раздзел гідрагеалогіі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і геахім. працэсы ў ёй. Выяўляе заканамернасці фарміравання хім. саставу падземных вод і міграцыю ў іх хім. элементаў.
Грунтуецца на ўяўленнях аб структуры прыродных вод, пашырэнні хім. элементаў у зямной кары і горных пародах, фактарах міграцыі, назапашвання і рассейвання розных хім. элементаў і іх ізатопаў у прыродных водах, саставе газаў у падземных водах і інш. Асновы гідрагеахіміі распрацаваў У.І.Вярнадскі. Як галіна гідрагеалогіі аформілася ў 1940-я г. З 1950-х г. развіваецца яе раздзел — радыегідрагеахімія, якая вывучае міграцыю радыеактыўных элементаў у падземных водах.
На Беларусі даследаванні ў галіне гідрагеахіміі вядуцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́ЗСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,
раён на Паўн. Каўказе (Расія), паміж Стаўрапольскім узвышшам і паўн. схілам Вял. Каўказа, багаты разнастайнымі мінер. крыніцамі. Больш за 130 мінер. крыніц. Група шырока вядомых курортаў: Есентукі, Жалезнаводск, Кіславодск, Пяцігорск. Клімат кантынентальны, з вял. колькасцю сонечных дзён і ўмеранымі ападкамі. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. крыніцы звычайных і тэрмальных вуглякіслых, радонавых, гідракарбанатна-хларыдна-натрыевых і інш.вод, у т. л. «Есентукі», «Нарзан». З лек. мэтамі выкарыстоўваюць клімататэрапію, рапу і сульфідныя гразі Тамбуканскага воз. Адзін са старэйшых курортных раёнаў. Мінер. крыніцы даследаваны ў пач. 18 ст. У зоне К.М.В. дзейнічае больш за 100 санаторыяў, пансіянатаў, турысцкіх баз.
Літ.:
Смирнов-Каменский Е.А., Павлов М.К. Край целебных вод. Ставрополь, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЧЫНА (Палубарынава-Кочына) Пелагея Якаўлеўна
(н. 13.5. 1899, г. Астрахань, Расія),
расійскі вучоны ў галіне гідрадынамікі. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1969). Скончыла Петраградскі ун-т (1921). З 1919 у Гал.геафіз. абсерваторыі. З 1925 у ВНУ Ленінграда, з 1935 у НДІРас.АН. Навук. працы па тэорыі фільтрацыі, дынамічнай метэаралогіі, тэорыі прыліваў. Рашыла шэраг задач, звязаных з рухам грунтавых вод і нафты ў сітаватым асяроддзі. Рэдактар першага збору твораў С.В.Кавалеўскай. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАРТАЛО́ГІЯ,
медыцынская дысцыпліна, якая вывучае лячэбныя якасці прыродных фактараў: клімату, мінер.вод, лячэбных гразей і іх уздзеянне на арганізм чалавека. Уключае бальнеалогію і бальнеатэрапію, мед. кліматалогію, пелаялогію і пелоідатэрапію (гразелячэнне), таласатэрапію і інш.
Звесткі пра лекавыя якасці прэснай і мінер. вады сустракаюцца ў працах Герадота і Гіпакрата (5—4 ст. да н.э.). У 16—18 ст. прыродна-кліматычныя фактары для аздараўлення арганізма апісвалі вучоныя і ўрачы Італіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі і інш. У 19 — пач. 20 ст. ствараліся т-вы, якія вывучалі лячэбныя якасці курортных фактараў.
На Беларусі даследаванні па К. вядуцца ў Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924) і інш. Выяўлены крыніцы мінер.вод, вызначаны іх хім. састаў, фізіка-хім. ўласцівасці і лек. эфектыўнасць. Даследаваны радовішчы сапрапелевых і тарфяных гразей, выяўлены іх лек. ўплыў на абмен рэчываў, сардэчна-сасудзістую сістэму. Вывучана станоўчае ўздзеянне лек. уласцівасцей мікракліматычных комплексаў на газаабмен лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, тэрмарэгулявальныя механізмы, скурнае покрыва. Распрацаваны паказанні і проціпаказанні для выкарыстання лячэбных гразей, мінер.вод і кліматычных фактараў і інш.
Літ.:
Шалькевич Б.В., Хасин Л.Х. Курорты и места отдыха Белоруссии. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Во́два ’выток ракі’ (Яшк.). Магчыма, ад вод‑ (гл. вада) і суф. ‑ва ў зборным значэнні. Але параўн. гідронім Водва (дакладна балтскага паходжання — літ.Vaduva/Vadva) і актыўнасць гэтага гідранімічнага тыпу (на ‑ва) у Верхнім Падняпроўі (гл. Тапароў, Трубачоў, Лингв. анализ, 154 і наст.; 166 і наст.; Атрэмбскі, LP, 1, 235).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГЕАТЭРМА́ЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
тып цеплавой электрастанцыі, якая пераўтварае глыбіннае цяпло Зямлі ў эл. энергію. Эканамічна выгадныя ў рэгіёнах з дастатковымі рэсурсамі тэрмальных вод (найб. высокія т-ры падземных вод у вулканічных раёнах, дзе яны выходзяць на паверхню ў выглядзе перагрэтай пары). У геатэрмальнай электрастанцыі выкарыстоўваюцца прамая (пара паступае прама ў турбіну), непрамая (з папярэдняй ачысткай пары ад агрэсіўных газаў) і змешаная тэхнал. схемы атрымання электраэнергіі. Перавагі геатэрмальнай электрастанцыі перад традыцыйнымі ЦЭС — адсутнасць кацельні, палівападачы, меншы сабекошт атрыманай энергіі.
Глыбіннае цяпло ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду, хім. рэакцый і інш. працэсаў, што адбываюцца ў зямной кары (гл.Геатэрмія). Т-ра падземных вод і горных парод павялічваецца на 1 °C пры паглыбленні на 33 м (гл.Геатэрмічная ступень) і на глыб. 5 км складае каля 160 °C. Геатэрмальныя электрастанцыі працуюць у ЗША, Італіі, Японіі, Новай Зеландыі, Ісландыі. У СССР першая геатэрмальная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт пушчана ў 1966 на поўдні Камчаткі, да 1980 яе магутнасць даведзена да 11 МВт. На Беларусі перспектыўныя на ўтрыманне тэрмальных вод раёны Прыпяцкай упадзіны, але практычнае іх выкарыстанне праблематычна. Як магчымая можа разглядацца сістэма «гарачыя скальныя пароды» (ГСП), пры якой на глыбіню да 4 км у свідравіну трэшчынаватых парод напампоўваецца вада, што ад кантакту пад ціскам з ГСП набывае т-ру да 180 °C і больш. Яна выходзіць праз іншую свідравіну і пераўтвараецца ў тэхнал. пару.
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Выморков Б.М. Геотермальные электростанции. М., Л., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭНА́Ж (франц. drainage ад англ. drain асушаць),
сістэма штучных вадатокаў — дрэнаў (труб, свідравін, поласцей і інш.), якія збіраюць і адводзяць залішнюю ваду з с.-г. зямель, ад збудаванняў, зніжаюць узровень падземных (грунтавых) вод. Выкарыстоўваецца пры меліярацыі, буд-ве, торфаздабычы, асваенні рудных радовішчаў і інш.
Д. с.-г. можа выкарыстоўвацца для асушэння, увільгатнення і рассольвання зямель. Адрозніваюць Д. гарыз. (трубчасты і поласцевы), верт. (сістэма свідравін) і камбінаваны (спалучэнне гарыз. дрэн са свідравінамі або калодзежамі). Робіцца з дапамогай дрэнажных машын, экскаватараў. У выкапаную траншэю або шчыліну укладваюць трубы з розных матэрыялаў. Керамічныя (ганчарныя) гарыз. дрэны кладуць упрытык, стыкі абкладаюць фільтравальнымі матэрыяламі, потым траншэю засыпаюць; пластмасавыя дрэны ўкладваюць і бестраншэйным спосабам (напр., з бухты) — у вузкую шчыліну ў грунце. У залежнасці ад размяшчэння дрэн на асушальнай плошчы адрозніваюць Д.: сістэматычны (паралельныя адна адной дрэны або свідравіны раўнамерна размеркаваны па тэр.); выбарачны, або тальвегавы (робіцца на асобных паніжэннях рэльефу); галаўны, або нагорналоўчы (для перахопу падземных вод з боку схілу); берагавы (для перахопу вады з боку ракі або вадасховішча пры падтапленні). У засушлівы перыяд Д. можа выкарыстоўвацца для ўвільгатнення зямель (падачай вады ў дрэнажныя сістэмы). У засушлівых зонах Д. выкарыстоўваюць для барацьбы з засаленнем арашальных зямель. Д. збудаванняў робяць (у выглядзе сістэмы труб, свідравін, латакоў, галерэй, штольняў і інш.) для асушэння і ўмацавання асноў будынкаў, плацін, дарог, аэрадромаў, для паніжэння фільтрацыйнага ціску вады на збудаванне і інш.
Літ.:
Мурашкшо А.И. Сельскохозяйственный дренаж в гумидной зоне. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЦА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ, мяжа дзяржаўная,
лінія, якая вызначае межы дзяржаўнай тэрыторыі. Устанаўліваецца на падставе пагаднення паміж сумежнымі дзяржавамі пры дапамозе дэлімітацыі граніц з наступнай дэмаркацыяй граніц. Граніцы дзяржаўныя марскія аддзяляюць тэрытарыяльныя воды дзяржавы ад адкрытага мора ці ад тэр.водінш. дзяржаў.
Вялікі Аўстралійскі басейн, у Аўстраліі. Пл. каля 1,7 млн.км². Цягнецца больш як на 2200 км з Пн на Пд ад узбярэжжа зал. Карпентарыя да сярэдняга цячэння р. Дарлінг і амаль на 1800 км з З на У. Размешчаны ў прагіне стараж.крышт. фундамента; гал. ваданосныя гарызонты — мезазойскія пясчанікі, якія залягаюць на глыб. да 1200 м. Дэбіты свідравін ад некалькіх л/с да 25—40 л/с, самавыліванне да 60 л/с. Воды пераважна прэсныя ці слабамінералізаваныя (да 3—6 г/л). Жыўленне за кошт інфільтрацыі атм. ападкаў і паверхневых вод. Патэнцыяльныя эксплуатацыйныя рэсурсы падземных вод 1772 млн.м³/год (у т. л. прэсных 872 млн.м³/год). Вада выкарыстоўваецца для гасп.-пітных мэт і на арашэнне.
перыядычна залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяным наземным покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях з запаволеным сцёкам паверхневых (атмасферных) вод ці блізкім заляганнем грунтавых вод. Паводле грануламетрычнага складу падзяляюцца на суглінкавыя, супясчаныя і пясчаныя, па ступені залішняга ўвільгатнення — на глеевыя, глеяватыя і слабаглеяватыя. Лішак вільгаці трымаецца 60—200 дзён у годзе, улетку магчымы яе недахоп. Такія глебы маюць часцей высокую кіслотнасць і бедныя элементамі жыўлення раслін, патрабуюць вапнавання. Колькасць гумусу павялічваецца ў залежнасці ад ступені ўвільгатнення: пад прыроднай расліннасцю 10—25%, на ворнай зямлі 2—3,5%. Іх асваенне і акультурванне патрабуе асушальнай меліярацыі. унясення арган. і мінер. угнаенняў, паляпшэння водна-фіз. уласцівасцей.