вытворнае аміяку, у якім атам вадароду замешчаны гідраксільнай групай, NH2OH. Бясколерныя, гіграскапічныя крышталі, tпл 32 °C, шчыльн. 1335 кг/м³ (10 °C). Пры хуткім награванні да 100 °C раскладаецца з выбухам. Неабмежавана раствараецца ў вадзе з утварэннем гідрату. З моцнымі к-тамі ўтварае солі гідраксіламонію — моцныя аднаўляльнікі, напр. хларыд NH3OHCl (tпл 152 °C), сульфат (NH3OH)2SO4 (tпл 172 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці капралактаму. Гідраксіламін і яго солі таксічныя: на скуры выклікаюць экзему. ГДК для NH3OHCl у вадзе вадаёмаў 5 мг/л.
араматычны эфір, C6H4(COOC4H9)2. Бясколерная вадкасць з фруктовым пахам, tкіп 340 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1047 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў спірце, эфіры, бензоле, ацэтоне, у вадзе — дрэнна. Хім. ўласцівасці характэрныя для эфіраў араматычных кіслот. Атрымліваюць узаемадзеяннем фталевага ангідрыту з н-бутанолам. Выкарыстоўваюць як пластыфікатар для пластмас, сінт. каўчуку, арган. шкла, выбуховых рэчываў; фіксатар паху і растваральнік для парфумы. Малатаксічны, ГДК у паветры 0,5 г/м³, у вадзе вадаёмаў 0,2 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІКІ́ (Limicolae),
падатрад птушак атр. сеўцападобных. 14 сям., каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць па берагах вадаёмаў, у тундры, стэпе, на высакагор’і, пераважна на адкрытых месцах, некаторыя віды — у лясах ці хмызняках. На Беларусі 23 віды з 5 сямействаў.
Даўж. да 62 см, маса да 1,1 кг. Апярэнне шчыльнае, звычайна няяркае. Дзюба ад кароткай шылападобнай ці тоўстай да доўгай, прамой ці выгнутай. Крылы пераважна доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. Гнёзды звычайна на зямлі. Нясуць 2—5 яец. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫЛІ́ЦЫ (Psychodidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды (у тропіках і субтропіках — кровасысучыя М. з роду маскітаў). Дарослыя жывуць сярод травяністай расліннасці, трапляюцца ў вільготных цёмных памяшканнях, лічынкі — па берагах вадаёмаў, у вільготных імху, глебе, гнаі. На Беларусі найб. трапляецца М. звычайная (Psychoda phaiaenoides).
Дробныя камары, вонкава падобныя да моляў; даўж. да 5 мм. Цела кароткае, густаваласістае. Крылы шырокія, касматыя, з густой сеткай падоўжных жылак. Дарослыя пераважна расліннаедныя, лічынкі кормяцца дэтрытам, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Развіццё з поўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУЧА́ЙНІК (Sium),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — П. шыракалісты (S. latifolium). Трапляецца па берагах вадаёмаў, на сырых лугах і балотах, у вадзе.
П. шыракалісты — шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна выш. да 1,5 м. Сцябло пустое, граністае ці рабрыстае. Паветранае лісце перыстае, апушчанае ў ваду, — двойчы- або тройчыперыстае Кветкі белыя, сабраныя ў складаны парасонік. Плод — віслаплоднік. Эфірны алей пладоў і кветак выкарыстоўваецца ў парфумерыі. Ядавітая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУЧА́ЙНІК (Tringa stagnatilis),
птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў лесастэпавай і стэпавай зонах, на балотах і па берагах вадаёмаў. На Беларусі рэдкі гняздоўны і пералётны від, трапляецца пераважна на Пд Гомельскай вобл.; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 23 см, маса да 85 г. Апярэнне спіны шаравата-бурае, брушка і надхвосце белае. На валляку і грудзях цёмныя стракаціны. Хвост з папярочнымі цёмнымі палосамі. Дзюба тонкая, чорная. Корміцца воднымі беспазваночнымі. Нясе 3—4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́К (Stratiotes),
род кветкавых раслін сям. жабнікавых. 1 від — Р. звычайны, або алоэпадобны (S. aloides). Пашыраны ў Еўразіі. Трапляецца ў прэсных стаячых і слабапраточных водах, утварае зараснікі, якія прыводзяць да абмялення вадаёмаў. На Беларусі расце ў старыцах, рачных затоках, азёрах.
Шматгадовыя алушчаныя ў ваду (усплываюць у час цвіцення) травяністыя расліны выш. 15—45 см. Лісце сабранае ў разетку, лінейна-ланцэтнае, цвёрдае, з пілаватым краем, якім лёгка парэзацца (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, белыя, даволі буйныя. Плод — ягадападобны. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ПІЯ (Ruppia),
род кветкавых раслін сям. рупіевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. Растуць на мелкаводдзі марскіх узбярэжжаў і ўнутр. салёных ці саланаватых вадаёмаў. Найб. вядомыя Р.: марская (R. maritima) і вусіканосная (R. cirrhosa).
Шматгадовыя травы з тонкімі паўзучымі карэнішчамі, поўнасцю, акрамя суквеццяў, апушчаныя ў ваду. Лісце чаргаванае або супраціўнае, вузкалінейнае, часам ніткападобнае. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, у 2-кветкавым коласе. Плод з 4—6 касцянкападобных доляў. Корм вадаплаўных птушак.