «Пра славянскія скарбы» (1853), «Звычай пінчукоў і беларусаў» (не апубл.), «Граматыка польскай мовы» (1858), артыкулаў па эканоміцы сельскай гаспадаркі, мемуараў пра сваё знаходжанне на Беларусі (часткова апубл. Г.Масціцкім у кн. «З філарэцкага свету». Вільня, 1924).
А.В.Мальдзіс.
т. 10, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сі́нтаксіс, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Уласцівыя пэўнай мове спосабы спалучэння слоў у словазлучэнні і сказы, а таксама раздзел граматыкі, які вывучае сказ і спосабы спалучэння слоў у сказе. Асноўнымі раздзеламі граматыкі з’яўляюцца марфалогія і сінтаксіс. Граматыка. // Сукупнасць сінтаксічных з’яў, характэрных для твораў таго ці іншага пісьменніка. Намагаючыся арганічнага сплаву лірычнай, эмацыянальнай плыні з бытавой, апісальнай, Янка Брыль стварае ў рамане свой сінтаксіс. Юрэвіч.
2. ‑а. Кніга, падручнік, прысвечаныя вывучэнню дадзенага аддзела граматыкі.
[Грэч. syntaxis.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спалуча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спалучыцца.
2. Гарманіраваць, адпавядаць адно другому. Як прыгожа спалучаюцца колеры. «Работніца і сялянка». Гляджу, як ільны на прасторах сінеюць, Як неба блакіт спалучаецца з полем. Хведаровіч.
3. Уступаць у сувязь, уваходзіць у спалучэнне. З колькаснымі лічэбнікамі два, тры, чатыры і г. д. зборныя назоўнікі не спалучаюцца. Граматыка.
4. Мець сувязь, служыць працягам адно другога; злучацца. Крама Раманюка спалучалася з пакоямі цесцевага дома. Карпюк.
5. Зал. да спалучаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумяшча́цца, ‑аецца; незак.
1. Непарыўна спалучацца, злучацца. Пры дапамозе гэтага суфікса [-ін-а] ўтвараюцца неадушаўлёныя назоўнікі мужчынскага роду з павелічальна-ўзмацняльным адценнем, якое сумяшчаецца з адценнем адзінкавасці. Граматыка. // Выконвацца адначасова. У прафтэхшколе вучоба сумяшчаецца з працай на заводзе. // у кім-чым. Аб’ядноўвацца, існаваць адначасова ў адной асобе, з’яве, прадмеце. У гэтым чалавеку сумяшчаюцца тэарэтычныя веды і практычны вопыт.
2. Супадаць усімі пунктамі пры накладанні (пра фігуры, лініі). Сіметрычныя фігуры сумяшчаюцца.
3. Зал. да сумяшчаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чацвярту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Уст. Мера вагі ў чвэрць фунта. Ад асноў лічэбнікаў утвораны толькі два назоўнікі са значэннем колькасці або меры чаго‑н.: чацвяртушка (размоўн.), васьмушка (размоўн.). Граматыка.
2. Лісток паперы ў чвэрць ліста. Чацвяртушка паперы. □ У пакой зайшоў Буднік. Распранаючыся, ён дастаў з кішэні складзеную чацвяртушкай газету. Галавач.
3. Разм. Тое, што і чацвярцінка (у 2 знач.). [Перагуд:] Падай мне гэту слязу (Дубавец падае чацвяртушку з гарэлкай). Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)