стрымаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Спыніць, запыніць на хаду; затрымаць, задаволіць (рух, ход, дзеянне). Андрэй стрымаў каня і павярнуўся да паставога. М. Ткачоў. Вельмі хацелася Собічу падняцца і падысці да акна, каб паглядзець на іх, але ён стрымаў сябе. Скрыган. // Перашкодзіць чаму‑н., затрымаць (развіццё, рост і пад. чаго‑н.). Жыццё ідзе наперад, і яго нічым не стрымаеш. Арабей. // Утрымаць ад якіх‑н. дзеянняў; перашкодзіць. Стрымаць няможна грамаду, Калі яна на ворага ўзнялася. Корбан. Мы аб’яднанымі сіламі ў свеце Стрымаем падпальшчыкаў новай вайны. Танк.

2. Вытрымаць які‑н. цяжар, націск. Я паварочваюся да свайго суседа, спраўнага ружовага дзядка: ён з усяе сілы ўпяўся, каб стрымаць людзей, што наваліліся яму на плечы, і цяжка дыхае. Палтаран. Шанцавала Нічыпару гэтым вечарам на рыбу .. Спраўляйся толькі падымаць з асцярогаю вудзіл[ьна]; глядзі, каб стрымала вуда, пакуль скончыць плотка свой танец. Баранавых. // перан. Перанесці, выцерпець. Не стрымала сэрца ўздыму У грудзях гартаваных, мужычых. Каб вякамі струхлелае з дымам Распаліць ад мяжы да мяжы. Трус.

3. Процістаяць напору, націску каго‑, чаго‑н. А ці хопіць у партызан сілы выстаяць, стрымаць блакаду, разбіць карнікаў? Няхай. І як ні спяшаліся гітлераўцы будаваць лініі абароны, яны не маглі стрымаць націск Савецкай Арміі. Васілеўская. // Стаць перашкодай на шляху чаго‑н. Праз завешанае коўдраю акно прабіваліся першыя промні сонца. Коўдра не магла стрымаць іх, яны ўрываліся ў палату праз невялікія шчыліны. Арабей.

4. Не даць чаму‑н. праявіцца на поўную сілу, выявіцца поўнасцю. Апошні раз мы не стрымалі слёзы У студзені, калі гулі сірэны. Грахоўскі. Нягледзячы на ўсю значнасць моманту, Андрэй не стрымаў усмешкі. Шыцік. [Пальчык] толькі стараўся стрымаць дыханне, а сэрца ў яго грудзях малаціла. Дамашэвіч. // перан. Утрымаць пры сабе (пра думкі, пачуцці і пад.). Думы, думы! Я вас не стрымаю. Ды ці можна, скажыце, стрымаць, Калі ў сэрцы растала зіма Пад кіпучыя росквіты мая?! Багун. Не пясняр я, а песні складаю, Бо стрымаць іх мне сіл не стае: Дзе ні гляну — ад краю да краю Зарунела зямля маладая, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч.

5. Абмежаваць, зменшыць велічыню, ступень, сілу праяўлення чаго‑н. Стрымай свой запал. ▪ [Сцёпа] стрымаў усхваляваны тон голасу, праказаў невінавата, наіўна: — На дварэ вунь ідзе снег. Баранавых. // і без дап. Утрымаць сябе ад праяўлення якіх‑н. пачуццяў, ад здзяйснення якіх‑н. намераў. І ўсё ж Вячаслаў не стрымаў. Паціху пачаў насеістваць знаёмую мелодыю. Шыловіч. Гауптман не стрымаў — выявіў сваё нутро: — Дурань! Растлумачце яму [вахтмайстру], обер-лейтэнант. Мікуліч.

•••

Стрымаць слова (абяцанне, клятву) — выканаць абяцанае. Важаты Сяргей Ляўцоў стрымаў сваё слова. Беразняк. Колькі ўжо год ведае Змітрок Іну, а не памятае выпадку, каб яна ашукала, не стрымала слова. Ваданосаў.

Стрымаць сябе — тое, што і стрымацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)