цялёпкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Хадзіць, шлёпаць па вадзе, гразі і пад.; плюхацца. Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. Лынькоў.

2. Тое, што і целяпацца. На абцасе аднаго з іх [ботаў] цялёпкалася дрэнна прыбітая паўсцёртая падкоўка. Капусцін.

3. Плюхацца, боўтацца ў вадзе. Мінаю .. хаткі Шушанскага, спакойную Шуш, дзе весела цялёпкаюцца дзеці, .. і трапляю на востраў, дзе любіў адпачываць Ленін. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цясні́на, ‑ы, ж.

Вузкая, глыбокая рачная даліна з крутымі стромкімі схіламі. Далёка, там, дзе роў злучаўся з глыбокай цяснінай рэчкі, стаялі машыны. Асіпенка. На працягу гадоў [рачулка] .. стварыла цясніну са стромкімі, як муры, берагамі. Маўр. // Вузкі праход паміж гарамі, скаламі і пад. Гучны адзінокі стрэл пачуўся воддалі, рэха пранесла яго далёка, і ён паўтарыўся недзе ў гулкай цясніне гор. Самуйлёнак. Ёсць у Альпах далёкіх сяло, Ледзь бялее між горных цяснін. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорнагало́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае цёмныя або чорныя валасы. Чорнагаловы Віця, нашмат меншы за сястру, першым чынам пачаў расказваць бацьку з маткай, колькі ён узяў добрых грыбоў — баравікоў і колькі падасінавікаў. Ермаловіч. // Які мае чорную галаву (пра птушку, жывёлу і пад.). Уверсе, на галлі, шмыгае чорнагаловая слаўка, скача, папіскваючы, чубатка-сініца, асыпаючы на мяне старыя шыпулькі. Хомчанка.

2. З цёмным, чорным верхам. Чорнагаловыя, ўдалыя, Баравічкі мае любыя! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Пазбягаць, цурацца каго‑н. Нейкі час .. [муж і жонка Раманюкі] жылі, як два чужыя чалавекі, выпадкова з’яднаныя гешэфтам: называлі адзін аднаго на «вы», чужаліся. Карпюк. Да .. [Пшанічнага] раптам перамяніліся ўсе дружбакі, пачалі чужацца хлопца. Быкаў. // Адмаўляцца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. (якіх‑н. дзеянняў, спраў, сфер жыцця і пад.). Крытык не чужаецца гісторыі, але кожны раз, калі звяртаецца да яе, спрабуе асвятляць з пазіцый сённяшняга дня. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаро́ш 1, ‑рашу, м.

Дробны крохкі лёд у выглядзе кашападобнай масы, які ідзе перад ледаставам або ў час вясновага крыгаходу. Бялява-шэрыя аблачынкі на рацэ, на якія .. [лётчык] звярнуў увагу з самалёта, аказаліся першымі маленькімі плывучымі астраўкамі шарашу. Хадкевіч. Светла-попельны колер хмар пад нагамі нагадвае то густы шарош на вадзе, то нядаўна астрыжаную аўчыну. Брыль.

шаро́ш 2, ‑рашу, м.

Спец. Лес, які сплаўляецца па рацэ бярвеннямі, не звязанымі ў плыт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́фа, ‑ы, ж.

1. Прадмет мэблі ў выглядзе высокай стаячай скрынкі з дзверцамі, які служыць для захоўвання чаго‑н. Тут [у святліцы] стаяла шафа, вялікі куфар, засланы белым абрусам, стол і нават некалькі крэслаў. Зарэцкі. Старая дастала з шафы слоік з маслам, аладкі, у шклянку наліла халоднага ўжо чаю. Мікуліч.

2. Прыстасаванне ў выглядзе скрынкі са створкай або дзверцамі, якое служыць для якіх‑н. мэт (сушкі, выпечкі і пад.). Сушыльная шафа. Выцяжная шафа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць глухі адрывісты гук (пры падзенні, якіх‑н. рухах і пад.). Суха шахала салома, вылятаючы на падстаўленыя вілы, — змятая, перакручаная, з абвялымі, патанчэлымі каласамі. Савіцкі. Чутно, як шахае піламі стары тартак. Сабаленка.

2. З энергіяй, сілай рабіць што‑н. Пракос за пракосам шахала [маці], скінуўшы душны каптан, аж адпаўзаў ад страху далей у затоку туман. Макарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штоно́ч, прысл.

Кожную ноч, кожнай ноччу. Мы змаглі добра замаскіраваць аэрадром, з якога штоноч падымаліся самалёты. Жычка. Барвовы, з-пад шалома хмар, ля самых нашых вокан штоноч на поўдні, помню, Марс гарэў тыгрыным вокам. Вялюгін. // З кожнай ноччу, ноч ад ночы. Пражэктары, Як біўні агнявыя, Штоноч зіялі бліжай і святлей. Аўрамчык. Толькі галасы, нібы не тыя, — Пацішэлі і штоноч цішэюць. Ці для іх, вяскоўцаў, стаў чужы я? Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штось 1, чагось, чамусь, штось, чымсь, аб чымсь, займ. неазначальны.

Тое, што і штосьці ​1. Вусны.. [Джуліі], не перастаючы, шапталі штось незразумелае, іншамоўнае, але Іван і без таго адчуваў усё. Быкаў. — Ну, маладзіца, прысядзь трохі: маю штось у цябе запытаць, — лагодненька пачынае Гудзілка. Колас.

штось 2, прысл.

Тое, што і штосьці ​2. Штось пад канец сваволіць сэрца, Прыступак пяць бы тут [на лесвіцы] адняць. Прыходзька. Як відаць, .. [сабака] не выспаўся або так штось заленаваўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штоф 1, ‑а, м.

1. Старая руская мера вадкасцей (звычайна віна, гарэлкі), роўная 1/10 вядра; вадкасць такога аб’ёму.

2. Шкляная чатырохгранная пасудзіна з кароткім рыльцам, якая змяшчае такую колькасць вадкасці. Пан Даніла сустрэў яго [маладога], седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф. Караткевіч.

[Ням. Stauf.]

штоф 2, ‑у, м.

Шчыльная, цяжкая шарсцяная або шаўковая тканіна з буйным тканым узорам, якая ідзе на абіўку мэблі, на парцьеры і пад.

[Ням. Stoff.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)