ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ ЎСХО́ДНІХ ЗЯМЕ́ЛЬ (Zarząd Cywilny ziem Wshodnich),

орган улады пры Гал. камандаванні польск. арміі на занятай ёю тэр. Беларусі і Літвы ў 1919—20. Пачало фарміравацца ў адпаведнасці з дэкрэтам нач. Польскай дзяржавы Ю.​Пілсудскага ад 8.2.1919. Рада міністраў Польшчы 8.3.1919 ператварыла Літ.-Бел. дэпартамент Мін-ва замежных спраў у Дэпартамент па справах Усх. зямель на чале з грамадз. камісарам Л.​Калянкоўскім; у час наступлення на Вільню (лют. 1919) ген. камісарам назначаны Е.​Асмалоўскі. Упраўленне размяшчалася ў Вільні, мела ў Варшаве прадстаўніцтва на чале з графам С.​М.​Касакоўскім. Адм. прастора «Усх. зямель» падзялялася на 3 акругі: Віленскую, Брэсцкую, Валынскую, пасля захопу Мінска (жн. 1919) утворана і Мінская акруга. Акругі падзяляліся на паветы на чале са старастамі. Адміністрацыя ўпраўлення камплектавалася ў асн. з мясц. палякаў, пераважна нацыянал-дэмакр. арыентацыі. Летам 1920, разам з адступаючым польск. войскам, упраўленне эвакуіравалася ў г. Быдгашч, дзе спыніла сваё існаванне.

В.​С.​Талстой.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЎФМАН (Канстанцін Пятровіч) (3.3.1818—16.5.1882),

расійскі дзярж. дзеяч. Інжынер (1874). Скончыў Гал. інж. вучылішча ў Пецярбургу (1836) і афіцэрскія класы пры ім (1839). У час Крымскай вайны 1853—56 у дзеючай арміі. З 1861 дырэктар канцылярыі ваен. міністра, памочнік Дз.​А.​Мілюціна ў правядзенні ваен. рэформ. З 17.4.1865 віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі ген.-губернатар, гал. начальнік Віцебскай і Магілёўскай губ. і камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. Як гал. начальнік Паўн.-Зах. краю працягваў палітыку, пачатую М.​М.​Мураўёвым. Пры ім у Беларусі зачынены апошнія кляштары, умацавана становішча правасл. царквы. К. быў адным з гал. ініцыятараў прыняцця закону ад 22.12.1865 аб забароне асобам польскага паходжання купляць маёнткі ў Зах. краі і аб абавязковым продажы ўсіх маёнткаў, секвестраваных у час паўстання 1863—64. З ліп. 1867 камандуючы войскамі Туркестанскай акругі. Правёў шэраг паспяховых ваен. аперацый на працягу 1868—76 і далучыў да Рас. імперыі значную частку Сярэдняй Азіі.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 8, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІ́МАЎ (Уладзімір Іванавіч) (22.12. 1802—26.2.1874),

дзяржаўны дзеяч Рас. імперыі, ген. ад інфантэрыі (1859). З 1818 на вайск. службе. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1828—29. У 1833—34 у лейб.-гвардыі Літоўскім палку. З 1838 флігель-ад’ютант Мікалая I, у 1841 ген.-маёр світы. З ліст. 1842 нач. штаба пях. корпуса. З 1849 ген.-ад’ютант, папячыцель Маскоўскай навуч. акругі. З 10.12.1855 віленскі ваен. губернатар і кіраўнік грамадз. часткі, гродзенскі, ковенскі і мінскі ген.-губернатар. Па яго ініцыятыве памешчыкі Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. накіравалі прашэнне Аляксандру II аб вызваленні іх сялян ад прыгоннай залежнасці. 20.11.1857 імператар даслаў на імя Н. найвышэйшы рэскрыпт, у якім дазволіў стварыць у гэтых губернях дваранскія к-ты для падрыхтоўкі праекта адмены прыгоннага права (гл. Рэскрыпт Аляксандра II 1857). У 1861 Н. прызначаны членам Дзярж. савета з захаваннем ранейшых пасад, у 1862 — камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. У час паўстання 1863—64 за нерашучасць у дзеяннях супраць паўстанцаў 13.5.1863 заменены М.М.Мураўёвым.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ном

(гр. nomos = літар. закон, пастанова; песня)

1) старажытнагрэчаская назва асноўнай адміністрацыйнай адзінкі (акругі) у Стараж. Егіпце;

2) адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка сучаснай Грэцыі;

3) песня, гімн у старажытных грэкаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

экза́рх

(гр. eksarchos = кіраўнік, галава)

1) галава жрацоў пры храме ў Стараж. Грэцыі;

2) намеснік імператара ў якой-н. вобласці Візантыйскай імперыі;

3) галава царкоўнай акругі ў праваслаўнай царкве.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА (БВА),

ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навучальных і інш. ваен. устаноў, улікова-мабілізацыйных органаў (ваенкаматаў), якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Існавала ў 1918—92. Утворана 28.11.1918 як Мінская ваен. акруга. 14.12.1918 перайменавана ў Зах. ваен. акругу, у склад якой увайшлі Мінская, Смаленская, Віцебская, Магілёўская і Віленскай губ. Кіраванне ажыццяўляў акруговы ваен. камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). 20.12.1918 створаны ваен.-акруговы штаб; фарміраваліся мясц. ваенна-адм. органы. Першыя акр. камісары — І.​Я.​Алібегаў і У.​С.​Селязнёў. У крас. 1918 ва ўмовах грамадз. вайны і іншаземнай інтэрвенцыі створаны Зах. ўчастак атрадаў заслоны, потым Заходні раён абароны 1918, які перайменаваны ў Заходнюю Армію 1918—19, з 19.2.1919 у Заходні фронт 1919—24. 8.4.1924 Зах. фронт перайменаваны ў Зах. ваен. акругу. У 1924—25 у войсках акругі праводзілася ваен. рэформа, якая прадугледжвала пераход да адзінаначалля, змену структуры кіравання акругай, перавод войскаў на новыя штаты, увядзенне тэр. прынцыпу камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей Чырв. Арміі, стварэнне нац. злучэнняў і часцей. Першае ў акрузе нац. фарміраванне — 2-я Бел. стралк. дывізія. 2.10.1926 Зах. ваен. акруга перайменавана ў БВА. У 1930-я г. на яе тэр. вялося будаўніцтва ўмацаваных раёнаў (Полацкага, Мінскага і Палескага), праводзілася тэхн. перааснашчэнне, упраўленне акругі аб’яднана са штабам. У 1935—38 тэрытарыяльныя стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. Беспадстаўныя рэпрэсіі ў 1937—38 супраць кіруючых работнікаў, камандзіраў і палітработнікаў сур’ёзна аслабілі ваен. кадры акругі. У 1938 БВА названа Бел. асобай ваен. акругай, у 1939 яе ўпраўленне пераведзена ў Мінск. 11.7.1940 БВА перайменавана ў Зах. асобую ваен. акругу, войскі пачалі аснашчацца новымі відамі зброі і тэхнікі. На пач. Вял. Айч. вайны 22.6.1941 акруга пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44, які 24.4.1944 перайменаваны ў 3-і Бел. фронт. З 15.10.1943 на базе ўпраўлення Маскоўскай зоны абароны ў Смаленску (са жн. 1944 у Мінску) сфарміравана ўпраўленне БВА (камандуючы В.​Ф.​Якаўлеў). У ліп. 1944 у склад акругі ўключана тэр. Літ. ССР, і са студз. 1945 БВА стала называцца Бел.-Літ. ваен. акругай. 9.7.1945 яна падзелена на 2 акругі: Мінскую (аб’ядноўвала Мінскую, Полацкую, Маладзечанскую, Віцебскую і Магілёўскую вобл., упраўленне ў Мінску) і Баранавіцкую (Баранавіцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Пінская, Бабруйская, Палеская і Гомельская вобл., упраўленне ў Бабруйску). 4.12.1946 яны зноў аб’яднаны ў адну акругу — БВА (упраўленне напачатку размяшчалася ў Бабруйску, са студз. 1947 — у Мінску). З 1950-х г. войскі БВА аснашчаліся новымі відамі зброі, у т. л. ракетнай зброяй рознага прызначэння, адбываліся змены ў арганізац. структуры існуючых злучэнняў, уведзены новыя роды войскаў, у т. л. ракетныя. 6.5.1992 БВА ліквідавана ў сувязі са стварэннем Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь і будаўніцтвам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У розны час войскамі акругі (франтоў) камандавалі: Я.​З.​Барсукоў (1918), М.​М.​Дамажыраў (1919), Дз.​М.​Надзёжны (1919), У.​М.​Гіціс (1919—20), М.​М.​Тухачэўскі (1920—21, 1922—24), П.​М.​Захараў (1921), А.​І.​Ягораў (1921—22, 1927—31), А.​І.​Кук (1924), А.​І.​Корк (1924—27), Е.​П.​Убарэвіч (1931—37), І.​П.​Бялоў (1937), М.​П.​Кавалёў (1938—40), Дз.​Р.​Паўлаў (1940—41), А.​І.​Яроменка (1941), С.​К.​Цімашэнка (1941, 1945—46, 1949—60), І.​С.​Конеў (1941, 1942—43), Г.​К.​Жукаў (1941—42), В.​Д.​Сакалоўскі (1943—44), І.​Д.​Чарняхоўскі (1944—45), А.​М.​Васілеўскі (1945), І.​Х.​Баграмян (1945), С.​Г.​Трафіменка (1946—49), У.​М.​Камароў (1960—61), В.​А.​Пянькоўскі (1961—64), С.​С.​Марахін (1964—67), І.​М.​Траццяк (1967—76), М.​М.​Зайцаў (1976—80), Я.​П.​Іваноўскі (1980—85), У.​М.​Шуралёў (1985—89), А.​І.​Кастэнка (1989—92).

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАШЧА́НЕ, валашане,

сяляне, жыхары пэўнай воласці. У сярэднявеччы на Беларусі — сяляне-абшчыннікі пэўнай акругі з цэнтрам у пагосце (пастаялым двары) ці воласці (княжацкі ўдзел або дзярж. землі, што былі ў прыватным уладанні). У 14—16 ст. тэрмін «валашчане» ўжываўся для вызначэння насельніцтва воласці (у процілегласць гарадскому — мяшчанам). У 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. валашчане — сельскае насельніцтва адм.-тэр. адзінак — валасцей.

т. 3, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДЫМКА́Р,

горад у Рас Федэрацыі, цэнтр Комі-Пярмяцкай аўт. акругі. Размешчаны ў Перадураллі, пры ўпадзенні р. Кува ў р. Іньва (бас. р. Кама). Засн. ў 16 ст., горад з 1938. 33,7 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць дрэваапр., металаапр., харч. і інш. Драм. т-р. Краязнаўчы музей. Спарткомплекс «Парма» (з трамплінамі 40 і 60 м). Нікольскі сабор (1792—95).

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАР’Я́Н-МАР,

горад, цэнтр Ненецкай аўт. акругі. у Расіі. Размешчаны за Паўн. палярным кругам, у зоне пашырэння шматгадовамёрзлых парод, на Пячорскай нізіне, на адной з праток р. Пячора. Засн. ў пач. 1930-х г. 19,2 тыс. ж. (1996). Марская і рачная прыстань, за 110 км ад Баранцава м. Прам. прадпрыемствы. акц. т-ва «Пячорскі лес», рыба- і мясакамбінаты, масларобны з-д. Краязнаўчы музей.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-ЛУІ́ (Port Louis),

горад, сталіца дзяржавы Маўрыкій, на ПнЗ в-ва Маўрыкій. Адм. ц. акругі Порт-Луі. Засн. ў 1736. 145,8 тыс. ж. (1996). Гал. порт краіны. Вузел аўтадарог. Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр., хім. (з-д штучных угнаенняў), харчасмакавая (цукр., алейная, тытунёвая). Ун-т. Музеі: горада, гіст., маст. галерэя. Стараж. форт «Адэлаіда» і цытадэль. Цэнтр турызму.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)