мазо́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Разм. Націраць мазалі доўгай работай або хадзьбой. Дзён два мазоліў [Бірук] далоні рыдлёўкай — раўняў гліняны дол. Кулакоўскі.

•••

Мазоліць вочы каму — дакучаць, назаляць пастаяннай прысутнасцю. Мужчыны выйшлі на двор. Абіваючы росную націну, пайшлі па градах да рова, каб не вельмі мазоліць людзям вочы. Асіпенка.

Мазоліць язык — упустую, дарэмна гаварыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малато́чак, ‑чка, м.

1. Памянш. да малаток (у 1 знач.); невялікі малаток.

2. Спец. Ударнае прыстасаванне ў некаторых механізмах і інструментах. І сёння стаіць у вачах, як жывы, той дзядзька без шапкі, .. што трымаў на каленях цымбалы, па струнах якіх тупацелі яго малаточкі. Брыль.

3. Спец. Адна са слыхавых костачак сярэдняга вуха.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марскану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Абл.

1. Рэзка штурхнуць, адштурхнуць, адкінуць. Валодзя, доўга не думаючы, схапіў.. [Яніка] за кашулю і марскануў у гарох, які рос пры дарозе. Дайліда.

2. Ударыць, выцяць. Яўсей марскануў каня лейчынай па баку, нокнуў павышаным голасам, але той не наперад пайшоў, а падаўся назад. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маслёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Вадкасць, якая застаецца пасля збівання масла. Зноў пайшла [жанчына] у хату і вярнулася з двума вялікімі кубкамі і збанком яшчэ свежай маслёнкі. Брыль.

2. Прыстасаванне для змазкі машын. Ручная маслёнка. Аўтаматычная маслёнка. □ Прамазучаны змазчык, жангліруючы на хаду пустой маслёнкай, пайшоў па пероне. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мерыдыя́н, ‑а, м.

У геаграфіі — уяўная лінія, якая, праходзячы па паверхні Зямлі, злучае абодва полюсы і перасякае экватар пад прамым вуглом.

•••

Магнітны мерыдыян — вертыкальная плоскасць, якая праходзіць праз магнітную вось стрэлкі ў дадзеным месцы зямной прасторы.

Нябесны мерыдыян — вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз полюсы свету і зеніт, адкуль вядзецца назіранне.

[Ад лац. meridianus — паўдзённы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіцяня́ і дзіцянё, дзіцяняці, ДМ дзіцяняці, Т дзіцянём, н.

Тое, што і дзіця (у 1, 2 знач.). Варушыцца Ганна, ціхенька супакойвае дзіцянё і штось ласкава-ласкава гугніць свайму маленькаму сыну. Колас. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дро́вы, дроў, дрывам; адз. няма.

Распілаваныя і паколатыя дрэвы, пасечанае галлё, якія ідуць на паліва. Яловыя дровы. Сухія дровы. Секчы дровы. □ Дзед хадзіў кудысьці на работу, ці то пілаваць, ці то складаць дровы. Лынькоў. Дровы.. разгарэліся добра, аж грубка гула. Сабаленка.

•••

Наламаць дроў гл. наламаць.

Хто ў лес, хто па дровы гл. хто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капры́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Свавольны, наравісты, з капрызамі. Капрызнае дзіця. Капрызны чалавек. // Які выражае капрыз. Капрызны голас. Капрызны твар. □ [Акушэрка] сустракала Сяргея больш стрымана, крывячы ў ледзь прыкметнай усмешцы.. капрызны маленькі рот. Сіўцоў.

2. перан. Поўны нечаканых перамен, выпадковасцей; няўстойлівы. Капрызны лёс. Капрызнае надвор’е. □ Нёман стромкі, капрызны, а па ім — плыты, бясконца плыты... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жупа́н, а́, м.

Даўнейшае верхняе мужчынскае і жаночае адзенне з каляровага сукна ў палякаў, беларусаў і ўкраінцаў. Пшэбора зараз па парадку Скідае вопратку сваю, Наўперад зняў канфедэратку, Як сведку польскасці ў краю, А потым важна расшпіляе Зялёны вышыты жупан. Колас. Змардаваны, сумны, у жупане зялёным Круль драмаў, прылёгшы ў ботах на пярыне. Бажко.

[Польск. żupan.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навізна́, ‑ы, ж.

1. Уласцівасць і якасць новага (у 2, 3 знач.). Навізна поглядаў. Навізна ўражанняў.

2. Нешта новае, незнаёмае; тое, што нядаўна адчулі, аб чым нядаўна дазналіся. І кожны раз гэты горад, родны і блізкі, радаваў і хваляваў светлай навізной. Хадкевіч. Усё.. [у кватэры] вабіла навізною, а хатнія рэчы былі расстаўлены па-старому. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)