ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,

на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс. км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс. шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр. ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд. т.

Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ САХА́РСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН, Алжыра-Туніскі артэзіянскі басейн,

размешчаны пераважна на тэр. Алжыра, ахоплівае таксама паўд. палову Туніса і часткова Лівію. Пл. каля 600 тыс. км². На Пн абмежаваны Сахарскім Атласам, на З — Угарцкімі ланцугамі, на Пд — масівам Ахагар, усх. мяжа басейна дакладна не вызначана. Прыўрочаны да апускання Сахарскай пліты з дакембрыйскім фундаментам. Гал. ваданосны комплекс звязаны з ніжнемелавымі пясчана-гліністымі адкладамі. Глыбіня 100—1300 м. Дэбіт свідравін да 300 л/с самавыліваннем, сярэдні ўдзельны дэбіт 1—3 л/с. Воды нярэдка тэрмальныя (60 °C і болей), прэсныя або маламінералізаваныя (0,3—2,4 г/л). Асн. вобласць жыўлення басейна на схілах гор, а таксама кандэнсацыйная вільгаць у раёнах буйных пясчаных масіваў (эргаў). Воды выкарыстоўваюцца для прам-сці, арашэння і абваднення.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЙ АЛЯ́СКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у ЗША. Прымеркаваны да Арктычнай прыбярэжнай упадзіны. Пл. 360 тыс. км². Нафтагазаносныя адклады каменнавугальнага, трыясавага і мелавога ўзросту. Адкрыта 27 радовішчаў. Буйнейшае газанафтавае радовішча — Прадха-Бей, з пач. запасамі нафты 1,3 млрд. т і газу 730 млрд. м³.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Саарска-Латарынгскі каменна-вугальны басейн

т. 14, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НСКА-А́ЧЫНСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у паўднёвай ч. Краснаярскага краю, часткова ў Кемераўскай і Іркуцкай абласцях Расіі. Выцягнуты ўздоўж Транссібірскай чыг. магістралі прыкладна на 800 км. Пл. 50 тыс. км² У вугляносных адкладах юрскага ўзросту 15 пластоў бурага вугалю. Агульныя запасы да глыб. 600 м — 523 млрд. т. Распрацоўка — 1905. Цеплыня згарання 11,8—15,6 МДж/кг. Прамысл. цэнтры: Краснаярск, Канск, Ачынск, Шарыпава.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ЎНУ́ТРАНЫ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у цэнтр. частцы ЗША, у штатах Канзас, Аклахома, Аява, Небраска, Місуры, Тэхас. Пл. каля 750 тыс. км². Радовішчы нафты адкрыты ў 1860, прамысл. асваенне з 1887. Адкрыта каля 5000 радовішчаў нафты і больш за 1600 газу. Нафтагазаносныя паклады палеазою. Гал. радовішчы: нафтагазаносныя — Аклахома-Сіці, Уэст-Эдманд, Панхандл, Эльдарада, газавыя — Х’югатан, Мокейн-Лаверн. На тэр. басейна сетка нафта-, газа- і прадуктаправодаў.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛГА-УРА́ЛЬСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у Расійскай Федэрацыі. Абмежаваны на У Уралам, на Пд Прыкаспійскай упадзінай, на Пн Ціманскім кражам, на З Сысальскім, Капельніцкім, Токмаўскім скляпеннямі і Варонежскім масівам. Агульная пл. 700 тыс. км². Першае радовішча нафты адкрыта ў 1929. Больш за 900 нафтавых і 500 газавых радовішчаў. Прамысл. паклады прыўрочаны да адкладаў дэвону, карбону, пярмі. Прадуктыўныя гарызонты на глыб. ад 0,5 да 5 км і больш. Асн. радовішчы: Рамашкінскае, Арэнбургскае, Туймазінскае, Шкапаўскае, Арланскае і інш.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Займае акваторыю Мексіканскага заліва і прылеглыя да яе тэр. ЗША, Мексікі, Кубы, Гватэмалы і Беліза. Пл. каля 2,5 млн. км². Нафтагазаносныя адклады ад юры да антрапагену. Больш за 5 тыс. нафтавых і 4 тыс. газавых і газакандэнсатных радовішчаў. Пач. запасы нафты і кандэнсату 18,3 млрд. т, газу — 14,6 трлн. м³. Найб. радовішчы: Іст-Тэксас (нафтавае), Манро (газавае). Здабыча нафты вядзецца з канца 19 ст. ў ЗША і з пач. 20 ст. ў Мексіцы.

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ЯКУ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

на Пд Рэспублікі Саха (Якуція), Расіі, у паўд. ч. Алданскага нагор’я, уздоўж Станавога хр. Вуглі выяўлены ў 1849, прамысл. асваенне з 1966. Пл. 25 тыс. км². Балансавыя запасы да глыб. 600 м — 5,7 млрд. т. Вугляносная тоўшча юрскага ўзросту мае больш за 20 пластоў (да 3 рабочых). Вуглі каменныя, маркі Ж, КЖ, К, ОС, СС. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23—24.8 МДж/кг. Распрацоўваецца Нерунгрынскае радовішча адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы г. Нерунгры.

т. 12, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́ЙСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

размешчаны ў Зах. Афрыцы, займае акваторыю Гвінейскага зал., раён дэльты р. Нігер у Нігерыі і Камеруне, узбярэжжа Кот-д’Івуар, Ганы, Тога і Беніна. Пл. 230 тыс. км². Здабыча нафты з 1957 на сушы і з 1965 на шэльфе. Асн. нафтагазаносныя гарызонты прымеркаваны да апт-сенаманскіх і палеаген-міяцэнавых адкладаў. Пачатковыя запасы нафты 3550 млн. т і 1380 млрд. м³ газу (1982). Глыб. залягання прадукцыйных пластоў ад 1200—2000 м на сушы да 2500—3000 м на шэльфе. Каля 300 радовішчаў нафты і газу; галоўныя — Бому, Іма-Рывер, Окан, Мерэн (Нігерыя), Эмерод (Койга), Малонга (Ангола).

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)