ВО́ДНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць юрыдычных нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні вод і іх ахове. На Беларусі гэтыя адносіны рэгулююцца водным кодэксам Рэспублікі Беларусь і інш. актамі, прынятымі на яго аснове. Воды Беларусі знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, якая ажыццяўляе распараджэнне і карыстанне імі ў інтарэсах усяго насельніцтва краіны. Дзеянні, якія парушаюць права дзярж. уласнасці на воды, забараняюцца. Карыстанне і распараджэнне водамі, што знаходзяцца на сумежнай тэр. Беларусі з інш. дзяржавай, ажыццяўляюцца паводле пагадненняў паміж імі. Кантроль за выкарыстаннем і аховай вод дзяржава ажыццяўляе праз Саветы дэпутатаў, іх выканкомы, а таксама праз спецыяльныя ўпаўнаважаныя органы (Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго падраздзяленні на месцах і інш.). Прафсаюзы, арг-цыі моладзі, т-ва аховы прыроды, навук. т-вы і інш. грамадскія арг-цыі, а таксама грамадзяне аказваюць садзеянне дзярж. органам у ажыццяўленні мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні і ахове вод. Дзярж. органы, у сваю чаргу, пры правядзенні мерапрыемстваў па выкананні воднага заканадаўства абавязаны ўлічваць прапановы грамадскіх арг-цый, працоўных калектываў і грамадзян. Воднае заканадаўства ўтрымлівае абавязковыя для ўсіх прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян палажэнні аб умовах размяшчэння, праектавання, будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемстваў, збудаванняў і інш. аб’ектаў, якія ўплываюць на стан вод. За парушэнне воднага заканадаўства прадугледжана крымінальная, адм., дысцыплінарная, цывільна-прававая адказнасць.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ве́ча ’веча, сход, на якім вырашаліся грамадскія і дзяржаўныя пытанні ў некаторых гарадах старажытнай Русі’ (КТС, БРС, Яруш.). Укр. віче, рус. вече, пск., наўг. веча́ ’тс’, пск. веча́ть ’крычаць’; ’выдаваць глухі гук’, ст.-рус. вѣче ’веча’; ’тайнае зборышча, загавор’; ’прамова, угаворванне, саромленне, павучанне, прыгавор’, арханг. вечь ’галашэнне’; ’сход’, польск. wiec ’веча, мітынг’, wiecować ’кіраваць’, ст.-чэш. věce, славен. věča ’вясковы суд, судовая справа’; ’падатак’, серб.-харв. ве́ће ’веча, нарада, савет’, ст.-слав. вѣще ’нарада’. Прасл. věti̯o, да веціць (гл.); параўн. яшчэ ст.-рус. вѣтъ ’нарада’, ст.-чэш. аорыст věce ’сказаў’ і ст.-прус. wayte ’вымаўленне’, waitāt ’гаварыць’. Гл. Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 109; Траўтман, Altpreuß., 353; Траўтман, 339; Фасмер, 1, 308; Брукнер, 614; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 687; Шанскі, 1, В, 81; КЭСРЯ, 78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хі́пі

(англ. hippie)

1) групы моладзі ў некаторых краінах, якія адмаўляюць існуючыя маральныя асновы, грамадскія нормы паводзін і вядуць валацужніцкае жыццё;

2) перан. чалавек, які вядзе сябе экстравагантна, знарок неахайна і прэтэнцыёзна апранаецца.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АБ’Е́КТ ПРА́ВА,

пэўныя маёмасныя і немаёмасныя даброты і інтарэсы, паводле якіх адносіны рэгламентуюцца законам. Аб’ектам права з’яўляюцца паліт., працоўныя, гасп., сямейныя, зямельныя, маёмасныя і інш. адносіны. Прававыя нормы прадугледжваюць мадэль належных і магчымых паводзін членаў грамадства, правы і абавязкі дзярж. органаў, службовых асоб, грамадзян як удзельнікаў рэгулюемых грамадскіх адносін. З дапамогай прававых нормаў дзяржава прымушае іх выбіраць такі варыянт паводзін, які адпавядае інтарэсам грамадства. Не з’яўляюцца аб’ектамі права грамадскія адносіны неправавой прыроды — адносіны сяброўства, кахання, супрацоўніцтва і інш., што рэгулююцца нормамі маралі, рэлігіі, культуры і г.д.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ СЦЯГ»,

штомесячны грамадска-паліт. і літ. часопіс, орган урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Выдаваўся ў крас.вер. 1922 у Каўнасе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.​Дуж-Душэўскі. Гал. мэта выдання — абарона бел. дзяржаўнасці, павышэнне грамадскай свядомасці, умацаванне волі да барацьбы шляхам асвятлення ўсіх бакоў бел. жыцця. Разглядаў з нац.-дэмакр. пазіцый паліт. і грамадскія падзеі ў Зах. Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі і БССР, узнімаў пытанні вызв. руху і будучыні бел. народа. Публікаваў артыкулы па праблемах барацьбы за адраджэнне і незалежнасць Беларусі. Выйшлі 4 нумары.

Г.​М.​Зелянова.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕГА́РТ (Раман Міхайлавіч) (27.9.1908, г. Крамянчуг, Украіна — 6.9.1982),

архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1948). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1934). З 1949 кіраўнік майстэрні ін-та «Белдзяржпраект». З 1954 у праектных арг-цыях Масквы. Асн. работы ў Мінску: універмаг (ГУМ; у аўт. калектыве), будынкі тэлевізійнага цэнтра па вул. Камуністычнай (1956, у сааўт.) і Бел. кансерваторыі (1958), жылыя дамы па вуліцах Кірава, Камуністычнай, Захарава, Казлова, Чырвонай (1950—54); рэстаран «Заслаўе» пад Мінскам (1975, у сааўт.). Жылыя і грамадскія будынкі ў Маскве, Сочы, Калінінградзе, Падольску, Серпухаве, а таксама за мяжой (Афганістан, М’янма).

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАЯ́РАЎСКАЯ СО́ПКА,

гарадзішча, рэшткі крэпасці 11—13 ст. на Пд ад г. Усурыйск Прыморскага краю (Расія), былы адм. і ваен. цэнтр чжурчжэньскай дзяржавы Цзінь у Прымор’і. Мела выгляд трохвугольніка і складаную сістэму абароны: знешнія і ўнутр. валы, форты і інш. У ходзе раскопак (з 1953) адкрыты грамадскія пабудовы з лёгкімі сценамі і чарапічнымі дахамі, глінабітныя жытлы з лёгкім дахам. У грамадскіх пабудовах выяўлены арх. ўпрыгожанні, арнаментаваная дахоўка, жал. замкі, запоры, кручкі, парадныя сферычныя пасудзіны, у жытлах — бытавая кераміка, прадметы ўзбраення з жалеза (наканечнікі стрэл і коп’яў, нажы, панцыры), кіт. манеты.

т. 8, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

юрыдычнае паняцце, што абазначае прававыя нормы, з дапамогай якіх дзяржава ажыццяўляе ўздзеянне на грамадскія адносіны шляхам прамога і непасрэднага прававога рэгулявання. Нормы М.п. замацоўваюць формы ўласнасці, юрыд. становішча маёмасці і асоб, вызначаюць парадак стварэння і структуры дзярж. органаў, устанаўліваюць прававы статус грамадзян, асновы і межы адказнасці за правапарушэнні і г.д. Аб’ектам М.п. выступаюць маёмасныя, прац., сямейныя і інш. адносіны. Фактычны (матэрыяльны) змест адносін складае аб’ектыўную аснову, у прыдатнасці да якой нормы М.п. вызначаюць узаемныя правы і абавязкі іх удзельнікаў. Гл. таксама Працэсуальнае права.

т. 10, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДААХО́ЎНЫЯ НО́РМЫ,

эколага-прававыя патрабаванні да прыродакарыстальнікаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. Накіраваны на задавальненне патрэб грамадства ў ахове прыроды і забеспячэнні аптымальнай якасці навакольнага асяроддзя. Замацаваны ў прыродаахоўным заканадаўстве, дапаўняюцца экалагізаванымі нормамі гасп., адм., грамадз., крымін. і інш. заканадаўстваў, якія канкрэтызуюць матэрыяльныя, арганізац. і прававыя гарантыі выканання П.н. У адпаведнасці з імі ўстанаўліваюцца ліміты здабычы прыродных рэсурсаў або нормы выкідаў у навакольнае асяроддзе забруджвальнікаў. Пры парушэнні П.н. ужываюцца пэўныя санкцыі (штрафы, прыпыненне ці забарона эксплуатацыі абсталявання, цэхаў, вытв-сцей і інш.).

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ КРАЯЗНА́ЎЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БКТ),

добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана 27.12.1989 у Мінску. У аснове дзейнасці — прынцыпы, распрацаваныя Цэнтральным бюро краязнаўства (з 1923) пры Інбелкульце, а таксама камісіяй па краязнаўстве (з 1987) Беларускага фонду культуры. Кіраўнічыя органы — рада і сакратарыят. Асн. задачы: спрыяць нац. адраджэнню Беларусі праз творчую, навук. і асв. ініцыятыву па вывучэнні канкрэтных мясцін або рэгіёнаў Беларусі, ствараць у кожным яе раёне грамадскія структуры па развіцці краязнаўчага руху. Краязнаўчыя аб’яднанні БКТ створаны ва ўсіх абл. цэнтрах, арг-цыі існуюць амаль ва ўсіх раёнах Беларусі. Некаторыя з іх маюць уласны статут, сімволіку, арганізуюць свае выданні.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)