кама́шы, ‑аў; адз. камаш, ‑а, м.

Разм. уст. Мужчынскія чаравікі, туфлі (першапачаткова чаравікі з гумавымі ўстаўкамі па баках, без шнуроўкі). Хлопец чамусьці прыбраўся як на вечарынку: цёмна-шэрыя каверкотавыя штаны навыпуск.., старанна наглянцаваныя камашы. Хадкевіч. Міхалка падняў нагу і паказаў жоўтыя падношаныя камашы на тоўстай скураной падэшве. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канве́рт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Пакет з паперы для перасылкі пісьма па пошце. У руках маіх — белы, панадны канверт. Цвёрды, відаць, з фотаздымкам. Брыль. Нахлябіч сеў і пачаў .. пісаць. Пасля як мае быць заклеіў лісток у канверт. Чорны.

2. Род коўдры для грудных дзяцей, пашытай у форме пакета.

[Ад фр. convert.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́йчык, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да заяц.

2. Светлая пляма на чым‑н. ад сонечнага прамяня, адбітага бліскучай паверхняй. Сонца прабіваецца сюды [у зараснік] скупа, зайчыкамі блішчыць то на лістку, то на кавалачку чорнай вільготнай зямлі. Мележ. Сонечна зайчык трапіў на шкельцы акуляраў, рознакаляровай вясёлкай мільгануў па сцяне. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́пань, ‑і, ж.

Спец. Прыбярэжная частка ракі, агароджаная змацаваным бярвеннем для затрымкі і сартавання сплаўнога лесу, а таксама і сама агароджа. [Васіль] сышоў з кручы да самай вады і так па беразе пайшоў да запані, дзе ўдалечыні чарнеў буксір. Краўчанка. Дружу з халоднай рэчкай быстраю, — Плыты да запані ганяю. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заплю́шчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Прыкрыцца павекамі, зажмурыцца (пра вочы). [Волечка] зноў цяжка дыхала, твар яе яшчэ больш гарэў і вочы заплюшчыліся. Чорны.

2. Закрыць свае вочы; зажмурыцца. Хлопцы ступілі з сянец у хату і заплюшчыліся пасля цемры. Паўлаў. Ларысе святло .. разанула па вачах, і яна таксама заплюшчылася. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зданнёвы і зда́нневы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўзнікае, паяўляецца, як здань. Нейкія зданнёвыя вобразы, недарэчныя людскія абліччы .. мітусіліся ўваччу. Лынькоў.

2. Нерэальны, уяўны. Лабановіч вандраваў па верханскіх ваколіцах. Яшчэ раз наведаў і тую пляцоўку, з якой можна было бачыць зданнёвы замак. Колас.

3. Няясны, невыразны. Зданнёвы сілуэт дрэва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блізня́ты, ‑нят; адз. блізня і блізнё, ‑ніці, Т ‑нём, н.

Дзеці адной маці, якія нарадзіліся адначасова. Па вуліцы ішлі Хведаравы дзяўчаткі-блізняты. Паўлаў. / у перан. ужыв. Вясною неяк бачыў зводдаль Два азярцы ў цішы лясной. Такія роўныя абодва, Нібы блізняты між сабой. Гілевіч. Нясмелы і няўмелы — блізняты. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

будзёнавец, ‑наўца, м.

Баец Першай Коннай арміі, якой камандаваў С.М. Будзённы ў гады грамадзянскай вайны. Сцёпа і цешыўся з жарэбчыка, і пяшчотна гладзіў па лысінцы, і называў яго самымі ласкавымі словамі. А гэта дзядзьку Мікалаю, старому будзёнаўцу, надта спадабалася. Якімовіч. Ішла будзёнаўцаў калона, Спынілася ля нашых хат. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяро́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Верхні белы слой бярозавай кары. [Бародка] стаяў на каленях і шчапаў з тоўстага сасновага палена лучыну, клаў яе ў пліту, пасля з бярозавага кругляка абдзёр бяросту, падпаліў. Шамякін. Дзед Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прызнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лётаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і лятаць. Над дарогай лёталі ластаўкі. Шамякін. Будзь пілотам, З самалётам, Як арол, у небе лётай. Колас. Сорак гадоў бабе, а лётае па выстаўках, прэм’ерах ды літаратурных вечарах, як інстытутка. Мехаў.

•••

Летам лётаць — тое, што і лётам ляцець (гл. ляцець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)