прашнурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. што. Прашыць шнурам, нанізаць на шнур. Прашнураваць сшытак.

2. перан. Прайсці некалькі разоў па адным і тым жа месцы. Гаспадар зноў двойчы прашнураваў з хлява ў гумно і назад. Брыль. Як ганчак, збіўшыся з зайцавага следу, Васіль прашнураваў туды і сюды, а потым выбег на вуліцу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́рблены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыгорбіць.

2. у знач. прым. Згорблены, ссутулены (ад старасці, немачы); крыху сагнуты. Па высокай прыгорбленай постаці прафесар Галынскі адразу пазнаў Ягуплу. Галавач. Жылісты, прыгорблены, .. [сын], як заведзены, кружыўся на падворку, мільгаў палатнянымі штанамі. Ракітны. На [біле] свайго воза сядзеў мужчына з тоўстым, трохі прыгорбленым носам. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяшчо́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць пяшчотнага. Пяшчотнасць свайго бацькоўскага пачуцця дзед выказваў, як заўсёды, па-свойму. Брыль.

2. Ласкавасць, пяшчота. Матулі роднай вобраз мілы, Пяшчотнасць, любасць да мяне, Яе аб дзецях клопат шчыры Усплываюць часта ў светлым сне. Журба. Дзедам старога называла ўся брыгада, і ў гэтай назве была нейкая пяшчотнасць. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размя́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў мяккім, размяк. Размяклая зямля наліпала на салдацкія боты, на гусеніцы танкаў і колы аўтамашын. Дудо. На тым беразе Дзвіны імчаліся грузавыя машыны па размяклым ад спякоты асфальце. Грахоўскі.

2. перан. Разм. Расслаблены, вялы. Цеплыня разбірала размяклага Сімона. Самуйлёнак.

3. перан. Разм. Які стаў дабрэйшым, больш ласкавым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разнабо́й, ‑ю, м.

Адсутнасць узгодненасці, зладжанасці, адзінства ў чым‑н. Разнабой у пастаноўцы націску. Разнабой у датаванні. □ — Зайдзі на нашу ферму і паглядзі, колькі там усякіх парод? Да дзесятка налічыш, — самы што ні на ёсць разнабой. Кулакоўскі. Прапусціўшы па чарцы, у разнабой загаманілі за сталамі жанкі і мужчыны, зноў заспявалі дзяўчаты. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раска́яцца, ‑каюся, ‑каешся, ‑каецца; зак.

Пашкадаваць аб зробленым учынку, прызнаўшы яго памылковым або благім. Аднак, поўная трывогі, нягледзячы на сварку, .. [Вера] ўчора за вячэрай зноў папрасіла Максіма Сцяпанавіча з’ездзіць да дырэктара інстытута. Папрасіла і раскаялася. Карпаў. Гераіня К. Чорнага выходзіць замуж за кулака па разліку, але вельмі скора павінна раскаяцца ў гэтым кроку. Адамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руды́, ‑ая, ‑ое.

Рыжа-карычневы. І ўсё ў гэтым чалавеку было рудым — і яркая каўбойка і калматая чупрына, і густыя калючыя бровы. Лынькоў. Хлопцы ўбачылі, як вялікая рудая вавёрка ледзь справілася ўскочыць на тоўстую елку. Ваданосаў. Па берагах канала ляжалі высокія бясформенныя груды рудой балотнай зямлі. Краўчанка.

•••

Загінуў як рудая мыш гл. загінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рум, ‑у, м.

Разм. Месца на беразе ракі, куды звозяць бярвенне для сплаву і дзе вяжуць плыты. Румам у нас называецца тое месца, куды вывозяць зімою калоды з лесу, каб вясною збіць іх у плыты і сплаўляць па рэчцы. Колас. Хлопцы хадзілі на рум, дзе завіхаліся плытнікі каля высокіх ярусаў бярвення. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́кша, ‑ы.

1. ж. У некаторых краінах Усходняй і Паўднёвай Азіі і Афрыкі — невялікая двухколая каляска на рысорах, прызначаная для перавозкі пасажыраў і грузаў.

2. м. Чалавек, які, запрогшыся ў такую каляску, перавозіць пасажыраў і грузы. Стаю. Ужо трэці трамвай празвінеў, І вось падбягае з павозкаю рыкша, Павезці па вуліцы хоча мяне. Прыходзька.

[Япон.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́згіны, ‑гін; адз. няма.

Прыстасаванне насіць сена, салому, зробленае з вяровачнай сеткі, нацягнутай на сагнутыя пруткі, дужкі. Алесь зачыніў адрыну, ускінуў на плечы рэзгіны з сенам і паволі пайшоў да кепскага хлява. Чарнышэвіч. Шурка пачаў хадзіць па сена не з рэзгінамі, а з дзяругай. Брыль. Пад павеццю конь скуб з рэзгін сена. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)