Вага́ ’вага́; ва́гі; лоўкасць, сіла; важнасць’ (Шн. Песні, КЭС). Агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. wâga, н.-в.-ням. Wage ’вагі’. Гэта пашыраная версія выклікае, аднак, сумненне, паколькі для запазычання са ст.-в.-ням. зашырокі арэал распаўсюджання слова ў славянскіх мовах, параўн. рус. вага, укр. вага, польск. waga, в.-луж. waha, н.-луж. waga, чэш. váha, славац. váha, макед. вага, серб.-харв. ва́гаты ’ўзважваць’. Да ўсходніх славян слова прыйшло, відаць, праз польскую мову (Фасмер, 1, 263) разам з шэрагам новаўтварэнняў на польскай глебе і польскіх ка́лек нямецкіх слоў (Брукнер, 598–599). На беларускай глебе зараз суіснуюць шматлікія словы з гэтым коранем, але рознага паходжання — запазычанні, калькі, уласнабеларускія ўтварэнні і інш.: важыць, адвага, раўнавага, разважлівы, вагар, важкі, важны, падвага, стальвага і інш. Запазычаннем з польск. (і далей са ст.-в.-ням.) лічыў бел. вага Карскі (Труды, 310; Белорусы, 151). Гісторыю слова гл. Булыка, БЛ, 11, 73–74. Параўн. Міклашыч, 374; Уленбек, AfslPh, 15, 492; Кіпарскі, Gemeinsl., 267; Праабражэнскі, 1, 99–100; Гараеў, 37; Клюге, 393; Фік-Торп, 383; Махэк₂, 674; Голуб-Ліер, 500; Шанскі, 1, В, 5; Рудніцкі, 1, 288–289; Скок, 3, 558–559; Кюнэ, Poln., 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)