пазно́сіць, ‑зношу, ‑зносіш, ‑зносіць; зак., каго-што.
1. Знесці — пра ўсё, многае. Пазносіць каменне з поля. □ На гародзе была пакапана бульба, а на голым месцы, з якога пазносілі бульбоўнік на плот, ляжаў вялікі гарбуз. Чыгрынаў. // Знесці ў адно месца ўсіх, многіх або ўсё, многае. Прыйшла машына. У яе пазносілі раненых, і Івін паехаў у шпіталь. Алешка. Пчаляр пазносіў на зіму У сховішча ўсе вуллі. Корбан.
2. Спусціць уніз усё, многае. Пазносіць сена з вышак.
3. Сарваўшы, разбурыўшы, знесці з месца ўсё, многае. Пазносіць масты. □ [Язэп:] — Усё паламалі і пазносілі, каб іх хвароба паламала. Колас.
4. Пайшоўшы, узяць з сабой усё, многае. Пазносіць чужыя рэчы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паласка́ць, палашчу, палошчаш, палошча; незак., што.
1. Прамываць, абмываць, апускаючы ў ваду. Пад мостам, стоячы па калені ў вадзе, жанчына паласкала бялізну. Лобан. І маці стол ужо прыбрала, Пасуду, лыжкі паласкала. Колас. // Заліваючы або паліваючы, абмываць. Шыбы паласкаў дождж, але праз іх яшчэ добра былі відаць апошнія ружы. Федасеенка.
2. Прамываць рот, горла, зубы з мэтай дэзінфекцыі, лячэння. Назаўтра раніцаю доктар Пфэрдсан абматаў .. [Гендарсану] твар бінтам, даў нейкую вадкасць паласкаць рот. Чарнышэвіч.
3. Развяваць што‑н., хлопаць чым‑н. (пераважна пра вецер). А побач гмах на люднай плошчы Асветлен сонцам веснавым, І вецер горды сцяг палошча Над родным горадам маім. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пану́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Непрыветлівы, хмурны, суровы (пра чалавека). Характарам Аркадзь быў другі: не маўклівы і пануры, а гаваркі чалавек. Капыловіч. Дзед зрабіўся больш пануры, пазіраў на свет нейкімі непрытомнымі вачыма. Якімовіч. // Які выражае хмурнасць, суровасць. Пануры погляд. □ Твар у.. [Кашына] быў, як і заўсёды, пануры, можа толькі крыху ўзрушаны. Карпаў.
2. перан. Які выклікае сваім выглядам цяжкае пачуццё, змрочны. Неба на ўсходнім баку, зацягнутае хмарамі, было цёмнае, панурае. Мележ. Паказаліся вясковыя хаты, панурыя, маўклівыя. М. Ткачоў. // Цяжкі, бязрадасны. Панурыя думкі.
3. З апушчанай галавой, панылы. Людзі разыходзіліся з пахавання панурыя, маўклівыя. Лынькоў. Пад скурай у.. [каня] ходарам хадзілі рэбры, галава была панурая. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папа́с, ‑у, м.
1. Месца, дзе пасецца жывёла; паша. Травою шастаюць Каровы на папасе. Чарот. Змоўкла цётка, калі на падворку тонка і высока заржала жарабя, а ў дзвярах паказаўся дзядзька Андрэй — прызнаў з папасу кабыліцу. Вышынскі.
2. Прыпынак у дарозе з мэтай пакарміць коней, падсілкавацца і адпачыць; папаска. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег, Ды дзе спыніцца для папасу? Колас. Праз вёску са сваёй дружынай Баярын гэты ехаў раз, І ля Натальчынай хаціны Ён затрымаўся на папас. Купала. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на папас і на начлег у карчме. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́дзіць, ‑ра́джу, ‑ра́дзіш, ‑ра́дзіць; зак., што і з інф.
Даць параду, падказаць, як дзейнічаць. Дзед бездапаможна трасе галавой, разводзіць рукамі. Ну, што ёй парадзіць? Колас.
•••
Нічога не парадзіш — а) аб немагчымасці зрабіць што‑н. так, як хочаш. Маці пачала яе адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не парадзіш з упартаю дачкою! Якімовіч; б) пра неабходнасць згадзіцца з тым, што ёсць. Нічога не парадзіш, прыйшлося Беразоўскаму прывезці бульбу і муку. С. Александровіч.
парадзі́ць, ‑раджу́, ‑ро́дзіш, ‑ро́дзіць; зак., што.
Быць прычынай узнікнення, з’яўлення чаго‑н. Эпоха, што парадзіла і абумовіла творчасць Купалы, характарызуецца падзеямі выключнай гістарычнай важнасці. Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасялі́цца, ‑сялюся, ‑селішся, ‑селіцца; зак.
1. Заняць дзе‑н. месца для жылля. І вось гэты самы Янка Гукала стаяў цяпер каля гумна, дзе пасяліўся на лета Садовіч. Колас. Мы, вярнуўшыся на пагарэлішча, ..Пасяліліся ў маленькім трысцене. Барадулін. // Заснаваць сядзібу, пабудавацца. Антонава хата вунь, у самым канцы новай вуліцы.. Пасяліўся Антон на выгодзе. Ермаловіч. У Пятроўцы за мостам, дзе першы пасяліўся Мітрафан Лугавы, здаецца, нядаўна яшчэ ляжала пустка. Ракітны.
2. перан. Устанавіцца, з’явіцца, узнікнуць (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад.). Насцярожанасць пасялілася ў хаце Ігната Шылянка. Кавалёў. Добра, што сеецца, Хораша сеецца, — Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацяпле́ць, ‑ее; зак.
1. Стаць цёплым, цяплейшым. Як толькі пацяплела надвор’е і падсохла зямля, сабраў .. [Лабановіч] сваю маёмасць, а ўсё лішняе і не дужа патрэбнае пакінуў у брата, развітаўся з ім і рушыў у дарогу. Колас. Незнаёмы, хораша ўсміхаючыся, разглядаў братоў, як бы параўноўваючы іх, і вочы яго пацяплелі і не здаваліся такімі калючымі. Шамякін. / у безас. ужыв. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з’явілася спакойная ўпэўненасць. Лынькоў.
2. безас. Пра наступленне цяпла, цёплага надвор’я. Пацяплела. Вецер сціх. Чорны. З асаблівым нецярпеннем чакаў гэту вясну .. Сашка. Бацька яму паабяцаў: адразу як пацяплее, адвязе яго да дзеда ў вёску. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перажыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да перажыць (у 1, 4 знач.).
2. што і без дап. Быць у стане душэўнага неспакою ў сувязі з чым‑н., хвалявацца, нервавацца з прычыны чаго‑н. — Не перажывай, — суцяшаў я Паліну, — я сам вінаваты больш, чым ты і Лебяда разам. Пальчэўскі. Ні адну яшчэ няўдачу .. [Карп] не перажываў так пакутліва, як гэтую. Шамякін.
3. што. Аднаўляць у памяці мінулае, перажытае. Вера шырока расплюшчыла вочы, нібы перажываючы нанова свой ранейшы спалох. Зарэцкі.
4. Спец. Пранікацца пачуццямі, думкамі персанажа (пра акцёра). Паў ліпка ўвесь час на сцэне, яна дзейнічае, змагаецца, перажывае, хвалюецца. Ярош.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́зна,
1. прысл. Пад канец якога‑н. часу, калі прайшла большая частка яго. Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка.
2. безас. у знач. вык. Пра позні час. Было ўжо і сапраўды позна, і Салаўёў не стаў затрымліваў сябра. Шахавец.
3. прысл. Пасля звычайнага, устаноўленага часу. Участак быў засеяны позна, у чэрвені, і цяпер авёс толькі пачаў выходзіць у трубку. Асіпенка. Міхалка ўстаў позна, ніхто яго не турбаваў. Чорны.
4. безас. у знач. вык. Аб прапушчаным зручным моманце. Толя з Міхасём убачылі .. [салдат] зусім блізка — метраў за трыста, на дарозе. Уцякаць было позна. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Без мяса і малака, не скаромны. Вячэра мусіла быць посная, але ж трэба было згатаваць нямала-нямнога: дванаццаць страў! Мележ. — Сядай, сынок... Нічога лепшага ў мяне няма... Капуста посная. Чарнышэвіч.
2. Не тлусты. Посная свініна.
3. перан. Хмурны, сумны (пра выраз твару, усмешку і пад.). Малашкін сядзеў выпрастапы, з посным тварам чакаў голасу сакратара. Пестрак. Гаспадар пакоя неяк знячэўку ўстрапянуўся, ураз сагнаў ўсмешку з твару, які стаў ад таго сумны і посны. Быкаў.
4. перан. Прытворна сціплы, ханжаскі. Парэчкус злажыў рукі і падняў угару посны твар, як на маленні. Броўка.
•••
Посны дзень гл. дзень.
Посны цукар гл. цукар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)