сапхну́ць, ‑пхну, ‑пхнеш, ‑пхне; ‑пхнём, ‑пхняце; зак.

1. каго-што. Пхаючы, ссунуць, скінуць адкуль‑н., куды‑н. Кожны стараўся сапхнуць другога з прызбы пад акном. Чорны. [Баба Варка:] — Не скінь мне лямпу са стала. Локцем сапхнеш... Пташнікаў. Кінуўшы ў лодку тонкі, выслізганы рукамі шост,.. [Толя] палажыў туды і мяшок, падкасаў да калень штаны, адвязаў чайку ад вярбы і сапхнуў яе на ваду. Брыль.

2. перан.; каго. Разм. Прымусіць вызваліць пасаду. [Русаковіч:] Выходзіць, што я сам пхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца. Крапіва. [Якім:] — Якім жа макарам ты [Сцяпан] думаеш сапхнуць мяне з пасады? Пянкрат.

3. перан.; каго-што. Перакласці на каго‑н. (свае абавязкі, справы і пад.). Сапхнуць работу на другога. // Зваліць на каго‑н. адказнасць за сваю правіннасць, учынак. Сапхнуць віну за недагляд на зменшчыка.

4. перан.; каго-што. Разм. Пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. (часцей непрыемнага). [Алесь] рыхтаваў коней на буславіцкі «бяссенны» кірмаш. Даводзілася шмат выбракоўваць, бо аконамы намагаліся сапхнуць розную здыхляціну. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)