пту́шка, -і, ДМ -шцы, мн. -і, -шак, ж.

1. Пакрытая пер’ем і пухам пазваночная жывёліна з крыламі, дзвюма канечнасцямі і дзюбай.

Вадаплаўныя птушкі.

Пеўчыя птушкі.

Вольная п. (таксама перан.: пра свабоднага, ні ад каго не залежнага чалавека). Важная п. (перан.: пра важнага чалавека; разм.).

2. зб. Такія жывёлы як прадмет развядзення, палявання, прадукт харчавання.

Хатняя п.

Рэзаная п.

Марожаная п.

3. Паметка ў выглядзе дзвюх рысак, якія ўтвараюць востры вугал унізе.

Паставіць птушку на полі сшытка.

|| памянш. пту́шачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 і 3 знач.).

|| прым. птушы́ны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

З птушынага палёту (з вышыні, адкуль усё відаць). Жыць на птушыных правах (не маючы трывалага становішча, забеспячэння; разм.). Толькі птушынага малака не хапае (пра поўны дастатак; разм., жарт.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)