воўк, ваўка́ і во́ўка, мн. ваўкі́, ваўко́ў, м.

Драпежная жывёліна сямейства сабачых, звычайна шэрай масці. Колькі ваўка ні кармі, ён усё роўна ў лес глядзіць (прыказка). І ваўкі сыты і авечкі цэлы (прымаўка). Хоць воўкам вый (вельмі дрэнна, бязвыхаднае становішча). Воўкам глядзець (пазіраць) (глядзець панура, варожа).

Біты воўк (разм.) — пра бывалага, вопытнага чалавека.

Марскі воўк (разм., адабр.) — пра бывалага, вопытнага марака.

|| памянш. ваўчо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.

|| зб. ваўкаўё, -я́, н.

|| прым. во́ўчы, -ая, -ае і ваўчы́ны, -ая, -ае (разм.). В. апетыт (вельмі моцны).

Воўчы білет (пашпарт) — у царскай Расіі: дакумент з адзнакай паліцыі аб палітычнай ненадзейнасці яго ўласніка.

Воўчы закон — беззаконне, якое падтрымліваецца грубым насіллем.

Воўчыя грыбы — агульная назва неядомых грыбоў.

Воўчыя ягады — чырвоныя або чорныя плады ядавітых лясных раслін.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс, часткова)