Бу́ба (дзіцячае) ’зярняты’ (Нас.), ’гарошына’ (Сцяц.), ’гарох’ (Бяльк.), ягада’ (Шат., Яўс.), бу́бка ’бубачка’ (Нас., БРС, Сцяшк. МГ), ’бубка, ягады’ (Бяльк.), бу́бачка (БРС), буба́шкі ’галачкі з цеста’ (Касп.), ’пячэнне’ (Бяльк.), бу́бка ’страва з падпражаных, цеставых галачак’ (КЭС, лаг.), бу́бехі ’маладыя плады’ (Сцяц.), бубу́шка ’жоўты гарлачык’, бубы́шка ’пупышка’ (Касп.). Не вельмі лёгка рашыць, адкуль паходзіць тут аснова буб-: з прасл. *bób‑ ці *bub‑ (гл. пад буб). Некаторыя прыведзеныя словы могуць паходзіць і з *bob‑ (параўн. палес. буб ’боб’), а ў укаючых гаворках ненаціскное «о» наогул дае «у». Складанасць пытання можна зразумець і з таго факта, што некаторыя прыведзеныя вышэй словы сустракаюцца і з іншым вакалізмам. Так бу́бехі ’маладыя плады’ можна параўнаць з палескім бабі͡ех ’невялікі пучок бруднай і зліплай воўны на авечцы’, а буба́шкі ’галачкі з цеста’ маюць паралельную форму бабу́шкі (гл.). Літ-py гл. у артыкуле на буб-, а таксама Фасмер, 1, 225, дзе тлумачыцца рус. бу́ба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ка, выка ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’ (гом., гродз., маг., мін., БРС, Кіс., Сцяшк. МГ), ві́ґа ’тс’ (Сцяшк. МГ), віка ’люцэрна пасяўная, Medicago sativa L.’ (Бейл.). Укр. вика ’віка, гарошак’, рус. вика ’мышыны гарошак, Vida crassa L.’; ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’; ’боб, Vicia faba L.’, наўг. вика ’сачавіца’, польск. wyka ’гарошак, Vicia L.’, в.-луж. woka ’тс’, чэш. vika, vikev ’тс’, славац. vika, серб.-харв. вика, літ. vìkis, vikė ’гарошак’, лат. vīki, ст.-прус. wictis, ст.-в.-ням. wicchia, н.-в.-ням. Wicke, лац. vicia, грэч. βικία, βικίον. Да і.-е. асновы *u̯ei‑ (Шанскі, 1, В, 96; Голуб, 330), да якой адносіцца і віць (гл.) (КЭСРЯ, 81). Большасць этымолагаў схіляецца да думкі пра запазычанне славянамі гэтай лексемы са ст.-в.-ням. wicchia < лац. vicia (Міклашыч, 397; Мацэнаўэр, 368; Брукнер, 638; Голуб-Копечны, 416; Фасмер, 1, 313; Праабражэнскі, 1, 83; Трубачоў, ВЯ, 5, 1961, 132; Махэк₂, 680). Адсутнічае ў славен. і балг. мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад парыць.

2. у знач. прым. Бараны або печаны ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары ​2. [Тарас Тарасавіч] стаў надта набожны. Пасціў сам і нас прымушаў есці параны з соллю боб і талакно. Асіпенка. [Маці] паволі замешвала парсюку параную бульбу з пасечанай травою. Кавалёў.

3. у знач. прым. Апрацаваны парай ​2, варам (для ачысткі, размякчэння і пад.). А потым — цэлы дзень амаль загінаў параныя чаўнакі Пракоп на капылы новых саней. Баранавых. Было горача, чамусьці пахла ў хаце свежым хлебам і паранымі венікамі. Лупсякоў.

4. у знач. прым. Кіпячоны (пра малако). Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч.

5. у знач. наз. па́ранае, ‑ага, н. Пра страву, вараную або печаную ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары ​2. — А ў яго [Валодзі] будзе цяпер смажанага і паранага, ды і грошы завядуцца, калі не будзе дурнем. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл. Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.

У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пу́пел, пу́пёл ’патаўшчэнне ніткі пры прадзенні, сукаратка’ (талач., Шатал.; чэрв., Сл. ПЗБ), путы ’адходы пры прадзенні’ (круп., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.), пу́пёл ’галоўка, кветка (расліны)’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’ножка плада’ (Варл.), ’маленькі агурок, у якога адпала кветка’ (Жд. 2), пу́пель ’маленькі трактар’, пу́ты ’малеча, дзецярня’ (Касп.), сюды ж пу́тік ’нешта малое, падобнае да шарыка’, перан. ’пра недарослую дробную бульбу’ (Янк. 1), ’гузік у кажусе; пупок, выступ, пампон; раменьчык на накрыўцы, каб адчыняць яе’ (ТС; палес., З нар. сл.; жытк., рагач., Мат. Гом.), ’пупышка; галоўка, кветка, бутон; завязь агуркоў’ (хойн., карм., ветк., рагач., чач., Мат. Гом.), пупёлачкі, пупёлашкі ’маленькія, недаразвітыя плады, завязь’ (дзісн., Шн. 3; Юрч. Фраз. 1), параўн. рус. смал. пу́пел ’чалавек невялікага росту; маленькі грыб’, польск. pępel, pąpel, pqpyl ’пухір’, балг. пу́пял, пу́тек ’дзікі мак’, пу́пляк ’цурачка; малы чалавек’, пу́пля ’малое пузатае дзіця’, серб.-харв. дыял. пупу́/ька, пупо/ьак ’выступ на прадметах; гузічак або раменьчык, за які трымаюцца’, макед. пупулец ’пупышка, бутон’. Усё да прасл. *pǫpъ (гл. пуп); магчыма рэканструкцыя прасл. *pǫpьl 1, аднак, можна дапусціць самастойнае словаўтварэнне і семантычнае развіццё для розных славянскіх моў, што, насуперак Фасмеру, 408 (< літ. pamplys ’маларослы, карапуз’), Лаўчутэ, Балтизмы, 56, 126 (< літ. puplys ’надуты, з вялікім жыватом’, pupulis ’маленькае дзіця’, ’патоўшчанае месца ў нітцы пры прадзенні’), не дае падстаў гаварыць пра запазычанне. Пра жывыя словаўтваральныя працэсы сведчыць пуп або пупёл “дрэвападобныя пруточкі, якімі садавіна прымацавала да галінкі”: dzieci abirali višni z pupami (Варл.), а таксама літ. pupos ’боб’, мн. л. pupelės ’фасоля’, зафіксаваныя яшчэ ў “Пастыллі” Даўкшы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

парва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., што.

1. Моцна нацягнуўшы або рыўком раздзяліць на часткі, разарваць. Парваць вяроўку. □ Весялей трэба йграць, хоць бы й струны парваць, Хоць і сам мо вяселлю не рад. Чарот.

2. Разарваць на часткі, падраць. З дна куфра [Назарыха] дастала старыя льняныя абрусы і парвала на пялёнкі. Б. Стральцоў. Ліст сябра.. [Смачны] парваў і кінуў кавалачкі ў пячурку. Галавач. / Пра хмары. І раптам той жа вецер, які ўчора наганяў на людзей нуду, за ноч парваў на дробныя кавалачкі хмары, загнаў іх некуды за небасхіл і сам там жа знік. Сергіевіч.

3. Падраць, нарабіць дзірак. Плішчылася .. [Марылька], плішчылася праз гушчэчу, усё адзенне на сабе парвала. Якімовіч.

4. Пашкодзіць; падарваць. [Міхал:] Наладую падводы толам, парву немцу жалезку ад Віцебска аж да самай Оршы... Кучар.

5. перан.; і з кім-чым. Спыніць, кончыць (сувязі, адносіны і пад.). Парваць знаёмства. Парваць з кампаніяй. □ Адзінокі, бо парваў усе адносіны з сям’ёй, разлучаны з блізкімі, .. [Давід] не сумаваў, не тужыў, як іншыя. Машара.

6. каго. Пакусаць (пра сабаку, ваўка і пад.). [Сцёпа] добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Курто.

7. Сарваць усё, многае. [Лукаш:] — Каб не я, то ўвесь ваш боб парвалі б, далібог праўда. Лобан.

8. і без дап. Рваць некаторы час.

•••

Жылы парваць — надарвацца ад цяжкай працы.

Нервы парваць — папсаваць нервы моцным напружаннем.

Парваць жывот (жывата) — тое, што і надарваць жывот (жываты) (гл. надарваць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАТСВА́НА (Botswana),

Рэспубліка Батсвана, (Republic of Botswana), дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн і З з Намібіяй, на Пд і ПдУ з ПАР, на ПнУ з Зімбабве. Пл. 600,4 тыс. км². Нас. 1,4 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Габароне. Падзяляецца на 8 акруг. Афіц. мовы англійская і сетсвана. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 вер.).

Дзяржаўны лад. Батсвана — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць прэзідэнту і парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — прэзідэнту і ўраду.

Прырода. Тэр. Батсваны займае вял. бяссцёкавую катлавіну пустыні Калахары, абмежаваную з усіх бакоў плато. Сярэдняя выш. 800—1000 м, на З да 1300 м. Рэльеф раўнінны, на У слабахвалісты. Карысныя выкапні: алмазы, золата, хром, серабро, плаціна, марганцавыя, медна-нікелевыя і кобальтавыя руды, каменны вугаль, азбест і інш. Клімат трапічны, з рысамі кантынентальнасці, гарачы і засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. 21—27, ліп. каля 16 °C. Ападкаў на Пн і У 500—700 мм, у Калахары менш за 250 мм. Дажджлівы перыяд у снеж.—красавіку. Рэкі малаводныя. На Пн — бяссцёкавы басейн р. Акаванга, на У — р. Лімпопа (упадае ў Індыйскі ак.) з прытокамі. Расліннасць пераважна саванная, на Пн — трапічнае рэдкалессе. Па далінах рэк на Пн, У, Пд — галерэйныя лясы. Нац. паркі — Гемсбак, Чобе, Нцкаі-Пан.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — народы сям’і банту: тсвана (каля 80%), машона, педы, герэра. У глыбіні Калахары карэнныя жыхары бушмены (кайсанская моўная група). Ёсць невял. колькасць англічан, афрыканераў, выхадцаў з Азіі і інш. 50% насельніцтва прытрымліваецца мясц. традыц. вераванняў, 50% — хрысціяне. Шчыльнасць насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана на ПдУ. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найбольшыя гарады Габароне, Серове, Фрэнсістаўн, Мачуды.

Гісторыя. Стараж. гісторыя Батсваны даследавана мала. Вядома, што бечуаны, якія прыйшлі з сучаснага Трансвааля (правінцыя ПАР), выцеснілі ва ўнутр. раёны Калахары бушменаў — аўтахтоннае насельніцтва краіны. Бечуаны на працягу стагоддзяў вялі барацьбу з плямёнамі, што пранікалі на іх тэрыторыю. Асабліва жорсткія былі войны з плямёнамі зулу на пач. 19 ст. З 1820 (з заснаваннем першай хрысціянскай місіі) — пастаянныя кантакты з еўрапейцамі. З сярэдзіны 19 ст. землі Батсваны пачынаюць захопліваць буры, аднак бечуаны, умела выкарыстоўваючы англа-бурскія супярэчнасці, здолелі на працягу 3 дзесяцігоддзяў захаваць незалежнасць. У 1885 б.ч. зямель бечуанаў далучана да англ. уладанняў у Паўд. Афрыцы. Англ. ўлады абвясцілі паўн. землі бечуанаў (тэр. сучаснай Батсваны) пратэктаратам пад назвай Бечуаналенд.

Пад націскам нац.-вызв. руху брыт. ўрад у 1961 прыняў канстытуцыю Батсваны, у ліст. 1963 даў пратэктарату самакіраванне. На выбарах у заканадаўчы сход у 1965 перамагла Дэмакр. партыя. 30.9.1966 абвешчана незалежная рэспубліка Батсвана.

Асн. паліт. партыя — Дэмакр. партыя Батсваны (правячая). Федэрацыя прафсаюзаў Батсваны аб’ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Батсвана — чл. ААН (з 1966), Садружнасці і інш. міжнар. арг-цый.

Гаспадарка. Батсвана — аграрная краіна са значнай горнай прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %) сельскай гаспадаркі 12, прам-сці каля 50, у т. л. горна-здабыўной каля 45. У сельскай гаспадарцы занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, захаваліся феад. і племянныя перажыткі. Апрацоўваецца 3% тэрыторыі, пад лугамі і пашай каля 70%. Гал. галіна — адгонна-пашавая мясная жывёлагадоўля (круглагадовы выпас жывёлы на натуральных пашах). Пагалоўе (млн.): буйн. раг. жывёлы 3,5, коз і авечак 1,7. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Жывёла нізкапрадукцыйная. Росту пагалоўя перашкаджаюць засухі, недахоп вады, хваробы. За гады незалежнасці праведзены работы па паляпшэнні пашы, стварэнні вет. цэнтраў. Земляробства ў гаспадарках мясц. насельніцтва адыгрывае дапаможную ролю. Магчыма толькі на Пд і У краіны. Асноўныя с.-г. культуры — сорга, кукуруза, вырошчваюць пшаніцу, боб, проса, гародніну, садавіну. На ПдУ на плантацыях еўрап. фермераў вырошчваюць на арашальных землях экспартныя культуры: арахіс, тытунь, бавоўну, сланечнік, цытрусавыя. Некаторую ролю ў гаспадарцы карэннага насельніцтва адыгрываюць паляванне і рыбалоўства (асабліва на Пн). Гал. галіна прамысловасці — горназдабыўная. Батсвана займае 2—3-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (да 20 млн. каратаў штогод, гал. радовішчы Арапа, Джваненг, Летлхакане). Здабываюць таксама медныя, нікелевыя (другі па велічыні вытворца ў Афрыцы) і марганцавыя руды, каменны вугаль, азбест, серу. З галін перапрацоўчай прам-сці найб. развіта мясная (буйны мясакамбінат у г. Лабацэ). Есць невял. прадпрыемствы па вытв-сці касцявой мукі, масла, мыла, піва і інш. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд. кВт∙гадз. ЦЭС у Габароне і Селебі-Пікве. Трансп. сетка развіта слаба. Адзіная чыгунка (даўж. 714 км) перасякае ўсх. ч. краіны. Даўж. аўтадарог 15,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,5 тыс. км. Міжнар. аэрапорт каля Габароне, авіяц. сувязі з суседнімі краінамі. Экспарт: алмазы, медна-нікелевы канцэнтрат, мяса, скуры, прадукты плантацыйнай гаспадаркі. Імпарт: машыны, абсталяванне, паліва, збожжа і мука, тэкстыль, адзенне. Значнае месца ў эканоміцы займаюць турызм і грашовыя пераводы грамадзян Батсваны, якія працуюць у ПАР. Асн. гандлёвыя партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, інш. краіны ЕЭС, ЗША. Грашовая адзінка — пула.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Батсваны.
Батсвана. Агульны выгляд сталіцы Габароне.

т. 2, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кто мест. хто (род., вин. каго́, дат. каму́, твор., пред. кім);

кто пошёл в театр, кто в кино хто пайшо́ў у тэа́тр, хто ў кіно́;

кто что лю́бит хто што лю́біць;

е́сли кто придёт, скажи́, что я пошёл на рабо́ту калі́ хто пры́йдзе, скажы́, што я пайшо́ў на рабо́ту;

кому́ посла́ть пригласи́тельные биле́ты? каму́ пасла́ць запраша́льныя біле́ты?;

за кем вы стои́те? за кім вы стаіце́?;

кем сде́лана э́та рабо́та? кім зро́блена гэ́та рабо́та?;

◊

кто бы ни… хто б ні…;

ма́ло ли кто (ці) ма́ла хто;

кто в лес, кто по дрова́ хто ў лес, а хто па дро́вы, хто ў боб, хто ў гаро́х;

кто кого́ хто каго́;

кто куда́ хто куды́;

кто́-кто, а… хто́-хто, а…

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Струк 1 ‘доўгі і вузкі плод з дзвюх палавінак з насеннем’ (ТСБМ, ТС, Байк. і Некр., Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘лядзяк’ (рас., Шатал.), ‘боб’ (Байк. і Некр.), струкі́ ‘лісце і сцяблы гароху’ (ушац., ДАБМ, камент., 862), ‘адходы пры прадзенні воўны’ (свісл., Шатал.), ‘пасма’: струк валосся (Сержп. Прымхі), стру́чча зборн. ‘струкі’ (Мат. Гом., Жд. 2), ‘гарох пасяўны’ (гом., Кіс.). Укр. струк, рус. стручо́к, польск. strąk, в.-луж. truk, н.-луж. tšuk, чэш., славац. struk, серб.-харв. стру̑к ‘сцябліна з коранем’, ‘часнок, цыбуліна’, славен. stròk ‘сцябліна; стручок’, балг. стрък ‘сцяблінка, галінка’, макед. страк ‘тс’. Прасл. *strǫkъ; як мяркуе Борысь (580), з больш ранняга *stru‑n‑ko з назалізацыяй ад і.-е. кораня *streu̯k‑ ‘быць цвёрдым’. Параўн. літ. striùkas ‘кароткі, адламаны’, лат. strûkulus ‘сопель’. Аналагічна Сной₁, 616; Бязлай, 3, 332. Далейшыя параўнанні з літ. strungas ‘кароткі, адламаны’, с.-в.-ням. strûch, ням. Strauch ‘куст’ (Гараеў, 350; Шустар-Шэўц, 1537) Фасмер (3, 783) лічыць нездавальняючымі. Махэк₂ (583) з улікам семантыкі роднаснымі лічыць літ. runkù, rùkti ‘моршчыцца, мяцца’ (спелыя стручкі ссохлыя, зморшчаныя); праславянскую форму *strukъ і *strǫkъ ён выводзіць з *roukos, адкуль з рухомым s‑ і ступенню ‑o‑ у корані *strukъ. Гл. таксама Глухак (59): на падставе серб.-харв. дво̀струк ‘падвойны’ лічыць асноўным значэннем ‘зморшчаны, сабраны ў складкі’, што ўзыходзіць да і.-е. *sreu‑ ‘цячы’. У карысць гэтага і значэнне ‘завіткі, кучары’, параўн. валасы ў струкі пакачалісе (Федар. 4).

Струк 2 ‘франт’ (Бяльк.), хлопец, як струк (касцюк., Ліцв.). Параўноўваюць з рус. стрюк ‘дрэнны, агідны чалавек’, якое лічыцца вытворным ад бастрюк (гл. баструк); гл. Сабалеўскі, РФВ, 66, 345; Праабражэнскі, 2, 405; Фасмер, 3, 785 (прыводзіць яшчэ рус. стрю́цкие люди, г. зн. ‘нікчэмныя’, стрю́цкий, стрюцко́й ‘агідны, подлы чалавек’). Лаўчутэ (Балтизмы, 132) удакладняе лінгвагеаграфію і значэнне рускага слова: пск. стрюк ‘цясляр; мянушка чалавека’, ленінгр. ‘абадранец, валацуга’, арх., наўг., цвяр. стрю́цкий ‘басяк, абадранец; той, хто носіць залішне вузкія штаны’, — і мяркуе, што на фанетыку і семантыку рус. стрюк і роднасных паўплывала літ. striùkas ‘кароткі’, striùkas ‘каратышка, няўдачнік’, што, як здаецца, не мае падстаў, гл. Анікін, Опыт, 284. Хутчэй можна дапусціць развіццё семантыкі струк 1, падобнае да серб.-харв. стру̑к ‘стан, корпус, талія’, што лічыцца інавацыяй (Скок, 3, 350).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хто, каго, каму, каго, кім, аб кім, займ.

1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб жывых істотах і стане каго‑н. — Хто пытае? — пачуўся густы бас незнаёмага. Колас. — Пачакай, — раптам перарваў.. [гаспадар] сам сябе, — ты [Мішурын] кім быў да вайны? Чорны. / У рытарычных пытальных сказах. Праца вяла з пальцамі вечную барацьбу: а ну, хто каго?. Бядуля. / У рытарычных пытаннях і воклічах, у якіх маецца на мэце адмоўны адказ. Прыпасы ў кожнага, вядома, у іх [паляўнічых] былі, Бо хто ж, падумайце вы самі, Палюе з голымі рукамі? Корбан.

2. Ужываецца ў значэнні вылучальных або ўказальных займеннікаў: «каторы», «той». Вада ў Сожы выцвіла, памялела і так аддалілася ад берага, што рэдка хто з хлапчукоў даставаў яе каменьчыкам. Ракітны. Не страшна смерць Свабоду хто бараніць, Будуе хто Нязнаны новы свет. Чарот.

3. неазначальны. Разм. Хто-небудзь, хтосьці. Каб толькі хто ведаў, як не хочацца разлучацца з сябрамі! Шыловіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. [Туміловіч:] Я павінен ведаць, хто з нас на правільнай дарозе і каму ў каго вучыцца трэба. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Дырэктар:] — Хто цягне — на таго і кладуць. Шамякін.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы (пераважна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадноснага слова «той»). Той, хто праўды шукае, — У нас знойдзе яе, А хто вецер пасее, — Той буру пажне! Танк. — Хто харч носіць, той есці не просіць, кажуць людзі, і гэта святая праўда, хлопча, — заўважыў Роўда. Машара. У гутарку ўступіла дзяўчына.. У надышоўшым змроку не відаць было, ні хто яна, ні якая з твару. Мурашка.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы; па значэнню адпавядае слову «каторы». Камандзір роты быў адным з тых, хто разам з Тураўцом ствараў брыгаду. Мележ. Слава палкім байцам, хто за волю Радзімы загінуў. Хведаровіч.

7. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.

8. Ужываецца ў размеркавальным значэнні пры супастаўленні членаў сказа і сказаў у значэнні: «адно..., другое». Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі. Брыль. Хто ў прэферанс захоплена гуляе, Хто забаўляецца ў вясёлае лато. А. Александровіч.

•••

Мала хто — нямногія.

Хто б ні быў — няважна хто, любы, усякі.

Хто дзе — у розных месцах.

Хто каго — аб барацьбе да поўнай перамогі аднаго з процілеглых бакоў.

Хто куды — у розныя бакі. Дождж лінуў нібы з вядра. Рамонтнікі кінуліся хто куды — шукаць сховішча. Навуменка.

Хто папала — пра няпэўнасць, выпадковасць каго‑н.; абы-хто, хто прыйдзецца.

Хто ў боб, хто ў гарох — пра нязладжаныя, хаатычныя дзеянні.

Хто ў лес, хто па дровы — не гуртам, уразброд, не дружна.

Хто што — адзін адно, другі другое.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — ніхто не ведае, невядома. Сена бераглі: хто яго ведае, якая там будзе зіма — раптам доўгая, тады кармоў не хопіць. Асіпенка.

Хто як — адзін так, другія інакш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)