фраза, ‑ы, ж.

1. Інтанацыйна аформленае спалучэнне слоў, якое выказвае думку; сказ. — Якая ты неасцярожная, Кетэ! — учулі хлапцы адрывак фразы. Самуйлёнак. — Напішыце сказ, — ..[Леанід] крыху падумаў, — ну, напрыклад, першую фразу, якую вы сёння сказалі, і раскажыце пра яе ўсё, што ведаеце. Шахавец. І зноў надакучліва палезла ў галаву фраза: «А чабор пахне...» Асіпенка.

2. Напышлівы выраз, які пазбаўлены ўнутранага зместу або які прыкрывае лжывасць гэтага зместу. Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя. Бядуля. [Чарнавус:] Адны траскучыя фразы і абсалютна нічога канкрэтнага. Крапіва. Вострае і глыбока прачутае пачуццё Радзімы ў Еўдакіі Лось вынікае з яе вершаў спакойна і сціпла, без гучных фраз. Звонак.

3. Устойлівае спалучэнне якіх‑н. слоў; хадзячы выраз. Гэтыя радкі па сутнасці ўжо сталі крылатай фразай. Бугаёў.

4. У музыцы — рад гукаў або акордаў, якія ўтвараюць невялікую, адносна закончаную частку музычнай тэмы, мелодыі. У агульным рознагалосым гуле чуюцца знаёмыя музычныя фразы. «Маладосць».

[Ад грэч. phrásis — выраз.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)