скаці́на, ‑ы, ж.

Разм.

1. зб. Чатырохногая сельскагаспадарчая жывёла. Пасвіць скаціну. □ Ужо дамоў пастух скаціну гнаў. А. Александровіч. Уся вёска ў пушчы, там і каровы, уся дробная скаціна, коні, адзежа і ўсё дабро... Нікановіч. / Адна такая жывёліна. Раман злёгку, з любасцю патрапаў па шыі коніка і прамовіў: Эх ты, конік, мой конік!.. Скаціна ты, скажу табе, неразумная! Колас.

2. Груб., лаянк. Пра грубага, бяздушнага, подлага чалавека. [Лабыш да Анатоля:] Эх ты, скаціна бязрогая... Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старасве́тчына, ‑ы, ж.

Даўніна, часы, якія даўно мінулі. Герой успамінае, што некалі, у старую старасветчыну, нябожчыкаў палілі. «Полымя». // Тое, што было даўно; парадкі, звычаі, нормы і пад. Але па краіне магутным поступам ішла калектывізацыя, усюды рушыліся асновы старасветчыны. Шчарбатаў. // Тое, што створана ў далёкія часы і існуе да нашых дзён. Зацятаю грознасцю і панураю суровасцю вее ад гэтых старасвецкіх муроў, а манастыр мае выгляд непадкупнага вартаўніка аджы[л]ых рэлігійных традыцый старасветчыны. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сусе́дства, а, н.

1. Блізкасць з кім‑, чым‑н. па месцу жыхарства. Камсамолкі з інтэрната № 2 узялі шэфства над хлопцамі, што пасяліліся па суседству з імі. Грахоўскі. [Некрашэвічы і Нарбутовічы] жылі па суседству, але ў хату адзін да аднаго не заходзілі. Чарнышэвіч. // Блізкасць, сумежнасць з кім‑, чым‑н. па месцу знаходжання, размяшчэння. Стаіць .. [хата] наводшыбе і ў блізкім суседстве з хмызняком ускрай балота. Колас. Суседства з рынкам прыносіла і нямала забаў. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарахце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.

Разм.

1. Утвараць рэзкія раскацістыя гукі. У Петрыкаве пяюць пеўні, гаўкаюць сабакі, тарахціць, лапоча матор матацыкла. Сачанка. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. Па бруку тарахцелі падводы і зварочвалі ў браму рынку. С. Александровіч.

2. перан. Хутка, гучна, несупынна гаварыць; балбатаць. Не пераставаў .. [Тарас Іванавіч] тарахцець і тады, калі селі за стол. Колас. — Мы з Чэрыкава. А вы здалёку? — тарахцела .. [Юля]. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што, чым, на чым.

Разм.

1. Іграць на шчыпковым музычным інструменце. Тромкаць на балалайцы. // Няўмела іграць на такім інструменце. / у вобразным ужыв. А так хочацца яшчэ На сасну на стромкую, Дзе вясна дываны тчэ І ў цымбалы тромкае. Іверс.

2. Гучаць (пра шчыпковыя інструменты). [Якім:] — Твая скрыпка [Сымон] будзе цэла: Я ж гляджу яе тут сам, Граць і тромкаць яе дзела! Ну, больш Хаіму не дам! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утра́ціць, утрачу, утраціш, утраціць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і страціць. Пацее Яська, чуць не плача, Сказаць штось хоча і баіцца Утраціць гонар, памыліцца. Колас. «Усё мудруе нейкай трасцы, усё яму [Юзіку] трэба не так, як людзі робяць! Нейкі воз сена ўтраціў, не дадуць цяпер», — думаў стары. Крапіва. — Ну, акурат казачны паляшук [дзядзька], што і чорта ашукае, і богу не дадасць, і пана ў лыжцы вады ўтопіць, а свайго не ўтраціць. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фіна́л, ‑у, м.

1. Заключная частка, завяршэнне чаго‑н., канец. Шустры, не дачакаўшыся ад Саўкі фіналу апавядання, падагуліў тое, што ўстанавіла следства. Колас.

2. Заключная частка музычнага, тэатральнага або літаратурнага твора. У фінале Трэцяй сімфоніі кампазітар [Я. Цікоцкі] зноў вяртаецца да героіка-драматычных вобразаў. Дубкова. [Чайкоўскі].. на тэме гэтага танца [тарантэлы] пабудаваў фінал «Італьянскага капрычыо». «Маладосць».

3. Заключная частка спартыўных спаборніцтваў, у якой выяўляюцца пераможцы. [Вадзім:] — А наша каманда ў фінал выйшла. Праўда, здорава? Асіпенка.

[Іт. finale ад лац. finis — канец.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяля́тнік, а, м.

1. Хлеў для цялят. Раптам у шырокіх дзвярах цялятніка з’явіліся дзве постаці. Колас. Даверлівыя тупыя пысы .. [цялят] заўсёды радавалі Алёну, калі яна заходзіла ў цялятнік. Ермаловіч.

2. Той, хто даглядае цялят. Вопытны цялятнік.

3. Разм. неадабр. Таварны вагон, прызначаны для перавозкі жывёлы; цяплушка. Доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да дзівоснага і нязграбнага зборышча чорных рыштункаў. Чорны. Ехалі дамоў у таварным вагоне-цялятніку. Эшалон доўга выстойваў на станцыях. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалавеканенаві́сніцкі, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Уласцівы чалавеканенавісніку; прасякнуты нянавісцю да людзей, чалавецтва. А побач з гэтым вынікалі чарнасоценныя манархічныя саюзы. На паверхню ўсплывалі такія імёны, як Дубровы, Булацаль, Грынгмут, Пурышкевіч і іншыя людскія пацяробкі. Ім была дана поўная свабода ў іх чалавеканенавісніцкай дзейнасці і агітацыі за цара, за прастол і «ісконныя ўстоі» царскага самаўладства. Колас. На ўзбраенні неафашыстаў усё тая ж .. чалавеканенавісніцкая расавая «тэорыя», звярыны шавінізм і нацыяналізм. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

часці́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і частка (у 1, 2 і 3 знач.); вялікая, значная частка чаго‑н. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода. Колас. [Самоцька:] — У цябе [Андрэя] унь брат.. гаруе, а ты і яго часцінаю заўладаў. Чорны.

•••

Часціны мовы — лексіка-граматычныя разрады слоў, якія характарызуюцца агульнымі лексічнымі і граматычнымі адзнакамі, агульнасцю асноўных сінтаксічных функцый у сказе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)