МАКСІМІЛЯ́Н I (Maximilian; 22.3.1459, г. Вінер-Нойштат, Аўстрыя — 12.1.1519),

германскі кароль (з 1486), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1493—1519], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын і пераемнік імператара Фрыдрыха III, бацька Філіпа I Прыгожага, дзед Карла V і Фердынанда I. У выніку дынастычнага шлюбу 1477 з Марыяй Бургундскай (дачка Карла Смелага, п. ў 1482) атрымаў ва ўладанне Нідэрланды і Франш-Кантэ. Сапернічаў з франц. каралём Людовікам XI. Заснаваў войска ландскнехтаў. Пацярпеў паражэнне ў т.зв. Швабскай вайне 1499 з швейцарцамі. Дынастычнымі шлюбамі забяспечыў сваім наследнікам ісп., венгерскі і чэш. прастолы. Пачаў фактычнае аб’яднанне аўстр. уладанняў Габсбургаў і цэнтралізацыю іх кіравання, намагаўся зрабіць Германію цэнтрам універсальнай дзяржавы Габсбургаў. Быў прыхільнікам гуманізму, спрыяў мастакам, у т. л. А.Дзюрэру, і вучоным (найперш ням. гуманістам); сучаснікі называлі яго «апошнім рыцарам». Аўтар некалькіх літ.-аўтабіягр. твораў.

Максімілян I. Партрэт работы А.​Дзюрэра. 1519.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА, ДНК,

біяпалімер, складзены з нуклеатыдаў, якія маюць у сваім саставе дэзоксфыбозу; неабходная састаўная частка жывой матэрыі. Спецыфіка будовы ДНК абумоўлівае спадчынную перадачу прыкмет і ўласцівасцей большасці арганізмаў і сінтэз спецыфічных кожнаму арганізму бялкоў. Малекулы ДНК усіх арганізмаў пабудаваны па адным тыпе. Паводле схемы, распрацаванай амер. вучоным Дж.​Уотсанам і англ. Ф.​Крыкам (1953), яны складаюцца з двух спіральна закручаных адзін вакол аднаго палімерных ланцугоў. Ланцугі пабудаваны з вял. колькасці нуклеатыдаў, якія маюць дэзоксірыбозу, злучаную з фосфарнай к-той і азоцістай асновай (адэнінам, гуанінам, тымінам, цытазінам); спецыфічнасць нуклеатыдаў вызначаецца адной з 4 азоцістых асноў. Розны нуклеатыдны склад і паслядоўнасць 4 азоцістых асноў у малекуле ДНК вызначаюць разнастайнасць відаў жывых арганізмаў. Пры размнажэнні арганізмаў, клетак адбываецца капіраванне (рэплікацыя) і перадача ДНК у даччыныя клеткі. Парушэнне паслядоўнасці нуклеатыдаў у ланцугу ДНК прыводзіць да спадчынных змен у арганізме — мутацыі.

Мадэль дэзоксірыбануклеінавай кіслаты.

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зрабі́цца сов.

1. сде́латься, стать;

ён ~бі́ўся выда́тным вучо́ным — он сде́лался (стал) выдаю́щимся учёным;

надво́р’е ~бі́лася дрэ́нным — пого́да ста́ла плохо́й;

2. (случиться) произойти́; ста́ться; стрясти́сь;

што ~бі́лася з заво́дам? — что произошло́ (ста́лось) с заво́дом?;

што тут ~бі́лася? — что здесь произошло́ (стрясло́сь)?;

бяда́і́лася — беда́ стрясла́сь

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вучо́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які набыў спецыяльную падрыхтоўку ў галіне якіх‑н. ведаў. Вучоны садавод. // Разм. Пісьменны, адукаваны. Вучоны чалавек. □ [Тата:] — Тут, у школе, народ вучоны, займаецца сур’ёзнай справай. Брыль. // Разм. Дрэсіраваны (пра жывёл). Вучоны мядзведзь. □ Вучоны сабака, які быў у следчых людзей, увесь час нюхаў дарогу ад аграбленага банка. Чорны. // Які атрымаў урок, прыдбаў вопыт у чым‑н.

2. у знач. наз. вучо́ны, ‑ага, м. Кваліфікаваны спецыяліст у якой‑н. галіне навукі; даследчык. Малады вучоны. Выдатны вучоны. □ Міхась Рамановіч скончыў і пажадаў вучоным далейшых поспехаў. Паслядовіч.

3. Які мае адносіны да навукі, звязаны з навукай. Вучонае званне. Вучоная ступень. Вучоны савет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАДЭЛІ́РАВАННЕ ЭКАНО́МІКА-МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ,

апісанне эканам. працэсаў і з’яў у выглядзе эканоміка-матэм. мадэлей. Адной з першых у гісторыі эканам. навукі была мадэль узнаўлення, распрацаваная франц. вучоным Ф.​Кенэ ў 18 ст. У 20 ст. першая агульная мадэль эканомікі сканструявана Дж. фон Нейманам. Значны вопыт пабудовы эканоміка-матэм. мадэлі назапашаны вучонымі былога СССР у развіцці нар. гаспадаркі краіны, асабліва — перспектыўнага. Вылучаюць 2 асн. групы эканоміка-матэм. мадэлей: мадэлі, якія паказваюць пераважна сац. аспекты эканомікі (звязаны з прагназаваннем і планаваннем даходаў і спажывання насельніцтва, дэмаграфічных працэсаў), і мадэлі, што адлюстроўваюць пераважна вытв. аспект эканомікі (доўгатэрміновага прагнозу зводных паказчыкаў эканам. развіцця; міжгаліновыя мадэлі нар.-гасп. планавання, галіновыя аптымальнага планавання і размяшчэння вытв-сці, аптымізацыі структуры вытв-сці ў галінах). Адрозніваюць таксама мадэлі статычныя (апісваюць момантавы стан эканомікі) і дынамічныя (паказваюць развіццё аб’екта мадэліравання). Паводле спосабу пабудовы адрозніваюць аналітычныя (у выглядзе формул), лікавыя (у выглядзе лікавых прыкладаў), матрычныя (у выглядзе табліц), сеткавыя (у форме графаў) і інш.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЁЗ (ад грэч. meiōsis памяншэнне),

спосаб дзялення клетак, пры якім адбываецца памяншэнне дыплоіднага (двайнога) набору храмасом да гаплоіднага (адзінарнага); асноўнае звяно гаметагенезу. Адкрыты ням. вучоным В.Флемінгам (1882). Уключае 2 паслядоўныя дзяленні клетачнага ядра. У складанай і працяглай прафазе 1-га дзялення (мае 5 стадый, у чалавека працягваецца 22,5, у ліліі — 8—10 сутак) адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом, утварэнне бівалентаў, красінговер і інш. На стадыі метафазы біваленты выстройваюцца ў сярэдняй ч. верацяна дзялення. У анафазе пачынаецца рух гамалагічных храмасом да процілеглых полюсаў клеткі. На стадыі тэлафазы мацярынская клетка раздзяляецца на 2 даччыныя, якія пераходзяць у інтэркінез (перыяд паміж 1-м і 2-м дзяленнем М.). Тэлафаза і інтэркінез адбываюцца не заўсёды. 2-е дзяленне М. мае падобныя ўмоўныя стадыі. У выніку з адной зыходнай дыплоіднай клеткі ўтвараюцца 4 гаплоідныя генет. разнародныя клеткі. М. — абавязковае звяно палавога працэсу і ўмова для фарміравання палавых клетак (гамет). Адзін з ключавых механізмаў спадчыннасці і спадчыннай зменлівасці.

Літ.:

Цитология и генетика мейоза. М., 1975.

А.​І.​Ерашоў.

т. 10, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКІ (Янка) (сапр. Пятровіч Іван Андрэевіч; 12.4.1890, в. Шчорсы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 30.10.1937),

бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад. АН Беларусі (1928). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1909), вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—16, 1918). З 1918 у Белнацкоме пры Наркамаце па справах нацыянальнасцей РСФСР. З Ц.​Гартным рэдагаваў газ. «Дзянніца». У 1919—21 у Чырв. арміі. З 1922 у Мінску. Працаваў у планава-эканам. органах Беларусі, вучоным сакратаром Ін-та эканомікі АН Беларусі, нам. старшыні Дзяржплана БССР. У 1929—30 першы неадменны сакратар Прэзідыума АН БССР 26.4.1937 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1918. Першае апавяданне «Над Кроманню» (1922). У зб. апавяданняў «На зломе» (1925), аповесці «Партызан» (1927), рамане «Драпежнікі» (1928—30, няскончаны) адлюстраваў жыццё розных класаў грамадства, рэв. рух напярэдадні 1-й сусв. вайны, грамадз. вайну, барацьбу бел. народа супраць польск. акупантаў. Выступаў у друку па пытаннях гісторыі, эканомікі і культуры Беларусі. Чл. ЦВК БССР у 1927—36.

Тв.:

Творы. Мн., 1984.

Л.​С.​Савік.

Я.Нёманскі.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШЫЯ ЖАНО́ЧЫЯ КУ́РСЫ,

прыватныя вышэйшыя жаночыя навуч. ўстановы універсітэцкага тыпу ў Расіі ў 1860-я г. — 1917. Узніклі пад уплывам грамадскага руху 1860-х г. за жаночую адукацыю (паводле універсітэцкага статута 1863 жанчын ва ун-ты не прымалі).

Першыя вышэйшыя жаночыя курсы адкрыты ў 1869 (Аларчынскія ў Пецярбургу, Лубянскія ў Маскве). У 1872 засн. Вышэйшыя жаночыя мед. курсы пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу і вышэйшыя жаночыя курсы праф. Маскоўскага ун-та У.​І.​Гер’е (у Маскве), у 1876 — у Казані, у 1878 — у Пецярбургу (Бястужаўскія курсы), у 1879 — у Кіеве. Паводле ўказа ад 12.5.1886 большасць вышэйшых жаночых курсаў забаронена. Пад уплывам рэв. руху канца 19 — пач. 20 ст. сталі аднаўляцца. У 1904 у Пецярбургу адкрыты Сцебутаўскія вышэйшыя жаночыя с.-г. курсы (засн. рус. вучоным І.​А.​Сцебутам). Існавалі на дабрачынныя сродкі. Выпускніцы мелі права выкладаць у жаночых сярэдніх навуч. установах і малодшых класах мужчынскіх сярэдніх школ. Найб. значэнне ў развіцці жаночай адукацыі ў Расіі мелі вышэйшыя жаночыя курсы Гер’е і Бястужаўскія курсы. Пасля 1917 вышэйшыя жаночыя курсы часткова зачынены, некаторыя рэарганізаваны і ўвайшлі ў склад адзінай вышэйшай школы.

т. 4, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЙ (лац. Aluminium),

Al, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы Мендзялеева, ат. н. 13, ат. м. 26,98. Прыродны алюміній складаецца з аднаго стабільнага ізатопа ​27Al (100%). У літасферы алюміній складае 8,8% па масе (першае месца сярод металаў). Атрыманы ў 1825 дацкім вучоным Х.​К.​Эрстэдам. Галоўныя носьбіты алюмінію — алюмасілікаты, асн. крыніцы атрымання — баксіты, алуніты, нефелін-апатытавыя руды.

Лёгкі серабрыста-белы метал, добра праводзіць цеплыню і электрычнасць, пластычны, шчыльн. 2,7∙10​3 кг/м³, tпл 660 °C. Хім. актыўны: на паверхні стварае ахоўную аксідную плёнку, аднаўляе металы і неметалы з іх аксідаў, узаемадзейнічае з галагенамі, пры высокіх т-рах з азотам, вугляродам і серай. На алюміній не дзейнічаюць разбаўленыя і моцныя азотная, саляная і серная к-ты. Алюміній з шчолачамі ўтварае алюмінаты. Прамысловы спосаб атрымання заснаваны на электролізе раствору гліназёму (Al2O3) у расплаўленым крыяліце (Na3AlF6) пры t 950 °C. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, буд-ве (канструкцыйны матэрыял), электратэхніцы, металургіі (гл. Алюмінатэрмія), хім. і харч. прам-сці (тара, упакоўкі), вытв-сці выбуховых рэчываў (аманал, алюматол). Як мікраэлемент уваходзіць у склад тканак жывых арганізмаў і раслін; лішак алюмінію шкодны, акумулюецца ў печані, падстраўнікавай і шчытападобнай залозах.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛАГАВАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА (АВМ),

вылічальная машына, у якой апрацоўка інфармацыі выконваецца з дапамогай спецыяльна падабранага фіз. працэсу, што мадэлюе выліч. заканамернасць. Звычайна складаецца з суматараў, інтэгравальных і дыферэнцыравальных элементаў і інш. У адрозненне ад электроннай вылічальнай машыны рашэнне атрымліваецца практычна імгненна пасля задання параметраў задачы; мае простую канструкцыю і праграмаванне, але невысокую дакладнасць вылічэнняў і меншую універсальнасць.

Папярэднікамі сучаснай АВМ можна лічыць лагарыфмічную лінейку, графікі і намаграмы (гл. Намаграфія) для вызначэння функцый некалькіх пераменных, упершыню прыведзеныя ў дапаможніках па навігацыі (1971), аналагавую прыладу (планіметр) англ. вучонага Дж.​Германа для вызначэння плошчы, якая ўтворана замкнутай крывой на плоскасці (1814). Першая мех. АВМ для рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў пры праектаванні караблёў прапанавана рус. вучоным А.​М.​Крыловым у 1904. Сав. Матэматык С.​А.​Гершгорын (1927) заклаў асновы пабудовы сеткавых мадэляў АВМ.

Выкарыстоўваюцца АВМ для рашэння задач па апераджальным аналізе, аналізе дынамікі і сінтэзе сістэм кіравання і рэгулявання, у эксперыментальных даследаваннях паводзін сістэмы з апаратурай кіравання ці рэгулявання ў лабараторных умовах, пры вызначэнні ўзбурэння ці карысных сігналаў, што ўздзейнічаюць на сістэму і інш. АВМ, у якой лікавыя характарыстыкі мадэлявальнага фіз. працэсу выяўлены ў лічбавай форме, наз. гібрыднай вылічальнай машынай.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)