дрыжа́ць і дрыжэ́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.
1. Калаціцца, трэсціся. Зямля дрыжыць. Вокны дрыжаць. □ Дрыжэлі сцены новай звонкай хаты. Купала. Там, за сінімі шыбамі, дрыжаў аголены куст бэзу. Шашкоў. // Быць ахопленым дрыжыкамі. Дрыжаць ад холаду. Рукі дрыжаць. // Мігацець, трапятаць (пра агонь, святло). А ў небе зоркі, як сняжынкі, Гараць, мільгаюць і дрыжаць. Колас. Ружовыя водсветы дрыжэлі на мёрзлай зямлі. Чорны. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Сашы] мацнеў з кожным словам і дзе-нідзе зрываўся і дрыжэў. Шамякін.
2. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баяцца каго‑н. — Васіль зненавідзеў яе, як чужое дзіця. Яна адчувала гэта і дрыжала перад ім. Колас. — Век ты перад панам дрыжаў і без пана дрыжыш, — дапякла жонка. Пальчэўскі. // за каго-што; над кім-чым. Непакоіцца, рупліва аберагаць каго‑, што‑н. [Маці] так дрыжала над .. [Нявідным], так старалася ўсцерагчы яго. Колас. // Берагчы што‑н., ашчадна траціць, расходаваць што‑н. Дрыжаць за кожную капейку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шальмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.
1. каго. Разм. Ганьбаваць, знеслаўляць (звычайна не маючы дастатковых падстаў для гэтага). [Туляга:] Калі я, напрыклад, скажу, што ведаю аднаго такога двурушніка... [Левановіч:] У чым жа справа? Вы можаце ведаць такога. [Туляга:] Што ён ілжэвучоны, абманвае партыю і савецкую грамадскасць, што ён шальмуе чэсных работнікаў. Крапіва. [Антон:] — За што вы шальмуеце дачку, сваце? — заступіўся за нявестку свёкар. Пальчэўскі.
2. Разм. Весці сябе несумленна ў якой‑н. справе; хітрыць, падманваць. [Жанна:] — Добра ведаеш ты [Адам], што Фадзей Сысоевіч шальмуе з нарадамі, так падганяе ў канцы месяца, каб кожнаму майстру выходзілі прэміяльныя. Мыслівец.
3. Гіст. Падвяргаць шальмаванню (у 2 знач.).
[Ад ням. Schelmen.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Перамагчы, асіліць у барацьбе. [Міша:] — Чаму так? Славік баксёр першага разраду, а падужаць мяне не можа. Мыслівец. Здавалася, што гаварыла возера Доўгае: «Ну, дзе вам падужаць мяне. Я маю такую сілу, што на ўсіх вас хопіць». Броўка. // Пераадолець чыё‑н. супраціўленне, справіцца з кім‑н. У саюзе будзь З рабочым класам, — Усіх і ўсё Падужаць зможам... Чарот.
2. Справіцца з чым‑н., што патрабуе фізічных намаганняў і пад. [Старожка:] — Памажыце мне прынесці тую канапу, а то я сама не падужаю. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.
1. Зрабіць усё, многае. Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку: — Толькі ж глядзі, каб усю работу нарабіў. Якімовіч. Мы парабілі цяпер такія галубятні, што ніхто не далезе, ніхто не дастане. Брыль.
2. і без дап. Папрацаваць некаторы час. Малады цыган трохі парабіў у калгасе і пасля падаўся ў горад. Чыгрынаў.
•••
Нічога не паробіш; што (ж) паробіш — пра неабходнасць зрабіць не так, як хочацца, змірыцца з тым, што ёсць. Турсевіч цмокнуў, журботна паківаў галавою. — Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
балбатня́, ‑і, ж.
Разм. Пустая, марная размова; пустаслоўе. [Паходня:] — Завялі сварку, прыпомнілі нейкія старыя рахункі — так у балбатні і прайшоў цэлы вечар. Хадкевіч. Андрэй выхваляцца не будзе, з балбатні няма толку, але рабіць тое-сёе пачне. Ермаловіч. // Выдумкі, плёткі. Хмялеўскі ведаў толькі тое, што ўся гэтая балбатня пра гарэлку і пра валоў пустое. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абго́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Тое, чым абгорнута што‑н. Цэлафанавая абгортка. □ [Мірон Іванавіч:] — Ад тае цукеркі хутка адна абгортка застанецца. Лынькоў.
2. Дробныя верхавінкавыя лісцікі, якія шчыльным покрывам акружаюць суквецце, а потым і плод у некаторых раслін. Пачаткі кукурузы пакрыты абгорткай з лісця. Спелы арэх лёгка аддзяляецца ад абгорткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іранізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак., з каго-чаго і без дап.
Адносіцца да каго, чаго‑н. з іроніяй; смяяцца, кпіць. Не іранізуй з сур’ёзнай справы. □ — Не іранізуй, Іван, з самага святога — з дружбы. Шамякін. — Вы от іранізуеце, ладна... А я вам скажу, што любая расліна можа так расці, як чалавек захоча. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяздо́нны, ‑ая, ‑ае.
Непамерна глыбокі. Так загуста насыпана месяцаў У бяздонную прорву вод, Што не пройдзе ніяк, не памесціцца Сярод гэтых вод параход. Панчанка. [Кулеш] кінуўся да ракі і доўга глядзеў на цёмную плынь і ўсё адно ўбачыў смерць — чорныя, бяздонныя віры глядзелі на яго. Шамякін. // Бязмежны, бяскрайні. Бяздонны блакіт.
•••
Бяздонная бочка гл. бочка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. пабярог, ‑берагла, ‑берагло; зак., каго-што.
1. Не растраціць, прыберагчы, захаваць. Паберагчы грошы. Паберагчы прадукты.
2. Аднесціся з увагай, асцярожнасцю да каго‑, чаго‑н., праявіць клопат аб кім‑, чым‑н. Паберагчы дзіця. Паберагчы здароўе. □ Спакойна, спакойна, сэрца, не стукай так моцна, паберажы свае сілы. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераапрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. у што і без дап. Зняўшы адну вопратку, надзець другую. Аўгіня пераапранулася ў сваю штодзённую рабочую вопратку. Колас. Пасля гэтага камбрыг падаўся ў свой будан, пераапрануцца з дарогі. Мележ.
2. кім або ў каго. Апрануцца так, каб замаскіраваць сябе. Міколкаў план патрабаваў, каб усе пераапрануліся немцамі. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)