помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1770-я г. на Гарадніцы (цяпер у межах г. Гродна). Мураваны будынак мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтр. 3-павярховая частка накрыта вальмавым дахам. Гал. фасад раскрапаваны па вуглах 2 вял. гранёнымі эркерамі, якія раней былі накрыты самкнутымі ўвагнутымі купаламі. Фасады аздоблены ордэрнай пластыкай, 2 ніжнія паверхі аб’яднаны пілястрамі. Па баках да асн. аб’ёму прылягаюць 1-павярховыя прыбудовы з 3-схільнымі дахамі. Часткова перабудаваны ў канцы 19 ст.
А.Ю.Пятросава.
Гродзенскай медыцынскай школы будынак. Галоўны фасад.
украінскі архітэктар. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. Працаваў у традыц. прыёмах укр.барока, часам з выкарыстаннем элементаў ранняга рус. класіцызму. Пабудаваў у Кіеве: гар. водаправод на Падоле з павільёнам-фантанам «Феліцыян» (1748—49, не збярогся), цэрквы Пакроўскую (1766) і Ніколы Набярэжнага (1772—85), гасціны рад (1778), надбрамную званіцу ў Кірылаўскім манастыры (1748—60, не захавалася), а таксама магістрат у г. Казялец (каля 1756).
Літ.:
Заболотний В. Український архітектор XVIII століття Григорович-Барський // Українська література. 1942. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́РЫНАЎ (Аляксандр Піліпавіч) (10.7.1726, г. Табольск, Расія — 21.3.1772),
рускі архітэктар. Вучыўся ў Табольску (з 1740), у Маскоўскай арх. школе Дз.В.Ухтамскага. З 1754 жыў у Пецярбургу, з 1761 дырэктар, з 1765 праф., з 1769 рэктар АМ. Раннія творы звязаны з архітэктурай барока (палац-сядзіба К.Р.Разумоўскага ў Пятроўска-Разумоўскім у Маскве, 1752—53, перабудавана), больш познія ў духу ранняга класіцызму (палац Разумоўскага, 1762—66, і Акадэмія мастацтваў, 1764—88, з Ж.Б.М.Вален-Дэламотам — у Пецярбургу). Творчая манера вылучаецца рацыянальнасцю, геам. строгасцю планаў, стрыманасцю дэкар. прыёмаў апрацоўкі фасадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ КАСЦЁЛ МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены апрацаваны плоскімі пілястрамі. Гал. фасад завершаны атыкавым франтонам складанай формы з паўцыркульным аконным праёмам. Франтон упрыгожаны валютамі, пілястрамі, шматслаёвым карнізам. Да ўсх. крыла далучана прыбудова з атыкавым барочным франтонам над уваходам. Падлога касцёла выкладзена каляровай мазаікай. Алтар аздоблены 6 паўкруглымі калонамі з іанічнымі капітэлямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІСТ ДА СВЯТО́ГА ПЯТРА́»,
бел. ананімны празаічны твор 2-й пал. 17 ст. Захаваўся ва ўрыўках. З’яўляецца пародыяй на жанр афіцыйнага паслання. Крытычны пафас скіраваны супраць каталіцкай веры і яе носьбіта Ярмолы Аханцэвіча Цюхая, вобраз якога зніжаны. Аўтар просіць апостала Пятра прапусціць у рай чалавека цёмнага і прымітыўнага, які па сутнасці не мае на гэта права. У творы ярка выражаны стылявыя рысы барока. Упершыню апубл. чэшскім славістам Ф.Крчэкам у польск. час. «Lud» («Народ», 1899, т. 5). Да Вял.Айч. вайны зберагаўся ў б-цы імя Асалінскіх (Львоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАНСВА́ЛЬДАЎ ((Hofmannswaldau) Крысціян Гофман фон) (25.12.1616, г. Брэслаў, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 18.4.1679),
нямецкі паэт, адзін з буйных прадстаўнікоў барока; стваральнік т.зв. другой сілезскай школы паэтаў, блізкай да марынізму. Скончыў Лейдэнскі ун-т (Нідэрланды). Дэбютаваў перакладамі з італьян. паэзіі. Дыяпазон лірыкі Гофмансвальдаў (надрукавана пасмяротна) вельмі шырокі: ад галантнай любоўнай паэзіі (эратычныя оды, мадрыгалы, рандо) да трагічнай філас. лірыкі, эпітафій і эпіграм, дзе геданістычныя матывы спалучаюцца з адчуваннем марнасці, тленнасці быцця. Вядомасць Гофмансвальдаў прынеслі «Гераічныя лісты» (1679), узорам для якіх паслужылі «Гераіды» Авідзія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РУ-ПРЭ́ТУ, Оўру-Прэту (Ouro Prêto),
горад на ПдУ Бразіліі, у штаце Мінас-Жэрайс. Засн. ў 1711 пад назвай Віла-Рыка як цэнтр здабычы золата, у 1724—1897 адм. ц. Мінас-Жэрайса. Каля 50 тыс.ж. (1999). Трансп. вузел. Цэнтр здабычы баксітаў, жал. і марганцавых руд. Выплаўка алюмінію, баваўняная і гарбарна-абутковая прам-сць.
Тэатр (адзін са старэйшых у краіне). Ун-т. Музей Школы горнай справы і металургіі. Горад-помнік з 1933, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Арх. помнікі 18 ст. (браз.барока), Цэнтр турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЦЭ́РН (Luzern),
горад у цэнтр.ч. Швейцарыі. Адм. ц. кантона Люцэрн. Засн. каля 1180. Каля 70 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Фірвальдштэцкім воз.Прам-сць: маш,буд., прыладабуд., швейная, паліграф., харчовая. Музеі, у т. л. мастацкі і гістарычны. Скарбніца Гофкірхе. Гар. ўмацаванні з вежамі (пач. 15 ст.), Рыцарскі палац, пазней езуіцкі калегіум (2-я пал. 16 ст.), драўляныя гатычныя масты Капельбруке (1333, згарэў у 1993, адбудаваны) і Шпроербруке (1408), ратуша (пач. 17 ст.), будынкі ў стылі барока (17—18 ст.). Штогадовыя муз. фестывалі. Кліматычны курорт. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства каля в. Покры Брэсцкага р-на. Пабудавана ў 1739, часткова перабудавана ў 19 ст. Узор драўлянай пабудовы цэнтрычнай кампазіцыі, у архітэктуры якой адзначаюцца рысы стылю барока. Крыжападобны ў плане будынак з 5-граннай апсідай накрыты 2-схільным дахам. Сяродкрыжжа завершана фігурнай вежачкай. Да апсіды прылягаюць 2 маленькія рызніцы. З захаду да царквы прыбудавана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку), накрытая 8-гранным шатровым дахам. Сцены будынка вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вуглы апрацаваны разьбянымі накладкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.
Існаваў у 17 ст. — 1832 у г. Полацк Віцебскай вобл.Засн. полацкім войскім К.Храпавіцкім з жонкай Тэафіляй з Сакалінскіх паміж 1628 і 1648 (найб. верагодная дата — 1640). Першыя 2 касцёлы былі драўляныя. Мураваны касцёл св. Антонія пабудаваны ў 1763—75. Уяўляў сабой 3-нефавы храм памерам 14,5 χ 9,5 сажняў з 2-вежавым фасадам, у інтэр’еры было 7 алтароў. У 1832 кляштар скасаваны, касцёл ператвораны ў царкву, пасля 1917 разбураны. Захаваўся 2-павярховы жылы корпус пач. 18 ст., помнік архітэктуры барока.