сарва́цца, -рву́ся, -рве́шся, -рве́цца; -рвёмся, -рвяце́ся, -рву́цца; -рві́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. звычайна не ўжыв.). Перастаць трымацца на чым-н., адарваўшыся, не ўтрымаўшыся, зваліцца (пра што-н. прымацаванае).

Дзверы сарваліся з завесаў.

2. Зваліцца, упасці адкуль-н., страціўшы апору.

С. з вяршыні гары.

С. з рыштаванняў.

3. Рвануўшыся, вызваліцца ад чаго-н.

Сабака сарваўся з ланцуга.

4. Хутка, імкліва пакінуць якое-н. месца.

Хлопец сарваўся з лаўкі і пабег.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Сапсавацца ад рэзкага руху, рыўка, прыйсці ў нягоднасць пры няўмелым карыстанні (пра разьбу і пад.).

Разьба сарвалася.

6. Страціць самакантроль над сваімі паводзінамі, дзеяннямі.

С. і накрычаць на дзяцей.

7. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Застацца нявыкананым, не адбыцца.

Сход сарваўся (разм.).

З языка сарвалася што ў каго (разм.) — сказаў не падумаўшы, паспешна.

Як з ланцуга сарваўся (разм., неадабр.) —

1) пра шумныя паводзіны, празмерную радасць каго-н., хто адчуў сябе на свабодзе;

2) пра паводзіны, учынкі чалавека, які страціў кантроль над сабой, перастаў сябе стрымліваць.

|| незак. зрыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. зрыў, зры́ву, мн. зры́вы, зры́ваў, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)