зуб, -а, мн. зу́бы і зубы́, -о́ў, м.

1. мн. зу́бы і (з ліч. 2, 3, 4) зубы́, зубо́ў. Касцявое ўтварэнне, орган у роце для адкусвання і разжоўвання ежы.

Кутнія зубы.

Малочныя зубы (у дзяцей). Узброены да зубоў (перан.: вельмі добра ўзброены). З. на з. не пападае (пра дрыжыкі ад моцнага холаду, страху). З. за з. (перан.: адплачваючы за зло той жа меркай; разм.). Зубы на паліцу палажыць (перан.: абмежаваць сябе ў самым неабходным з-за адсутнасці сродкаў; разм.). Зуб або зубы вастрыць на каго-н. (перан.: злавацца, імкнуцца нашкодзіць; разм.). Праз зубы гаварыць (ледзь раскрываючы рот, неахвотна). Не па зубах (перан.: не пад сілу, не па здольнасцях).

2. мн. зубы́, -о́ў. Зубцы (гл. зубец у 1 знач.).

Ні ў зуб нагой (разм.) — зусім нічога (не ведаць, не разумець і пад.).

Мець зуб на каго (разм.) — адчуваць тайную злобу, нездаволенасць у адносінах да каго-н.

|| памянш. зубо́к, -бка́, мн. зу́бкі, -аў і (з ліч. 2, 3, 4) зубкі́, -о́ў, м. (да 1 знач.).

На зубок трапіць каму (разм.) — стаць прадметам насмешак, плётак, крытыкі.

На зубок (вывучыць, выведаць; разм.) — дакладна, дасканала.

|| прым. зубны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.) і зубавы́, -а́я, -о́е (да 2 знач.; спец.).

Зубны боль.

Зубны ўрач.

Зубны парашок (для чысткі зубоў). Зубны зычны (які вымаўляецца пры ўдзеле зубоў; спец.). Зубавая барана.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)