скапы́ціцца, ‑пычуся, ‑пыцішся, ‑пыціцца; зак.

Разм.

1. Зак. да капыціцца.

2. перан. Памыліцца, зрабіць што‑н. няправільна. — Мы от тут акурат і баяліся скапыціцца... Шынклер.

3. перан. Паваліцца, упасці. Шчэхула як стаяў, так і скапыціўся, грымнуўшыся на падлогу. Машара. // Захварэць, злегчы. — Бачыш, не ў пару скапыціўся, — сказаў.. [дзядзька Даніла], відаць, думаючы пра тое, што праз тыдзень-два трэба будзе пачынаць сяўбу. Асіпенка.

4. Памерці, згінуць. Вядзьмар жа керхаў, керхаў ды і скапыціўся: відаць, Тодараў дручок быў мацнейшы за яго чары. Якімовіч. І дзед злуецца ды гадае, Калі скапыцяцца паны. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смуро́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Непрыемны, агідны пах. У бочцы было гулка, душна ад пары і нейкага густога смуроду. Самуйлёнак. У бруднай і цеснай майстэрні стаяў страшэнны смурод ад скур і дзёгцю. С. Александровіч. // перан. Пра якую‑н. абстаноўку, асяроддзе, што выклікаюць агіду. [Лабановіч:] — Што прайшло, таго не вернеш, і няма тут чаго каяцца. Добра ўжо і тое, што хоць пачулі смурод местачковага балота... Тфу, паскудства! Колас.

2. Разм. пагард. Пра чалавека. [Зыгмусь:] І давядзі справу да канца так, каб праз некалькі дзён гэты стары смурод узяў цябе замуж. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спява́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спецца.

2. Выконвацца, узнаўляцца голасам. [Ладымер:] — Вы [маладое пакаленне], думаеце, на тое гэта калыханка спявалася, каб дзіця заснула? Чорны. // Гучаць. У галаве песня спяваецца, а на язык не ідзе. Якімовіч. // Быць зместам песні, песень. Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне, нават і ў песнях аб ім спяваецца. Колас.

3. безас. Пра наяўнасць жадання, настрою пець. Ды і наогул на дзяўчат нібы які мор пайшоў: ім не спявалася, не гулялася. Паўлаў.

4. Зал. да спяваць (у 1, 2 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стары́зна, ‑ы.

1. зб., ж. Разм. Старыя, зношаныя рэчы, прадметы. Калі ўжо чалавек узяўся за таптуху, дык надзене, вядома, і вопратку адпаведную: самую ні на што не патрэбную старызну — порткі, ватоўку, шапку. Брыль. Па беражліваму, нават скнарліваму характару .. [Альбіны Селівестраўны] я добра ведаў, што адна з .. [шаф] была завалена атопкамі чаравікаў, дзіравых валёнак, рознай абутковай старызнай. Ракітны. // Тое, што аджыло, устарэла. [Гэля:] Не так я ўяўляла сабе сваё вяселле... [Стась:] А як? [Гэля:] З кветкамі... з фатой... [Стась:] Ды аджывае гэта ўсё! Старызна! Губарэвіч.

2. м. Разм. іран. Пра старога чалавека. — Ну, як жывецца, старызна? — весела запытаў Патржанецкі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Невялікая шклянка для віна. І наліў паўнютку стопку: — Стукні, друг, і... не дышы. Бялевіч. // Колькасць віна, гарэлкі і пад., якая ўмяшчаецца ў такую шклянку. Цяпер Герасім Іванавіч куляе стопку без лішніх слоў і, рукавом уцершы вусны, пачынае навейшы рэпертуар, дзе на першым месцы таксама вайсковыя маршы. Карамазаў. Сядзім удваіх за столікам. У нас нават па стопцы чырвонага віна. Васілевіч.

сто́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Тое, што і варыўня. Старая перабірала бульбу ў стопцы. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суправаджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суправаджаць — суправадзіць.

2. Тое, што суправаджае якую‑н. з’яву, працэс.

3. Акампаніраванне; акампанемент, другая партыя. [Маша] ўпершыню чула капэлу-спеў без музычнага суправаджэння. Шамякін.

4. Спец. Група ваеннаслужачых (або баявых машын, самалётаў і пад.), якая суправаджае або канваіруе каго‑, што‑н. Самалёты суправаджэння.

•••

У суправаджэнні каго-чаго — а) разам з кім‑, чым‑н. Па вагону ў суправаджэнні правадніцы прасоўваецца брыгадзір. Васілёнак. [Пішчыкаў] павярнуўся і прасачыў, як самалёт з групы Мохарта пайшоў і пайшоў уніз у суправаджэнні знішчальніка. Алешка; б) пад акампанемент чаго‑н. Хор у суправаджэнні аркестра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухо́ты, ‑аў; адз. няма.

1. Тое, што і туберкулёз. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі. // перан. Жарт. Пра адсутнасць грошай, безграшоўе. Цапнуў, лапнуў [Васіль] па кішэнях — сухоты. Гроднеў.

2. Разм. Клопат, непрыемнасць. — Праўда, Янка! — падтрымаў Тукалу Лабановіч і потым сур’ёзна сказаў: — Мы не цягаемся, а ідзём да пэўнай мэты, каб рабіць сухоты цару, разумееш? Колас. Бабка хуценька дастае з куфра банькі, выцірае іх ручніком. — Ой, божа ж мой, і адкуль на маю галаву сухоты такія... Каліна.

•••

Скарацечныя сухоты (уст.) — туберкулёз, які хутка развіваецца і прыводзіць да смерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́ша, ‑ы, ж.

1. Зямля ў процілегласць воднай прасторы. Не паспеюць [матросы] вярнуцца ў свой порт, размяць ногі на сушы, як зноў каманда: у мора! Б. Стральцоў. У адкрытым акіяне няма ні дрэў, ні траў, дык чаму ж паветра гам значна больш багатае кіслародам, чым на сушы? Матрунёнак. Катэры набліжаюцца да берага, вось ужо недалёка прыстань, хутка матросы ступяць на сушу. Кулакоўскі. // Сухая зямля ў параўнанні з балотам. Града — вузкая палоска сушы сярод багны і трысця. Асіпенка.

2. Тое, што і суш (у 1 знач.). Стаяла гарачыня, суша, жыты ў палях пабялелі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяго́нняшні і сённяшні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да гэтага дня. Колькі год чакала [Вольга] сённяшняга запаветнага вечара! Кулакоўскі. // Які мае адносіны да цяперашняга часу; цяперашні, сучасны. Кнігі Коласа нам і калыскай і школай былі, І па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі. Панчанка.

2. у знач. наз. сяго́нняшняе і сённяшняе, ‑яга, н. Тое, што было сягоння; што маецца цяпер. А мне сягонняшняе вітаць прыемна, Схіліўшы стан на сочную траву. Трус. Паэт разгортвае перад намі мінулае і сённяшняе роднай краіны. «Маладосць».

•••

Жыць сягонняшнім (сённяшнім) днём гл. жыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.

1. Тое, што і садзіцца. Ты сядаеш [у тралейбус], і ля[ця]ць адлегласці, І ў дзівосны свет трапляеш ты. Лойка. Я стаўлю на бетон чамадан і сядаю на яго зверху. Пінчук. Мы [Рыбка і Зарудны] ў смаляныя лодкі сядалі, Нас клікалі далі. Куляшоў. Сонца сядала, і зелень дрэў кабыла аранжавае адценне. Караткевіч.

2. заг. сяда́й(це). Ужываецца як прапанова, загад сесці. — Што ж вы [Джэк] стаіце? Сядайце, — прапанаваў Ярохін, паказаўшы на крэсла. Шамякін. Правёўшы вялікі і слаўны паход, Чырвонае войска вярталася ў тыл? І раптам сігнал на трывогу падняў: — Сядай, пралетарый, ізноў на каня. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)