але́¹, злуч.

I. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; адпавядае па знач. словам «а», «аднак», «наадварот». Хлопец гаварыў па-беларуску, але з моцным польскім акцэнтам.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем. Ты ведаеш, але казаць не хочаш!

3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, аб чым гаворыцца ў другім сказе. Быў ён там ці не быў, напэўна ніхто не ведаў, але ж людзі называлі яго імя.

II. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія развіваюць, дапаўняюць або паясняюць выказаную ў папярэднім сказе ці словазлучэнні думку. Кожны выбірае свой шлях да шчасця, але толькі яно не заўсёды даецца лёгка і проста.

2. Далучае члены сказа і сказы, звязаныя паміж сабой часавай паслядоўнасцю. Яна зачыніла дзверы, але праз хвіліну хтосьці пачаў стукаць у іх.

3. Ужыв. ў пачатку самастойных сказаў пры рэзкім пераходзе да новай думкі і адпавядае злучніку «ды». Нават і ён маўчаў... Але што я кажу, — ён, напэўна, лепш за ўсіх разумеў нас.

4. у знач. наз., нескл., н. Пярэчанне, перашкода (разм.). Ніякіх але!

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс, часткова)