няўця́мны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, што цяжка зразумець, усвядоміць; незразумелы. Няўцямныя думкі прыгняталі Андрыяна. Марціновіч. Базыль нешта няўцямнае мармытнуў і заспяшаўся даганяць Піліпа. Сачанка. // Які выклікае недаўменне; загадкавы. Здарылася нешта няўцямнае. Адбыўся неверагодны выпадак, верыць якому не хацелася. Лупсякоў.

2. Які выяўляе неразуменне чаго‑н. або адсутнасць думак аб чым‑н. На гэты раз Сцяпан даўжэй глядзеў няўцямнымі вачыма на прысутных. Пальчэўскі. Надзя расплюшчыла вочы, няўцямным поглядам абвяла клець. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кісе́ль, ‑сялю, м.

1. Кіслая студзяністая страва з аўсянай мукі або ягаднага соку, заваранага на крухмале. Аўсяны кісель. Кісель з журавін.

2. перан. Пра вязкую, клейкую масу. Хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да кален[яў]. Мележ. // Пагард. Пра вялага, слабавольнага чалавека. — Не, не! — запратэставаў Лапко: не кажы мне гэтага! Трэба быць цвёрдым. А я — кісель. Колас.

•••

Дзесятая вада на кісялі гл. вада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папаласка́ць, ‑палашчу, ‑палошчаш, ‑палошча; зак., каго-што.

1. Апаласнуць, выпаласкаць. Бабка паставіла дайнічку на лаву, зняла з паліцы гладыш, папаласкала і накрыла цадзілкай. Каліна. Гаспадар яго на гэты раз заўважыў, што зусім непадалёк ад недакурка стаіць эмаліраваная для гэтага пасудзіна, якую я надоечы старанна вадою памыла, папаласкала. Грамовіч. Цёплы дождж папаласкаў сады і вецці-космы таполяў,.. і трава на вачах прыкметна шуганула ўгару. Даніленка.

2. Паласкаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

быва́ла,

1. Адз. пр. часу ж. і н. роду ад бываць.

2. Часціца, у знач. пабочн. Разм. Паказвае на значэнне дзеяння, якое нерэгулярна паўтаралася ў мінулым: іншы раз, раней, здаралася. А як ён [Піліп] іграў на гармоніку! Бывала, як утне са скрыпачом Тодарам полечку, дык ніхто не ўстоіць і не ўседзіць. Якімовіч. Бывала, ці трэба ці не, стары Тамаш заклапочана і мнагазначна падкручваў якую-небудзь трубку ў кантактах, правяраў злучэнне. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бядня́к, бедняка. м.

Небагаты, незаможны, бедны чалавек. [Элія Бакучава:] — Багаты раз на жыцці памірае — бядняк штодзень. Самуйлёнак. Распрадавалі.. [такароўцы] апошнія здабыткі, каб плаціць адвакатам, зрабіліся беднякамі. Бядуля. // Бедны селянін, якога эксплуатавалі багачы. Атрымаўшы зямлю, дапамогу, яны [Цітаўна з сям’ёй] выбіліся з беднякоў у сераднякі. Шамякін. Спачатку ўся Гусевіца пайшла ў калгас, адны беднякі арганізаваліся. Асіпенка. Перш за ўсё вельмі падазрона, што на сход закліканы адны толькі беднякі і, што яшчэ больш дзіўна, Мікіта! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кадзі́ць, каджу, кадзіш, кадзіць; незак.

Раскалыхваючы ў руцэ кадзіла, курыць ладанам або іншымі пахучымі рэчывамі ў час набажэнства. Кадзіць сваім кадзілам дзяк Паперадзе працэсіі. Куляшоў. Вось не забыцца мне ніколі, Як раз угодніку Міколе Служыў малебен поп адзін. Як шчыра ён кадзіў. Крапіва. // перан. Незаслужана, празмерна хваліць каго‑н. Сяджу і думаю: які ж я дзівак быў учора. Часам з некім грымеў, часах некаму ў вочы кадзіў. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запа́снік, ‑а, м.

Памяшканне, месца для захоўвання чаго‑н. запаснога або таго, што не выкарыстоўваецца. / у перан. ужыв. Ішоў час, была другая работа, і гісторыя Міхаліны Казіміраўны, хоць я не раз успамінаў яе, ляжала ў маім творчым запасніку. Шамякін. // Сховішча для музейных экспанатаў, не ўключаных у экспазіцыю.

запасні́к, а́, м.

Разм. Ваеннаабавязаны запасу. На Садовай ля знаёмага кожнаму запасніку двухпавярховага дома — натоўп людзей. Сабаленка. // Салдат запасной воінскай часці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.

Разм. Сунуцца, паказацца куды‑н. Жанкі з дзецьмі былі на агародах, баючыся паткнуцца ў вуліцу. Чорны. — Мы ім дамо пытлю, няхай толькі паткнуцца! — гулі мужчыны. Грахоўскі. — Ой, Волька, як жа на вуліцу выйсці, — бядуе Уля. — Людзі пальцамі паказваць будуць... — І раптам крык: — Ну, няхай яшчэ раз паткнецца ў нашу хату — кіпнем аблію! Паўлаў. // перан. Паспрабаваць што‑н. зрабіць, памкнуцца. Паткнуцца сказаць сваё слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак.

1. каго-што. Падкаваць нанава, іначай, яшчэ раз. Перакаваць каню пярэднія ногі.

2. каго. Падкаваць усіх, многіх. Перакаваць усіх коней.

3. што. Перарабіць каваннем у што‑н. іншае. І клопат мой — дапамагчы Зямлі ў вялікай справе: Перакаваць хутчэй мячы На кельмы і аралы. Кляўко.

4. перан.; каго. Змяніць карэнным чынам, перавыхаваць. [З’явілася] думка, што чалавек сам можа выхавацца ў працы. Яна, маўляў, перакуе чалавека. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак.

Разм.

1. што. Трасучы, абіваючы, акалаціць усё, многае. Дзеці перакалацілі ўсе яблыкі ў садзе.

2. што. Абмалаціць нанава, яшчэ раз; перамалаціць, перабіць. Перакалаціць снапы аўса.

3. што. Абмалаціць усё, многае.

4. што. Трасучы, пераварочваючы, перабраць, перагледзець у пошуках каго‑, чаго‑н. Паліцыянты перакалацілі, перавярнулі ўсё дагары нагамі, але нічога і нікога не знайшлі. Сабаленка.

5. безас. каго. Перастаць, скончыць калаціць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)