буркава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Утвараць характэрныя для галубоў гукі. Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы. Шамякін. // перан. Жарт. Лагодна і пяшчотна размаўляць. З усімі.. [Ліза] гаварыла ласкава і мякка. Ну проста не гаварыла, а мурлыкала, як каток, ці буркавала, як галубка. Арабей. Сядзела на лаўцы Пад фрэнчам хлапечым І ўсё буркавала Каханку аб нечым. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бюст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Скульптура верхняй часткі чалавечага цела (да грудзей або да пояса). Граф.. паглядаў.. на свой бронзавы бюст, што стаяў на падстаўцы з чорнага дубу мастацкай разьбы. Бядуля. З беларускага фарфору зроблены бюст і статуэткі Суворава, Багдана Хмяльніцкага, Міцкевіча. «Беларусь».

2. Жаночыя грудзі. Назаўтра раніцаю каля калонкі я сустрэў жанчыну гадоў пад пяцьдзесят, але на дзіва маладжавую, са стройныя станам, па-маладому прыўзнятымі плячамі, моцным бюстам. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зліза́ць, зліжу, зліжаш, зліжа; зак., каго-што.

1. Зняць што‑н. з якой‑н. паверхні, праводзячы па ёй языком. Злізаць сняжынку з губ. // З’есці што‑н., падбіраючы языком. Злізаць смятану. Злізаць масла з хлеба.

2. перан. Разм. Знішчыць, паглынуць (пра агонь, ваду і пад.). Ранішняя зара заняла ўвесь усход і злізала зоры. Чарнышэвіч. Ад бомбы полымя злізала Усё драўляная ў млыне. Астрэйка.

•••

Як карова языком злізала гл. карова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зліў, зліва і зліву, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. зліваць — зліць (у 1 знач.).

2. ‑а. Спец. Прыстасаванне для сцёку вады або другой вадкасці. Брудная вада сама вылівалася праз дзірку ў дне карыта і сцякала на двор: пад карытам у падлозе Лапко зрабіў зліў. Колас.

3. ‑а. Месца, дзе зліваюцца рэкі. Гарадзішча старое на зліве рэк, Больш як дзесяць стагоддзяў назад Першы зруб паставіў тут чалавек. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зно́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад знасіць.

2. у знач. прым. Які прыйшоў у непрыгоднасць ад доўгай носкі (пра абутак, адзенне). — А гэта вось боты старыя, — кажа бацька, выцягнуўшы з мяшка зношаныя са збітымі абцасамі, ссохлыя боты. Галавач. // Спец. Які прыйшоў у непрыгоднасць ад доўгай работы (пра машыну, механізм і пад.).

3. перан.; у знач. прым. Разм. Без часу састарэлы; спрацаваны. Лугавы зразумеў — білася зношанае старое сэрца. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ізаля́тар, ‑а, м.

1. Рэчыва, якое не праводзіць электрычнага току, цеплыні або не прапускае гукаў.

2. Дэталь для замацавання і ізаляцыі праваднікоў. Фарфоравы ізалятар.

3. Асобнае, спецыяльна прыстасаванае памяшканне (у бальніцах, санаторыях і пад.) для хворых з нераспазнанымі або заразнымі хваробамі. Перавесці ў ізалятар. Пакласці ў ізалятар.

4. Камера для аднаго чалавека ў турме. Перадалі, каб і тыя, што сядзяць у ізалятарах, выходзячы на прагулку, таксама мелі чырвоныя банцікі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

індыка́тар, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Прыбор, які служыць для вымярэння фізічных велічынь (ціску, нагрузкі і пад.), а таксама для адлюстравання ходу працэсаў або стану аб’екта назірання. Індыкатар электрычных ваганняў. Індыкатар настройкі. Акустычны індыкатар.

2. ‑у. Рэчыва, якое ўводзіцца ў раствор для выяўлення хімічнага працэсу, што адбываецца ў растворы. Індыкатар шчолачных і кіслых рэакцый.

3. ‑а. Бібліятэчная картатэка, якая паказвае, хто ўзяў чытаць кнігу. Навесці даведку па індыкатар у.

[Лац. indicator — паказальнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інко́гніта,

1. прысл. Скрыта, тайна, хаваючы сваё імя. Гэтым разам Мірэцкі прыйшоў на камбінат як бы інкогніта. Сабаленка.

2. нескл., н. Знаходжанне пад выдуманым імем; захаванне свайго імя ў невядомасці. [Балуеў:] Да таго часу, пакуль эшалон не прыйдзе на станцыю Мінск, вам трэба захоўваць інкогніта і чакаць. Мележ.

3. нескл., м. і н. Асоба, якая скрывае сваё сапраўднае імя. І ўсё ж карцела даведацца загадзя пра тое інкогніта, пляменніцу. Гроднеў.

[Ад лац. incognitus — непазнаны, невядомы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць сухім; высушыць. Засушыць кляновы ліст. Засушыць рыбіну.

2. перан. Разм. Пазбавіць жывасці, яркасці, выразнасці. Засушыць спектакль. □ Кірыла сумна ўсміхнуўся: ён не вельмі багаты на метафары і параўнанні. Заўсёды пакутліва шукаць іх, каб былі трапныя, арыгінальныя. Ён вінаваціць газету — яна засушыла. Шамякін.

3. перан. Разм. Прыпыніць, спыніць, развіццё чаго‑н. Засушыць ён можа справу, — І цябе й тваю заяву — Пад сукно. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засцерагчы́, ‑рагу, ‑ражаш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. засцярог, ‑сцерагла, ‑ло; заг. засцеражы; зак., каго-што ад каго-чаго.

Загадзя прыняць меры, каб ахаваць каго‑, што‑н. ад небяспекі, непрыемнасцей і пад. Засцерагчы дзяцей ад хваробы. □ — Давай, — сказаў Дзіма, надзеючы акуляры ў металічнай аправе, каб засцерагчы вочы ад іскраў. Скрыпка. Цябе ў жыцці засцерагу Ад небяспек неспадзяваных. Матэвушаў. // З’явіцца аховай, сродкам абароны ад чаго‑н. Прафілактычныя мерапрыемствы засцераглі насельніцтва ад распаўсюджання хваробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)