прыўда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Разм.

1. Пачаць рабіць што‑н. вельмі энергічна, інтэнсіўна. Стопчам [лапаць] — дык атопкам Пыл уздымем хмарай, На ўсю вёску ёмка Свіснем ды прыўдарым! Танк. // Стаць мацнейшым (пра дождж, мароз і пад.). За ноч намяло гурбы снегу. Прыўдарыла, сілу сваю разамкнула сіверная зіма. Баранавых. А дождж, як на тое ліха, прыўдарыў мацней. Хомчанка.

2. за кім. Пачаць заляцацца (да жанчыны). — У такую, як Наталля Максімаўна, нельга не закахацца. Прызнаюся.., што, каб ты не апярздзіў мяне, прыўдарыў бы я за ёю... Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыцэ́л, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыцэльваць — прыцэліць і прыцэльвацца — прыцэліцца.

2. ‑а. Прыстасаванне на агнястрэльнай зброі для прыцэльвання. Пад рукой ляжала новенькая снайперская вінтоўка з аптычным прыцэлам. Шамякін.

3. ‑у; перан. Разм. Тое, да чаго хто‑н. імкнецца; мэта. Не ведаю, які быў .. план [бацькі з сынам], але, мусіць, такога прыцэлу трымаліся: баржа баржай, а яно нядрэнна будзе хутарок свой мець. Ракітны. Іншы раз яму здаецца, што ў хлопцаў пэўны прыцэл, разлік, а разліку Веньямін не любіць. Навуменка.

•••

Браць (узяць) на прыцэл гл. браць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пылі́ць, пылю, пыліш, пыліць; незак.

1. Узнімаць пыл. Перасадзіла [Агата] цераз нізкі паркан [Стасюка] і глядзела, як пабег ён на той бок вуліцы і пыліў па зямлі босымі пятамі. Чорны. Пад вішнямі, млеючы ад гарачыні, капашыліся куры — грэбліся, пылілі, закапваліся глыбей у пясок. Ракітны. // Разм. Ехаць, ісці, узнімаючы пыл. Ліпеньскім надвячоркам машына пыліла на Каралін. Сабаленка. З палеткаў каменне калгаснікі звозілі, Пылілі нястомныя грузавікі. Панчанка.

2. Тое, што і пыліцца (у 2 знач.). Пацямнеўшая вуліца пыліла ад прайшоўшага з поля быдла. Чорны. За леспрамгаскімі прычэпамі пыліла перасохлая дарога. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самаду́мам, прысл.

Разм. Самавольна, без дазволу. — А як вы в[е]дз[я]це травапольную сістэму?! — .. [Бялоцкі] павярнуўся да Варанецкага. — Я дзеля гэтага і прыехаў. На тое, што вы траву насенную самадумам касіць узяліся, я выпадкова наткнуўся. Дуброўскі. Стогнуць Бусліныя сосны: даўганосыя птахі сёлета занялі ў Грынях самадумам нечае шматгадовае прыстанішча. Пташнікаў. // Не параіўшыся з іншымі. [Надзя:] — Ці ж усё добра? Быццам у цябе не было з кім параіцца? А ты [Валодзька] самадумам усё. Гроднеў. [Тата:] — Вось бачыш... Шкоды атрымалася больш, чым карысці. Таму што не раіцеся з дарослымі, а ўсё самадумам. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смо́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Тое, што і смаленне.

смо́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

1. Ласк. да смала (у 1 знач.). На вішнях смолка сочыцца з кары. Вялюгін.

2. Сумесь хваёвай або яловай смалы з пахучымі рэчывамі. Курыльная смолка. Пахучая смолка.

3. Спец. Сінтэтычнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры закаркоўванні бутэлек.

смо́лка 3, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Лугавая травяністая расліна сямейства гваздзіковых з ружовымі кветкамі і клейкімі зверху сцёбламі. Невысокая трава паабапал стракацела жоўтымі люцікамі, ружовымі смолкамі, сінімі званочкамі. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спако́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць спакойнага. Свежасць твару, кругласць шчок, спакойнасць вачэй, зграбнасць стану, сілу — усё тое, што яна з гадамі непрыкметна, паволі траціла на сваёй дарозе жыцця, усё гэта да крупінкі, да крошачкі знаходзіла ў сваіх дзецях. Дамашэвіч.

2. Адсутнасць шуму, спакой, цішыня. Гарадскі шолам, які спаткаў яго на вакзале і праводзіў да Петрусёвай кватэры, змаўкаў. Забірала спакойнасць бяспечнага прытулку. Гартны.

3. Спакойны стан чалавека, адсутнасць хвалявання, трывогі. У маці знікла ранейшая спакойнасць, самавітасць. Асіпенка. Збліжала яго з Быстровым спакойнасць і вытрымка ў баі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стог, ‑а, м.

1. Вялікая капа сена, саломы. Вось збяром мы травы Сонечнымі днямі І лугі заставім Свежымі стагамі. Астрэйка. На .. [сенажаці] там-сям стаялі ўжо стагі, густа былі раскіданы копы і ляжала яшчэ не згрэбенае, але ўжо парыжэлае сена. Чарнышэвіч. Нібыта шлем зялёны волата, За рэчкай адзінокі стог. Смагаровіч. [Косцік] зрабіў пару ў стозе сена на Белай градзе і там начуе. Баранавых.

2. Разм. Тое, што і стос (у 2 знач.). Стог бліноў стаяў пасярод стала, як асэсар. Бядуля.

•••

Як іголка ў стозе сена гл. іголка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стык, ‑у, м.

1. Месца злучэння, сутыкнення двух канцоў, дзвюх частак чаго‑н. Стык трубаправода. □ Пранёсся на поўнай хуткасці доўгі састаў, цяжка гружаныя вагоны не ляскочуць на стыках, а глуха грукаюць. Навуменка. // Лінія сутыкнення, мяжа. На стыку дзвюх дарог. Стык дзвюх дывізій. □ На стыку пакошы з травой, дзе мы [касцы] пачынаем новую дзялянку, дзяўчаты сустракаюцца з намі. Брыль. На стыку Нёмана і Лошы Цагляны млын стаяў здаўна. Астрэйка.

2. Спец. Тое, што і стыкаванне. Кароткі тэрмін заставаўся да прызначанага дня стыку ўкладак, шмат рабіць трэ’ было яшчэ. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укра́са, ‑ы, ж.

1. Прадмет, прызначаны для ўпрыгожвання каго‑, чаго‑н. Кожны раз хата-пяцісценка .. сустракае мяне абновамі і ўкрасамі. Б. Стральцоў. На ўзвышку .. стаяў мураваны белы палац, высока ўзняўшы пад садам сваю чатырохкантовую вежу, аздобленую рознымі скульптурнымі ўкрасамі. Колас.

2. перан.; чаго. Той, хто (або тое, што) з’яўляецца гордасцю чаго‑н., упрыгожвае што‑н. А дуб — лясоў украса, На ім калышуцца вякі. Бажко. Не мог фельчар мірыцца з тым, што такая ўкраса Зырачан ужо болей не вернецца. Ён быў упэўнены, што пані вернецца назад. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Дайсці да гатоўнасці ў выніку парання. Буракі добра ўпарыліся. □ Выме [баба] чыгунок цёплай вады з печы, укіне пучок травы, пакрые чыгунок зверху скавародкай, каб лепш упарылася тое зелле. Паўлаў.

2. Спацець ад напружанай дзейнасці, цяжкай працы; вельмі стаміцца. Пакуль выкінулі гной з кароўніка ды пакідалі вазы, — упарыліся. Ермаловіч. — А няхай ты скісні! Замарыў мяне, аж лабаціна ўпарылася, — гаворыць Янка і выцірае хустачкаю лоб. Колас. [Ігнат Пятровіч:] — Не крой душы, Вася.. Дапамажы перанесці ў машыну рэчы. Упарыўся адзін... Шашкоў. // Узмыліцца. Упарыліся коні ад шпаркага бегу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)