прыгарад г.Лос-Анджэлес, на ПдЗ ЗША, штат Каліфорнія. Знаходзіцца за 30 км ад узбярэжжа Ціхага ак., у раёне з разнастайнымі ландшафтамі (горы, паўпустынныя раўнінныя ўчасткі, лясныя масівы).
Цэнтр амер. кінамастацтва. Першая студыя засн. ў 1911. Расшырэнне вытв-сці абумовіла фарміраванне ў Галівудзе на аснове паўсаматужных груп буйных кампаній, частка якіх існуе і цяпер. У 1920-я г. ў Галівудзе была створана самая перадавая на той час матэрыяльна-тэхн. база кінавытворчасці, якая пастаянна ўдасканальвалася, падрыхтаваны прафесійныя кадры. Тады зарадзілася сістэма «зорак» — акцёраў, адно імя якіх збірала ў кінатэатры натоўпы гледачоў. Была наладжана паточная вытв-сць сцэнарыяў і фільмаў у рамках устойлівай сістэмы жанраў. Галівуд як «фабрыка мрояў» прыцягваў да сябе пільную ўвагу масавай аўдыторыі не толькі фільмамі, але і самім ладам жыцця, які шырока рэкламаваўся сродкамі інфармацыі. У 1927 у Галівудзе засн.Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук. У 2-й пал. 1930-х г. аб’ём кінавытворчасці 8 найб. фірмаў Галівуда («Метро-Голдвін-Маер», «20 стагоддзе-Фокс», «Уорнер бразерс», «РКО-Радыё», «Парамаўнт», «Юнайтэд артыстс», «Каламбія Пікчэрс», «Юніверсал інтэрнэшанал») складаў больш чым 500 фільмаў за год. У 1950—60-я г. Галівуд перажываў эканам. цяжкасці, але выстаяў у канкурэнцыі з тэлебачаннем і незалежнымі прадзюсерамі. Галівуд — своеасаблівы міф, сімвал амер. кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ЯЎРЭ́ЙСКІ ТЭА́ТР БССР.
Існаваў у 1926—49 у Мінску. Створаны з выпускнікоў Яўр. студыі ў Маскве (1922—26). Узначальвалі т-р М.Рафальскі (1926—37) і В.Галаўчынер (1938—46). Маст. аблічча т-ра вызначалі спектаклі, створаныя паводле твораў яўр. класікі: Шолам-Алейхема («Тэўе-малочнік»), А.Гольдфадэна («Суламіф»), І.Аксенфельда («Рэкрут»), М.Мойхер-Сфорыма («Маленькі чалавечак»). Значнае месца ў рэпертуары займала замежная класічная драматургія — п’есы У.Шэкспіра, Мальера, Лопэ дэ Вэгі, К.Гальдоні, Б.Шоу. Т-р імкнуўся папаўняць рэпертуар тагачаснымі нац. п’есамі: «Гірш Лекерт» А.Кушнірова, «Бойтра» М.Кульбака, «Сям’я Авадзіс» П.Маркіша і інш. У 1930-я г. пастаўлены п’есы М.Горкага («Фальшывая манета», упершыню на сав. сцэне), А.Карнейчука, А.Арбузава, М.Пагодзіна. Тэатр героіка-рамантычнага кірунку. У яго пастаноўках — тэатральна яркіх, дынамічных, маляўнічых, насычаных музыкай, танцамі. нар. песнямі — яркая відовішчнасць спалучалася з псіхалагізмам. У Айч. вайну т-р працаваў у Новасібірску. З 1946 у Мінску. У рэпертуары п’есы, прысвечаныя вайне: «Паўстанне ў гета» Маркіша, «Помста» І.Левіна, «Так і будзе» К.Сіманава і спектаклі паводле твораў нац. класікі. Сярод акцёраўт-ра: засл. арт.БССР Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У канцы 1940-х г.т-р абвінавацілі ў фармалізме, касмапалітызме, нацыяналізме і ў 1949 расфарміравалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР Будынак т-ра пастаўлены ў 1886—88 паводле праекта арх. П.Камбурава і інж. У.Мільяноўскага. Сваёй трупы не меў. У 19 — пач. 20 ст. ў ім выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст.т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага. Гастраліравалі буйныя майстры сцэны В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа. М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш. У 1910—16 выступала трупа рус.акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. З 1954 у будынку т-ра дзейнічае Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Будынак т-ра мае складаную кампазіцыю аб’ёмаў. Цэнтр. месца займае прамавугольная ў плане глядзельная зала з закругленай задняй сцяной. На гал. фасадзе выступаюць 2 вежападобныя чацверыковыя аб’ёмы і тамбур з тэрасай над ім пры ўваходзе, да якога вядзе 2-баковая крывалінейная ў плане лесвіца. Вакол глядзельнай залы згрупаваны вестыбюль, фае, кулуары, калідоры, службовыя памяшканні. У арх. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытай чырвонай муроўкі і белых атынкаваных дэталей псеўдарускага стылю (зубчыкі, сухарыкі, абрамленні аконных праёмаў разнастайных форм). Інтэр’ер аздоблены разьбой па дрэве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСАГА́НСКІ (сапр.Табілевіч) Панас Карпавіч
(15.5.1859, с. Каменна-Каставатае Мікалаеўскай вобл., Украіна — 17.9.1940),
украінскі акцёр і рэжысёр. Брат І.Карпенкі-Карага, М.Садоўскага. Нар.арт.СССР (1936). Прафес. акцёрскую дзейнасць пачаў у 1883 у трупе М.Старыцкага. У 1890—1909, 1915—17 арганізоўваў і ўзначальваў т-вы ўкр.акцёраў (з Садоўскім, М.Крапіўніцкім, М.Занькавецкай, Карпенкам-Карым, І.Мар’яненкам). У 1918 стварыў у Кіеве Нар.т-р, з якога ў 1922 арганізаваны Укр.драм.т-р імя Занькавецкай. Працаваў у ім (з перапынкамі) да 1932, а таксама ў т-ры імя І.Франко, у 1927—31 у Харкаўскім нар. т-ры. Тонкі знешні малюнак ролі, дасканалая прапрацоўка дэталей, багатая адценнямі сцэн. мова, нар. гумар — характэрныя рысы яго выканальніцкай дзейнасці. Сярод лепшых роляў: Возны («Наталка Палтаўка» І.Катлярэўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Банавентура, Гнат Голы, Тарабанаў («Сто тысяч», «Мартын Баруля», «Марнасць» Карпенкі-Карага), Галахвосты («За двума зайцамі» Старыцкага), Франц («Разбойнікі» Ф.Шылера). З 1889 працаваў як рэжысёр. Паставіў п’есы «Абяздоленая», «Марасць» Карпенкі-Карага (1890, 1904), «Па рэвізіі» Крапіўніцкага (1891), «Урыэль Акоста» К.Гуцкава (1918), «Атэла» У.Шэкспіра (1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ»,
часопіс драматургіі і сцэн. мастацтва. Выдаваўся ў 1992—98 у Мінску на бел. мове адзін раз у 2 месяцы, да 1995 (№ 5) наз. «Тэатральная Беларусь». Сістэматычна змяшчаў новыя шматактовыя і аднаактовыя п’есы для дарослай і дзіцячай аўдыторыі, лялечных калектываў (творы М.Арахоўскага, Г.Аўласенкі, Р.Баравіковай, У.Бутрамеева, В.Жуковіча, Х.Жычкі, С.Кавалёва, Г.Марчука, Я.Міклашэўскага, Т.Мушынскай, Л.Рублеўскай, І.Сідарука, А.Федарэнкі, І.Чыгрынава і інш.). Публікаваў творы са спадчыны, якія раней не друкаваліся ці сталі бібліягр. рэдкасцю (п’есы Ф.Аляхновіча, Н.Арсенневай, К.Буйло, М.Радзівіла, Л.Родзевіча, М.Чарота, В.Шашалевіча і інш.), а таксама пераклады на бел. мову п’ес Я.Баршчэўскага, А.Пушкіна, А.К.Талстога, Л.Талстога. Змяшчаў артыкулы па праблемах развіцця драматургіі, сцэн. мастацтва, па гісторыі тэатра, пра творчасць аматараў, публіцыст. артыкулы пра сувязь мастацтва з рэаліямі жыцця, рэцэнзіі на найб. значныя спектаклі. Асвятляў міжнар. фестывалі, тэатралізаваныя святы, нар. традыцыі. Публікаваў творчыя партрэты дзеячаў тэатра, успаміны пісьменнікаў і акцёраў. Калектыў рэдакцыі ў 1994 заснаваў штогоднік «Беларуская драматургія», у якім змяшчаліся новыя неапублікаваныя п’есы, забытыя творы са спадчыны, пераклады з інш. моў на беларускую. Выдаў буклет «Балтыйская тэатральная вясна—92» (1992), кн. «Паўлюк Багрым» (1994), «Культура беларускага замежжа» (ч. 3, 1998), «Тэатры Беларусі» (на бел. і англ. мовах, 1998).
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў 1976 з выпускнікоў Магілёўскага культ.-асв. вучылішча і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Адкрыўся 23.5.1977 спектаклем «Тыграня Петрык» Г.Янушэўскай і Я.Вількоўскага. Т-р вядзе пошукі адмысловага рэпертуару і арыгінальнага яго ўвасаблення, новых сродкаў сцэн. выразнасці, забытых і страчаных форм гіст.т-ра і адраджэннем іх у спалучэнні з авангарднымі навацыямі сучаснага т-ра. У пастаноўках прытрымліваецца калажна-эклектычнай формы, спалучаючы ў адным спектаклі лялькі розных сістэм, работу акцёраў у жывым плане. У рэпертуары т-ра пастаноўкі для дзяцей: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага (прыз за адраджэнне традыцый бел. батлейкі, 1990), «Піліпка і Ведзьма» С.Кавалёва, «Вясёлы цырк» Ан.Ляляўскага, «Андрэй за ўсіх мудрэй» Э.Брука і А.Гурчанкова, «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.Мілна, «Русалачка» паводле Х.К.Андэрсена, «Міо, мой Міо!..» А.Ліндгрэн, «Казка пра трох парсючкоў» Л.ЛІ, міні-опера «Чырвоны каптурок» паводле Ш.Перо; для дарослых: «Гарбата на дваіх» А.Жугжды, «Трыстан і Ізольда» Ал.Ляляўскага і М.Кандрусевіч паводле сярэдневяковага твора, «Зязюлька» У.Граўцова, «Маленькі прынц» паводле А. дэ Сент-Экзюперы, «Дракон» Я.Шварца, «Трагедыя аб Макбеце» паводле У.Шэкспіра і інш.Гал. рэжысёры: М.Кулага (1976—77), Л.Быкаў (1977), Ф.Шавякоў (1978—81), Ал.Ляляўскі (1982—86), Жугжда (з 1988, з 1996 маст. кіраўнік); гал. мастакі: Быкаў (1977—82), Л.Мікіна (1992—98).
Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Гарбата на дваіх» А.Жугжды.Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «СУЧА́СНІК».
Засн. ў 1956 як Студыя маладых акцёраў (пераважна з выпускнікоў Школы-студыі імя У.Неміровіча-Данчанкі), з 1957 тэатр-студыя «Сучаснік», з 1964 сучасная назва. Заснавальнік і гал. рэжысёр т-ра А.Яфрэмаў (да 1970), з 1972 гал. рэжысёр Г.Волчак. Першы спектакль — «Вечна жывыя» В.Розава (1956). Т-р узнік у спрэчцы з афіц. мастацтвам канца 1940 — пач. 1950-х г., выражаў настроі грамадства перыяду «адлігі». Мастацтва т-ра, заснаванае на сучаснай драматургіі, вызначалася дэмакратызмам, маральным пафасам. У далейшым т-р звярнуўся да класікі; сцэн. стыль стаў больш складаным і багатым. Сярод пастановак: «Голы кароль» Я.Шварца (1960), «Без крыжа» паводле У.Цендракова, «Назначэнне» А.Валодзіна (абедзве 1963), «Звычайная гісторыя» Розава паводле І.Ганчарова (1966), «Балалайкін і К°» С.Міхалкова паводле М.Салтыкова-Шчадрына (1973), «Эшалон» (1975) і «Валянцін і Валянціна» (1976) М.Рошчына, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра (1975), «Рэвізор» М.Гогаля (1984), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі (1985), «Кватэра Каламбіны» Л.Петрушэўскай (1986), «Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург (1989), «Пігмаліён» Б.Шоу (1994), «Тры таварышы» А.Гетмана паводле Э.М.Рэмарка (1999) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: Л.Ахеджакава, А.Вярцінская, В.Гафт, А.Даль, Н.Дарошына, Я.Еўсцігнееў, М.Казакоў, І.Кваша, Т.Лаўрова, А.Мягкоў, М.Няёлава, А.Табакоў, Л.Талмачова, П.Шчарбакоў і інш.; рэжысёры: Р.Вікцюк, Кваша, Г.Таўстаногаў, В.Фокін, А.Эфрас і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МАЛЫ́ ТЭА́ТР.
Створаны ў 1996 у Мінску як недзярж. т-р на базе Альтэрнатыўнага т-ра (існаваў у 1990—96). Творчую дзейнасць пачаў пад маст. кіраўніцтвам І.Забары паказам спектакляў, пастаўленых раней у Альтэрнатыўным т-ры: «Камедыя» У.Рудава паводле твораў К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча (рэж. А.Андросік і Рудаў), «Моцарт і Сальеры» А.Пушкіна (рэж. А.Літвін), «Лебядзіная песня» паводле А.Чэхава (рэж. В.Грыгалюнас). Мастацтву т-ра ўласцівы віртуознасць акцёрскай тэхнікі, дынамізм сцэн. дзеяння, актыўная драматург. роля музыкі, пластыкі і колеру. Працуе на невял. аўдыторыю, ставіць пераважна спектаклі малых форм з камерным складам выканаўцаў. Сярод пастановак: філас. камедыя «Скарпіён» А.Еранькова паводле апавядання «Няма даравання» Л.Андрэева (рэж. В.Еранькова), дынамічны экзерсіс «Знайсці Элізабет» А.Гарцуева паводле Р.Тама (рэж. Гарцуеў), філас. трагікамедыя «Дрэйфус» Ж.К.Грумбарга, створаная з выкарыстаннем прыёму «тэатр у тэатры» (рэж. Літвін), казка для дзяцей «Чаравічак для Папялушкі» Я.Жураўкіна паводле казкі «Папялушка» Ш.Перо (рэж. Дз.Марынін і Дз.Саладуха), канцэптуальная псіхал. драма «ART» Я.Рэзы (рэж. М.Пінігін), мюзікл «Тайны Чароўнага Паддашку» А.Еранькова (аўтар лібрэта і рэж. В.Еранькова). Сярод акцёраў: А.Голуб, Жураўкін, Забара, А.Корчыкаў, С.Нікіфарава, А.Федаровіч, А.Шуляк. У спектаклях удзельнічаюць і акцёры інш. т-раў: З.Белахвосцік, С.Журавель, В.Кашчэеў, Г.Лягчылава, В.Манаеў, А.Сідарава, А.Шадзько і інш.
Л.А.Лявонава.
Мінскі малы тэатр. Сцэна са спектакля «АРТ» Я.Рэды «ART» Я.Рэзы.