пульсава́ць, ‑суе; незак.

1. Рытмічна біцца, мець пульс (пра сэрца, артэрыі і пад.). На лбе ўсхвалявана пульсавала тонкая сіняватая жылка. Гамолка. // Рытмічна рухацца па крывяносных сасудах (пра кроў). У такіх роздумах Людвік і дабег да свайго лагера. Нейкі час не прыслухоўваўся, як пульсуе кроў у дзяўчыны, ці трымаецца ў грудзях дыханне. Кулакоўскі. І зноў з усіх ног бягу прэч ад школы... Бягу, а ў скронях б’е, пульсуе, аж звініць кроў — гэта праўда, усё праўда, што я думаў... Сачанка.

2. перан. Рытмічна рухацца; актыўна праяўляцца. Над Дняпром, над Волгай, над Масквой-ракою, — скрозь жыццё пульсуе, шпаркае такое. Дубоўка. Творчая фантазія пульсуе тут моцна, і актуальнасць праблематыкі не слабее. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пуцёўка, ‑і, ДМ ‑цёўцы; Р мн. ‑цёвак; ж.

1. Афіцыйнае пасведчанне, якое выдаецца асобе пры накіраванні куды‑н. (у санаторый, дом адпачынку, новабудоўлю і пад.). Турысцкая пуцёўка. Камсамольская пуцёўка. □ У чэрвені, пасля здачы экзаменаў, Косця атрымаў пуцёўку на курорт і паехаў на Чарнаморскае ўзбярэжжа. Карпюк.

2. Лісток у вадзіцеляў транспарту, у якім указваецца маршрут і заданне. Якаў паказаў пуцёўку, потым шафёрскае пасведчанне. Кулакоўскі.

•••

Пуцёўка ў жыццё — а) веды, навыкі і пад., якія даюць магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю; б) тое, што сведчыць аб прыгоднасці чаго‑н. да выкарыстання. Вылепіўшы і адштукаваўшы фігуры і пешкі, Іван Сарока афарбоўваў іх у адпаведныя колеры, і тады ўжо выраб атрымліваў пуцёўку ў жыццё. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяке́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы пеклу, такі, як у пекле. І вось пачалося змаганне Дабра і прадвечнага зла, Світальнай зары і змяркання, Пякельнай начы і святла. Танк.

2. Разм. Вельмі цяжкі, нясцерпны; пакутлівы. Пасля двух пякельных баявых дзён рота лейтэнанта Клямта была адведзена з пярэдняга краю. Мележ. У душы маёй заўсёды быў нейкі пякельны разлад. Купала.

3. Разм. Незвычайны па ступені праяўлення; страшэнны. Пякельная спёка. Пякельны боль. □ Усё цела паліў пякельны агонь, трашчала ад болю галава, ліўся густы пот. Дуброўскі.

4. Разм. Жорсткі, бесчалавечны. Нямала людзей з маёй вёскі не вярнулася з вайны, нямала дзяцей і дарослых загінула ў часы пякельнага рэжыму фашысцкай акупацыі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разважаць ​1 і разважыць ​2; роздум. Раздумаў, разважыў Мікітка — Развагам навучыць бяда. Колас.

2. Думка, меркаванне, вывад, якія з’явіліся ў выніку роздуму, разважання. Я сяджу ў кабінеце, слухаю цікавыя развагі пра людзей і часам нібы нават бачу іх перад сабою. Кулакоўскі. Рэшту сала .. [брат] палажыў у кішэню з развагаю: — А гэта я занясу дадому Марыльцы. Чорны.

3. Тое, што і разважлівасць. Траціць развагу. □ Цвёрдая воля і здаровая развага [Бумажкова] адразу выявілася ў тым, што атрад стаў у першыя ж дні свае дзейнасці на самыя важныя ўчасткі. Чорны. [Кастусь] любіў са старэчаю развагаю гутарыць пра народнае жыццё і сялянскую долю. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рату́нак, ‑нку, м.

1. Тое, што і ратаванне. Рух гэты .. [Міхалковіча] падобен на тое, быццам ён кінуўся на свой ці на чый ратунак. Чорны.

2. Магчымасць, сродак выратавацца, пазбавіцца ад чаго‑н. (небяспечнага, непрыемнага). І няма такой злыбеды на свеце, на якую б не ўсміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак. Гарэцкі. Гэта быў слабы, але радасны крык чалавека, які пасля смяртэльнай небяспекі ўбачыў ратунак. Шамякін. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі.

3. Дапамога, абарона, выручка. Прасіць ратунку. □ З трахомаю, з праказаю Калекі ўсе ідуць. Ускраіны паказваюць Вялікую бяду. Пара ратунак даць ім, Пара іх выручаць! Панчанка.

•••

Ратунку няма гл. няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́пар, ‑а, м.

1. Труба канічнай формы, якая служыць для ўзмацнення гуку. У руках цыбатага хлапца апынуўся бляшаны рупар, і, прыставіўшы яго да вуснаў, ён загудзеў: — Таварышы! Перш за ўсё правядзём спаборніцтва бегуноў. Мікуліч. // перан.; чаго. Кніжн. Той, хто перадае, выказвае, распаўсюджвае чые‑н. ідэі, погляды. З гаворкай Якубовіча ніяк не згаджаецца Антон Корж, вобраз якога ў апавяданні па сутнасці з’яўляецца рупарам ідэй аўтара. Лойка. Агітацыйна-масавая графіка перыяду грамадзянскай вайны была рупарам ідэй Камуністычнай партыі. Шматаў.

2. Разм. Рэпрадуктар у выглядзе такой трубы. У пасёлку каля слупа з рупарам стаяла некалькі мужчын і жанчын з дзецьмі. Кулакоўскі. — Дарэчы, чаму ў вас на кухні ніколі рупар не выключаецца? Грамовіч.

[Ад гал. roerper.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэзе́рв, ‑у, м.

1. Запас чаго‑н. на ўсякі выпадак. Рэзервы вытворчасці. □ Людзей у нас поўна. Але вы не бойцеся, я вас пасялю ўдвух у трэці пакой. Мы яго на ўсякі выпадак трымаем у рэзерве. Сабаленка.

2. Крыніца, адкуль бяруцца новыя сілы, сродкі. Камсамол заўсёды быў і застаецца актыўным памочнікам і баявым рэзервам Камуністычнай партыі. «Звязда».

3. Частка войск, пакінутая ў распараджэнне камандзіра з мэтай выкарыстання яе ў патрэбны момант. Рэзерв Галоўнага камандавання. □ Адзін атрад і некалькі баявых груп заставаліся ў рэзерве. Кулакоўскі.

4. Састаў ваеннаабавязаных, якія прызываюцца ў армію па мабілізацыі.

•••

Працоўныя рэзервы — моладзь, якая ў розных тэхнічных вучылішчах атрымлівае спецыяльнасці кваліфікаваных рабочых.

[Ад лац. reservare — захоўваць, зберагаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сітуа́цыя, ‑і, ж.

1. Сукупнасць абставін, у якіх што‑н. адбываецца; становішча, у якім хто‑н. знаходзіцца. Рэвалюцыйная сітуацыя. □ [Андрэй:] — Нам трэба ўмець разбірацца не толькі ў абставінах, у розных вайсковых сітуацыях, а і ў людзях. Кулакоўскі. Гаворка часамі пераходзіла ў звычайнае фантазёрства, у жарты, у неіснуючыя сітуацыі, поўныя дасціпных, смешных выдумак. Колас. Валодзя ўхваляў рашэнне, казаў, што інакш і нельга, што і ён пры такой сітуацыі зрабіў бы толькі так. Шамякін. Чаго толькі не пабачыш у час камандзіровак, у якія сітуацыі не трапіць! Місько.

2. У геадэзіі — сукупнасць водных прастораў, лясоў, гор, населеных пунктаў і пад., якія паказаны на карце ці плане пры дапамозе ўмоўных знакаў.

[Фр. situation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм.

1. Тое, што і сотня (у 1 знач); сто. Ды толькі вось дзе закавыка: Купіць зямлю — купіць не лыка, Тут грошы трэба — і не сетка... Эх, брат, рука, рука каротка! Колас.

2. Адна сотая частка якой‑н. адзінкі, меры (гектара і пад.). Калі Антаніна прыйшла на поле, Надзя і Волька, выжаўшы ўжо соткі па паўтары, сядзелі на снапах і снедалі. Васілевіч. // толькі мн. (со́ткі, ‑так). Прысядзібны ўчастак, агарод. За градамі з капустай, буракамі і насеннай цыбуляй — соткі з бульбай. Кулакоўскі.

3. Уст. Мера гарэлкі ў адну сотую частку вядра, а таксама бутэлька такой ёмістасці. Гаспадыня дае [бацьку] сетку і ідзе спаць. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упадаба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Спадабаць, захапіцца кім‑, чым‑н. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Прачытаў яму [бацьку] свой верш за чужы. А ўжо як бацька ўпадабаў, прызнаўся, што напісаў сам. Лужанін. Стаўшы калгасным конюхам,.. [Павел] так упадабаў гэтую работу, так звыкся з коньмі, што не хацеў і адыходзіць ад іх. Кулакоўскі.

2. Палюбіць каго‑н. Упадабала.. [Лукер’я] тады мужнага чэкіста-камсамольца, выйшла за яго замуж. Місько. [Жняя:] — Зямляк то зямляк, але ж і ўпадабаў. Ды і чаму цябе не ўпадабаць: ты ж як тая кветачка. А кветачка ж кожнай пчолцы кідаецца ў вочы. Сабаленка. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)